Шлюбныя вячоркі, або "На Пакровы раве дзеўка, як карова…"

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяЗапрашаем на вячоркі
Запрашаем на вячоркі - Sputnik Беларусь, 1920, 17.10.2021
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра найлепшы для вяселляў час і раіць дзяўчатам, як з дапамогай апалоніка ўтрымаць хлопца
Па нябеснай дарозе коціцца сонечнае кола часу. Здаецца нядаўна моладзь гукала вясну, скакала парамі праз купальскае вогнішча і вось ужо адбыліся Пакровы. Надыходзіць час заключэння шлюбаў, які ў даўнія часы падначальваўся сезонам па гаспадарчым цыкле і моцна залежыў ад царкоўнага календара.

Пакроўскія гульні моладзі

Шлюбы не заключаліся падчас вялікіх пастоў, якія прыпадалі на снежань і сакавік-красавік. Большая частка вяселляў адбывалася ў лістападзе па завяршэнні ўборкі ўраджаю і лютым падчас Масленіцы. Найлепшым для вяселляў лічыўся час ад Пакроваў да канца лістапада, калі пачынаўся перадкалядны пост. Нездарма ж у народзе склалі показку: "На Пакровы раве дзеўка, як карова".
Калі пара з хлопца і дзяўчыны яшчэ не была складзена, то за даволі кароткі час трэба было яе знайсці і абвясціць бацькам аб сваім выбары. Калі бацькі давалі згоду, то сям’я пачынала актыўна рыхтавацца да шлюбу. Напрацягу некалькіх тыдняў трэба было зладзіць цэлы шэраг перадвясельных абрадаў. Сватанне, малыя і вялікія заручыны, змовіны, запоіны і іншыя не менш важныя абрады папярэднічалі царкоўнаму або касцёльнаму шлюбу. Маючы паміж сабой пэўныя інтэрвалы, усе яны прыпадалі на канец кастрычніка і пачатак лістапада.
Для таго, каб паскорыць знаёмствы моладзі шлюбнага ўзросту, у вёсках пад наглядам старэйшых ладзілі вячоркі. Часта хату для вячорак наймалі ў бяздзетных удоў або жанчын, якія жылі асобна. Ім плацілі дровамі, хлебам, крупамі, часткай пражы, дамовай выканаць пэўную працу і інш.
© Sputnik / Альфрэд МікусДзяўчаты ў пачатку пакроўскіх вячорак пралі або вышывалі
09 Берагіня-2021 у пасёлку Акцябрскі - Sputnik Беларусь, 1920, 15.10.2021
Дзяўчаты ў пачатку пакроўскіх вячорак пралі або вышывалі
Больш старанна прыбраныя, як у звычайныя дні, дзяўчаты ў першую частку такога вечара пралі або вышывалі. А каб не было сумна, на гэты час запрашалі жанчыну, якая ўмела добра "баяць" казкі і розныя павучальныя гісторыі. Гісторыя захавала імя Матруны Бохмат, жыхаркі вёскі Чудзін, што на Случчыне, якая памятала не менш як 50 казак.
Казкі дзяліліся на авантурныя – страшныя, вясёлыя – смешныя, нецэнзурныя – сарамлівыя, якія не распавядалі пры дзецях да 12 гадоў. Вось як пачыналася большасць гэтых казак:
"Быў сабе дзед і баба, да было ў іх тры сыны, два разумных, а трэці дурань…",
ці
"Быў сабе багаты мужык…",
або
"Была сабе адна ведзьма…",
а яшчэ
"За гарамі, за лясамі жыў змей або дванаццаць разбойнікаў…" і г.д.
Лічылася, што казка чым даўжэйшая, тым лепшая. Часам некаторыя асабліва здольныя баі лучылі адразу некалькі казак у адну і нават імправізавалі. Народныя краснабаі маглі казаць або баіць казкі цэлымі гадзінамі, прыкоўваючы ўвагу зацікаўленых слухачоў і заканчваючы заўсёды так:

"І я там быў,

мёд, віно піў,

і ў році ні было,

па барадзе пацякло,

узяўся за вуха,

а ў роце суха".

Звычайна падобныя словы былі знакам адкласці ў бок кудзелю і прыступіць да другой часткі вячорак, якую ўсе чакалі з нецярплівасцю. Праца заканчвалася пачастункамі, спевамі і танцамі. Для танцаў наймалі музыкаў, якія гралі цэлы вечар.
© Sputnik / Альфрэд МікусАбраўшы дзяўчыну, хлопец запрашаў яе танцаваць
15 Берагіня-2021 у пасёлку Акцябрскі - Sputnik Беларусь, 1920, 15.10.2021
Абраўшы дзяўчыну, хлопец запрашаў яе танцаваць
Хлопцы на "попрадках" гасцявалі і нічога не рабілі. Іх задачай было прыглядацца да дзяўчат, іх умення сябе паводзіць і выконваць працу. Абраўшы дзяўчыну, хлопец запрашаў яе танцаваць, частаваў гасцінцамі (гарбузікі, арэхі, сухафрукты) і ў далейшыя дні "попрадак" ужо не запрашаў на танец іншую дзяўчыну. Змена дзяўчат выклікала асуджэнне. Але за адзін вечар хлопцы маглі наведаць некалькі хат, дзе адбываліся "попрадкі". Каб затрымаць іх каля сябе, дзяўчаты ішлі на розныя хітрыкі:
раскідалі сцяжынкі ад хаты да дарогі,
крычалі ў комін,
ад парога да покуці мялі смецце, пакінутае хлопцамі пасля папярэдніх вячорак
і… хавалі ў печы апалонік! Верылі, што пакуль апалонік у печы, хлопцы застануцца ў гэтай хаце. Чаму менавіта апалонік? Можа разгадка ў тым, што гаршчок са смачнай стравай яднае вакол сябе сям’ю, бо з дапамогай апалоніка гаспадыня надзяляе стравай кожнага сямейніка.
Дарэчы часта вячоркі танцамі не завяршаліся. Выправіўшы хлопцаў з хаты, дзяўчыны заставаліся ў ёй на некаторы час, каб паваражыць. Так, у Ельскім раёне, што на Гомельшчыне, узгадваючы маладосць, сялянкі часам і цяпер апавядаюць незразумелае сучасніку:

"Возьмуць да рошчэшуць косы грэб’ёнкаю, тэю, што мічуць*, да штоб ніхто не чуў, ложыліса, пуд подушку грэб’ёнку ложаць: "Здайса ў сне, с кім я стану ў пары на весні". То прыйдуць з гулянкі цёмно, ужэ ўсі спяць. Штоб ніхто не говорыў до цебе і ты ні з кім не говоры, бо як заговорыш, то ўсё пропало".

Усё проста, каб пашанцавала зазірнуць у будучыню, варажыць трэба ўпотай і моўчкі. Недапушчаныя да варожбы, хлопцы не разыходзіліся. З намерам пажартаваць над дзяўчатамі яны страшна пужалі іх, калі тыя вярталіся дадому.
*Мічыць – падрыхтоўваць льняное валакно да прадзення. Невялікую колькасць валакна добра вычэсваюць драўлянай грабёнкай і складаюць "гармонікам", каб яно ў выніку магло змясціцца ў далоні. Такім чынам апрацаванае валакно называлася "мічкай". У Столінскім раёне Брэсцкай вобласці гэты працэс называўся "мучкі мучыць" і быў папярэднім прадзенню.
© Sputnik / Альфред Микус"Бабіна дарога ад печы да парога..."
У Пласток на квасок – свята традыцыйнай народнай стравы - Sputnik Беларусь, 1920, 15.10.2021
"Бабіна дарога ад печы да парога..."

З апалонікам да стравы

Бясконцы жаночы клопат. Дзяўчаты рупяцца выйсці замуж, а жанчыны ўзгадваюць: як гэта добра было ў дзеўках, бо бабіна дарога ад печы да парога! Застаецца толькі ўздыхнуць і ўзяць у рукі апалонік, каб пачаставаць вас новай беларускай стравай.

Поліўка жытняя

З чаго гатаваць:
50 г жытняга хлеба,
25 г сушаных грыбоў,
1 морква,
1 цыбуліна,
1 ст лыжка тлушчу,
1,2 л мяснога булёну,
0,5 шклянкі смятаны,
соль.
Як гатаваць. Загадзя замочаныя грыбы адварыць, потым нашаткаваць. Зварыць булён з кавалачка свініны або з мясных костак, працадзіць праз складзеную ўдвая тканіну. Жытні хлеб нарэзаць лустамі, падсушыць у духоўцы і стаўчы, заліць невялікай колькасцю гарачага булёну, накрыць, астудзіць. Працерці хлебную масу праз сіта, змяшаць з рэштай мяснога булёну, уліць грыбны адвар.
Абсмажыць на тлушчы дробна парэзаную цыбулю і натаркаваную моркву, пакласці ў булён, які кіпіць, і дадаць туды нашаткаваныя грыбы, пасаліць і варыць яшчэ 7-10 хв.
Падаваць поліўку са смятанай.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Этнограф: самыя шчаслівыя шлюбы бяруць на Пакроў
"Прыйшла Першая Прачыстая – поле чыстае, Другая прыйшла - усю гародніну падняла"
Ад містыкі да гаспадаркі: адкуль у звычайнага нажа незвычайныя прыкметы?
Яблык ад яблыні, або Дрэва жыцця ў лёсе нашых продкаў
Стужка навiн
0