МІНСК, 18 кас - Sputnik. Чарговая спроба рэвалюцыі ў Беларусі будзе падчас рэферэндуму ў канцы лютага 2022 года, сказаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам КДБ.
"Звярніце ўвагу: сітуацыя застаецца напружанай. Дата чарговай спробы рэвалюцыі - перыяд правядзення Канстытуцыйнага рэферэндуму", - заявіў ён.
Нагадаем, папраўкі ў Канстытуцыю Беларусі будуць вынесены на рэферэндум у канцы лютага 2022 года.
Канстытуцыйныя змены
Раней старшыня Канстытуцыйнай камісіі Пётр Міклашэвіч паведаміў, што ўсяго прапанавана змяніць 53 артыкулы Асноўнага закона, увесці 14 новых артыкулаў і 2 артыкулы выключыць.
У ліку асноўных прапаноў - захаванне прэзідэнцкай формы кіравання і правядзенне пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж прэзідэнтам, парламентам і ўрадам, зыходзячы з канстытуцыйных функцый. Акрамя таго, плануецца ўсталяваць і замацаваць канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу.
Захад хоча змены ўлады ў Беларусі
Прымаючы ў панядзелак кадравыя рашэнні ў сістэме дзяржаўнай бяспекі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калектыўны Захад працягвае ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і хоча як мага хутчэй змяніць уладу ў краіне. Для гэтага яны задзейнічаюць санкцыі, фінансуюць пратэсты, экстрэмістаў і тэрарыстаў, рыхтуюць баявікоў.
"Мы гэта не проста ведаем, мы з гэтым працуем... Самае небяспечнае для нас - знішчэнне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта мы павінны памятаць. Разумець і адчуваць кожны дзень і кожную гадзіну, асабліва вы", - звярнуўся ён да кіраўнікоў КДБ.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры гэтым выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Паводле яго слоў, разгорнута сапраўдная псіхалагічная вайна, мэта якой - паказаць беларусам негатыўны вобраз улады.
"Гэтыя методыкі ўздзеяння накіраваны на супрацоўнікаў дзяржапарату і сілавікоў з мэтай пераканаць іх у адсутнасці падтрымкі з боку насельніцтва, у якога зарадзілася сумневы ў правільнасці дзяржаўнага палітычнага курсу", - удакладніў прэзідэнт, яго цытуе БелТА.
Лукашэнка праінфармаваў, што замежныя спецслужбы вывучаюць абстаноўку на беларускіх прадпрыемствах і спрабуюць выклікаць забастоўкі. У бліжэйшы час, паводле яго слоў, дыверсіі плануюцца на аб'ектах абароннага комплексу, эканомікі, жыццезабеспячэння.
Беларускую разведку трэба трансфармаваць
Ад КДБ кіраўнік беларускай дзяржавы запатрабаваў больш эфектыўнай работы, асабліва на знешнім контуры.
"Яе (разведку - Sputnik) неабходна трансфармаваць у падраздзяленне, здольнае вырашаць стратэгічныя задачы, ўзмацняць наступальнасць, нарошчваць патэнцыял агентурнай разведкі і іншыя метады і формы, пра якія вы ведаеце", - канстатаваў ён.
Галоўнай задачай для камітэта дзяржбяспекі застанецца выяўленне намераў замежных спэцслужбаў да закрытай службовай інфармацыі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў.
Чытайце таксама:
ГУБАЗіК: шэраг Telegram-каналаў хутка прызнаюць экстрэмісцкімі фарміраваннямі
Лукашэнка: для абароны інтарэсаў СНД на сусветным рынку трэба аб'яднаць намаганні
Лукашэнка расказаў, што можа прывесці да рэвалюцыі