"Лапцёвыя" звычаі, або "Зручны абутак бы добры сябра…"

Этнограф Ларыса Мятлеўская разважае пра жыццёвыя цікавосткі звычайнага лапця і распавядае, як з яго дапамогай "павыцягвацца з дзевак".
Sputnik
Рэдка хто стане спрачацца, што набыццё новага абутку справа важная і ў нейкай ступені абстаўлена пэўнай урачыстасцю. Многім вядома, каб прыдбаць добрыя чаравікі або боты, часам трэба абыйсці не адну краму. А як жа іначай? Зручны абутак бы добры сябра: не падвядзе ні ў дарозе, ні пры важнай справе.

"Бот лапцю не таварыш"

Як элемент касцюма, абутак калісьці быў асаблівым пасведчаннем радавой прыналежнасці. Так, у глыбокай старажытнасці ў кожнага рода была свая форма скуранога абутку, аздобленага ўзорамі, якія мелі магічны характар. Ішоў час, мода на форму і матэрыял, з якога выраблялі абутак, змянялася і нарэшце ён ператварыўся ў своеасаблівы маркер, паказчык сацыяльнага статусу ўладальніка. Вядома ж – "бот лапцю не таварыш".
І ўсё ж, не гледзячы на тое, што скураны абутак дорага каштаваў, амаль кожны селянін меў боты "на выхад", якія часта перадаваў у спадчыну сыну. Шылі скураныя боцікі-шнураванкі і дзяўчыне на выданні. Іх яна абувала, ідучы ў люднае месца, напрыклад, у царкву або на кірмаш. Сялянкі ўзгадвалі, як шануючы боцікі, ішлі да царквы ў лапцях або басанож і толькі перад уваходам у храм абувалі боцікі або чаравічкі.
Больш даступнымі і зручным у штодзённым карыстанні абуткам сяляне лічылі лапці ці пасталы. Тым больш, што, каб у кожнага – ад малога да старога – быў абутак, клапаціўся гаспадар. Плесці лапці спрадвеку мужчынскі абавязак.
Так заўжды было і ў маёй сям’і, дзе і дзед, і тата ўмелі не толькі рамантаваць абутак, але і яго шыць. Дзед, Андрэй Савельявіч Грыб, пачаў працаваць на мінскай чыгунцы яшчэ да рэвалюцыі, але ў рэдкія ад службы часы шыў боты і вупраж для коней. Рабіў ён гэта па-майстэрску. У сям’і захавалася гісторыя, як ў часы калектывізацыі дзед аддаў у калгас каня разам з вупражжу. У хуткім часе яму спатрэбіўся конь, але добрая вупраж аказалася скрадзенай. Моцна раззлаваўшыся,Андрэй Савельявіч забраў каня і назаўсёды выйшаў з калгасу. Шыла, драўляныя цвічкі, адмысловы малаток, нож для раскройвання скуры і металічная "лапа" заўсёды ляжалі ў дзедавым кутку. У часы акупацыі дзед рамантаваў і шыў абутак не толькі для сваёй сям’і але і для аднавяскоўцаў.
Вядома ж, скураны абутак заўсёды дорага каштаваў і яго бераглі. Іншая справа – лапці або пасталы, якія выпляталі ў вялікай колькасці. І хоць у маёй сям’і лапці не насілі, але ў Беларусі пляценне гэтага абутку захоўвалася ў некаторых мясцовасцях да сярэдзіны ХХ ст. Вось як гэта калісьці было.

Лыка – вязаць!

Удзень гаспадар завіхаўся на двары, а ўвечары праца працягвалася ў хаце, якая з-за халадэчы часова ператваралася ў майстэрню. Калі гаспадар быў заможны, то да хаты прыбудоўвалася цёплая майстэрня з грубкай, паліцамі для прылад, з варштатам і нават ложкам для кароткага адпачынку. Але часцей гэта быў куток у хаце, дзе гаспадар, не перашкаджаючы жанчынам ткаць і прасці, мог рамантаваць вупраж, віць вяроўкі, плесці кашы і лапці. Разам з бацькам вучыліся гэтай рабоце і хлопчыкі, каб падлеткамі маглі нарыхтоўваць сабе лапці самастойна.
Лапці – традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лазовага ці ліпавага лыка, пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Для вырабу лапцей у траўні-чэрвені нарыхтоўвалі кару з маладых дрэў ліпы – лыка. Надранае лыка скручвалі ў скруткі і вешалі ў клеці або на гарышчы хаты. Перад выкарыстаннем скруткі размочвалі ў цёплай вадзе каб лыка стала эластычным. У залежнасці ад тэхнікі вырабу вылучаліся два тыпы лапцей прамога і касога пляцення.
У кожнага віда лапцей было сваё прызначэнне
Глыбокія кавярзні, лапці-шчарбакі амаль з адной падэшвы, зрачыя лапці, у якіх насок пасярэдзіне зверху меў "вока", і пахлапні – у кожнага віда было сваё прызначэнне:
- кавярзні насілі круглы год,
- шчарбакі – пераважна ўлетку на палявых работах,
- зрэдку лапці падшывалі сукном або скурай і тады іх называлі пасталамі. Лапці і пасталы ўлетку надзявалі на палатняныя анучы, а зімой на суконкі. Дробная шляхта замест ануч ужывала шарсцяныя панчохі,
- святочныя лапці пахлапні або пахрасні былі пашыраны на беларуска-рускім памежжы і лічацца рускім запазычаннем. Па форме яны нечым нагадвалі гумовыя галёшы і былі святочным абуткам, які насілі некалькі гадоў. Рабілі такія лапці на драўлянай калодцы па памеру нагі, шчыльна падганяючы адна да адной вузкія, ачышчаныя ад кары, палоскі лыка. Пахлапні можна было замовіць у рамеснікаў, якія выраблялі іх на продаж.

Герой казак і прымавак

Лічылася, што сплесці лапці – работа зусім простая. У народзе казалі: "Лёгка, як лапці сплесці". І наадварот, пра складаную працу, якая патрабавала ўмельства, казалі: "Гэта табе не лапці плесці", або "Гаспадарку весці – не лапці плесці".
А вось нешта недарэчнае ў жыцці ці нікчэмнае ў характары часта параўноўвалі з мокрымі, стаптанымі лапцямі, якія выглядалі не прывабна. Так, пра зусім дурнога чалавека з насмешкай казалі, што ён "дурны, як лыкавы лапаць", пра непрывабнага – "як мокры лапаць", пра разгубленага – "як лапці пацяраўшы", пра вясёлага і задаволенага – "як лапці прадаўшы". Калі чалавек у гутарцы дазваляў сабе нетактоўнасць, глупства і нават грубасць, то пра яго казалі: "Ляпнуў, як лапцем па гразі пляснуў" або "ляпнуць, як лапцем (атопкам) па цымбалах", "папасці, як лапцем у зубы".
"Ляпнуць, як лапцем па цымбалах", - казалі пра нетактоўнага чалавека
Наогул, лапаць – герой шматлікіх прымавак, казак, частушак, а таксама важных сямейных абрадаў, такіх як хаўтуры, наваселле, вяселле і інш. Некаторыя з гэтых звычаяў дажылі да ХХ ст. З іх адгалоскамі давялося сутыкнуцца ва ўласнай хаце, якую пабудаваў у 1919 годзе прадзед. Падчас рамонта на гарышчы быў знойдзены адзінокі лапаць, аб якім ніхто не ведаў. Па ўспамінах старэйшых у тыя часы лапцямі ўжо ніхто не карыстаўся, і стала зразумела, што гэты экзэмпляр – удзельнік калісьці распаўсюджанага абраду пераезду Дамавіка ў новую хату. Верылі, што наяўнасць гэтага лапця ў хаце абяцала сям’і дабрабыт, і таму яго хавалі ад чужых вачэй.
У Столінскім р-не ў вёсцы Цераблічы моладзь, сустракаючы вясну, ладзіла вогнішча, на якім палілі стаптаныя лапці, сабраныя па сметніках з усёй вёскі. Пры гэтым існавала пэўнае спаборніцтва на колькасць сабраных лапцей.
У колішняй беларускай вясельнай абраднасці падчас сватання лапці-пасталы хлопец рабіў прапанову рукі і сэрца не пярсцёнкам, а парай зграбных лапцей, якія сплёў самаруч. Працягваючы дзяўчыне пару лапцей, ён пытаўся: "Ці падабенькі мае пасталенькі?". Калі дзяўчына адказвала "так", то можна было рыхтавацца да вяселля.
А бывала й так.

Сваты з чужой вёскі пры дапамозе пары лапцей шукалі патэнцыяльную нявесту. Каб не заходзіць у хату, без папярэдняй дамоўленасці праз вакно або дзверы закідалі звязаныя паміж сабой лапці і чакалі. Калі лапці ляцелі на двор, то гэта азначала адмову. Іх падбіралі і ішлі далей, пакуль не знаходзілі сям’ю, дзе лапці прымалі. І яшчэ. У вазок нявесты, калі тая ўжо ад’язджала да жаніха, сяброўкі клалі свае лапці, каб "павыцягвала іх з дзевак".

З дапамогай трапнага выслоўя старэйшае пакаленне навучала моладзь правільна ставіцца да жыццёвых абставін. Пра неабходнасць сур’ёзна ставіцца да жаніцьбы, якая мяняе жыццё чалавека, і непажаданасці легкадуімнага стаўлення да замужжа, казалі: "Жанідзьба не лапаць – з нагі не скінеш" і "Замуж ісці – не лапці плясці". Дзяўчатам, якія шукалі ў хлопцах хараства,падказвалі, падкрэсліваючы, што не знешні выгляд важны для сужэнца, а яго адносіны да жонкі: "Хай той чалавек, як лапаць, абы з ім не плакаць". Увогуле пару лапцей успрымалі як неразлучную, дружную сямейную пару. Пра такіх казалі: "Антось ды Тадора – што лапаць ды абора".
Меў дачыненне лапаць і да пахавальных абрадаў. Вера ў тое, што ў памерлага павінны быць абавязкова новы абутак сустракаецца і цяпер. Яна паходзіць з тых часоў, калі нябожчыку клалі ў труну пару новых лапцей, якія ён мусіў "знасіць у дарозе" на той свет.
Лапаць таксама мог лічыцца сімвалам беднасці і нават падману, асабліва, што датычылася сну. Так, сніць сябе абутым не ў боты, а ў лапці, прадракала абядненне праз кражу. Дарэчы, усім вядомае народнае выслоў’е "абуць у лапці" азначала падман у грашовых справах і нават давядзенне да жабрацтва. А пра марнае, бязрадасна пражытае жыццё з сумам казалі: "Жытку як у лапцях стапталі".
Цяпер лапці ўжо ніхто не носіць, іх можна ўбачыць толькі ў кіно, у музеі і ў сувенірнай краме. Ды народныя майстры яшчэ захоўваюць навыкі пляцення гэтага, як цяпер бы сказалі, зручнага "экаабутку". На змену лапцям прыйшоў абутак з новых матэрыялаў, а лапці ператварыліся ў сімвал працавітага чалавека, здольнага сумленнай працай палепшыць сваё жыццё.
Заставайцеся здаровыя і мудрасці вам нашых продкаў!
Шлюбныя вячоркі, або "На Пакровы раве дзеўка, як карова…"
Чытайце таксама:
"Нядзеля – дзень не для дзела": вучымся гатаваць і адпачываць па-беларуску
"Бруха лубком, хвост верацяном…", або Згадкі пра "попрадкі"
"Прыйшла Першая Прачыстая – поле чыстае, Другая прыйшла - усю гародніну падняла"
Ад містыкі да гаспадаркі: адкуль у звычайнага нажа незвычайныя прыкметы?