МІНСК, 29 кас – Sputnik. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў актыўна развіваць у краіне вытворчасць электробусаў, аб гэтым ён заявіў у пятніцу падчас паездкі на Добрушскую папяровую фабрыку.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія аўтобусы трэба вырабляць і пастаўляць заказчыкам, каб хутчэй заняць рынак.
"Трэба зрабіць і хутчэй аддаць. Гэта вельмі важна для нас - заняць рынак", - цытуе яго БелТА.
Паводле яго слоў, збіраць тэхніку можна на дадатковых плошчах і рацыянальна задзейнічаць магутнасці завода МАЗ: калі знізілася вытворчасць і продажы грузавікоў, варта заняцца аўтобусамі.
Гаворачы аб перспектывах электробусаў, віцэ-прэм'ер Юрый Назараў сказаў прэзідэнту, што "яны найвелізарныя".
Унікальнае прадпрыемства
Аб намеры наведаць Добрушскую папяровую фабрыку, дзе ўжо некалькі гадоў будаваўся кардонны завод, Аляксандр Лукашэнка заяўляў у чэрвені гэтага года.
Праектныя магутнасці завода - каля 200 тысяч тон кардона ў год. Выхад на гэтыя паказчыкі чакаецца ў 2022 годзе.
Плануецца, што на ўнутраны рынак пойдзе 20 працэнтаў прадукцыі, астатняе адправяць на экспарт. Сыравінай для вытворчасці стане цэлюлоза і драўніна асіны і бярозы.
"Эпапея з будаўніцтвам гэтага ўнікальнага прадпрыемства (яно ўзводзілася з 2015 года - Sputnik) скончылася. Напэўна, гэта ў нейкай ступені для нас навука. Але я задаволены, што мы завяршылі гэту будоўлю", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Рэсурсаў недастаткова
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што для вытворчасці беларускага кардона неабходна выкарыстоўваць увесь існуючы драўняны рэсурс. Аднак магутнасці фабрыкі не дазволяць перапрацаваць усю драўніну.
У сувязі з гэтым, паводле слоў віцэ-прэм'ера Назарава, можна пабудаваць цэх па вытворчасці кардоннага паўфабрыката - беленай хіміка-тэрмамеханічнай масы - на пляцоўцы "Магілёўхімвалакно".
Такое прадпрыемства можа каштаваць 200-250 млн долараў, зазначыў намеснік прэм'ер-міністра, ужо вядуцца перамовы з інвестарам. Прэзідэнт даручыў прапрацаваць пытанне, ці можна стварыць гэтае прадпрыемства за кошт дзяржаўных сродкаў.
Грошы з неба не падаюць
Стварэнне новай вытворчасці кардону ў Добрушы дае добрыя магчымасці для горада і краіны ў цэлым, лічыць Лукашэнка. На фабрыку таксама закупяць дадатковае абсталяванне для работы з ліставым кардонам. З заробкамі супрацоўнікаў таксама ўсё павінна быць добра, упэўнены прэзідэнт. Гэта будзе залежаць ад таго, калі прадпрыемства выйдзе на праектную магутнасць - 200 тысяч тон кардона ў год.
"Усе ў вашых руках. Вы разумееце, што з неба грошы не падаюць, іх трэба зарабляць", - растлумачыў беларускі лідар, размаўляючы з работнікамі прадпрыемства.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што дзяржава шмат зрабіла для таго, каб на фабрыцы з'явіўся новы кардонны цэх, і папрасіў: "Захавайце гэта прадпрыемства і жывіце дружна".
Таксама на Sputnik:
Будучыня побач: у Мінску пачнуць курсіраваць першыя беспілотныя электробусы
На вуліцы Мінска і абласных гарадоў выйдуць новыя электробусы – відэа
Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі выканае буйны заказ для арміі Расіі
Парк абнаўляецца: новыя аўтобусы і электробусы пачалі працаваць у Мінску
Лук'янаў: МНПЗ - гэта прыклад выбудоўвання гарызантальных сувязяў з Расіяй
Новы аўтобус МАЗ з абеззаражнікам і "антысном" выпрабуюць у Сочы
Больш за палову грамадскага транспарту Мінска выпрацавала свой тэрмін
МТЗ рыхтуе доследную партыю трактароў з электрапрывадам для Кітая