МІНСК, 2 ліс – Sputnik. Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды школьніку Раману Кагадоўскаму і медыцынскім работнікам, якія яго выратавалі.
Да пачатку цырымоніі для яе ўдзельнікаў правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці.
Прэзідэнт Беларусі ўручыў Раману ордэн "За асабістую мужнасць".
Узнагародамі і падзякамі таксама адзначылі медыкаў гарадской бальніцы хуткай дапамогі Мінска.
Рома Кагадоўскі ў Палацы Незалежнасці
© Photo : Минздрав Беларуси
У прыватнасці, заахвоцілі камбустыёлага-хірурга дзіцячага апёкавага аддзялення Ігара Зелянко, яму ўручылі медаль "За працоўныя заслугі". Такі ж медаль уручылі анестэзіёлагу-рэаніматолагу Марыне Маркевіч.
Анестэзіёлагу-рэаніматолагу, загадчыцы аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Ларысе Залатухінай і аперацыйнай медсястры Валянціне Казарэзавай уручаны падзякі ад кіраўніка дзяржавы.
Дэкан хірургічнага факультэта БелМАПА, галоўны пазаштатны камбустыёлаг міністэрства аховы здароўя Аляксей Часнойць узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Рома Кагадоўскі ў Палацы Незалежнасці
© Photo : Минздрав Беларуси
Як паведамляе Telegram-канал "Пул Першага", блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, прэзідэнт асабіста правёў экскурсію па сваім кабінеце для Ромы Кагадоўскага.
На апублікаваных фота Раман знаходзіцца за працоўным сталом кіраўніка дзяржавы. У гэты момант Аляксандр Лукашэнка яму нешта расказвае і трымае ў руках папку з дакументамі.
На яшчэ адной фатаграфіі беларускі прэзідэнт разам з Ромай стаяць каля вялікага глобуса і пра нешта гутараць.
Рома Кагадоўскі на сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Палацы Незалежнасці
© Photo : Telegram / Пул Первого
Гісторыя з Ромай Кагадоўскім
Нагадаем, 29 красавіка Рома Кагадоўскі на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата Ваню ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна. Пасля чаго адразу ж страціў прытомнасць. Апроч апёкаў на твары і руках хлопца былі моцныя парэзы ад разбітага шкла.
Было дыягнаставана камбінаванае паражэнне: тэрмічны апёк галавы, шыі, тулава, верхніх і ніжніх канечнасцей, тэрмаінгаляцыйная траўма цяжкай ступені. Плошча паражэння склала больш за 65%. Рамана падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
З Мядзельскай ЦРБ дзіця даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр БХМД. Транспарціроўку ажыццяўляў верталёт МНС Мі-8 з медыцынскім модулем на борце.
У краіне запусцілі акцыю ў падтрымку маленькага героя: пад хештэгамі #Ромаживи і #Ромагерой неабыякавыя людзі пакідалі пажаданні здароўя 12-гадоваму Роме. Да акцыі далучыліся школьнікі з розных куткоў рэспублікі, музыканты.
Раман Кагадоўскі пяць месяцаў праходзіў рэабілітацыю і перанёс больш за 20 аперацый па перасадцы скуры. Яго лячылі найлепшыя медыкі краіны. Лукашэнка асабіста трымаў на кантролі сітуацыю з падлеткам, які пацярпеў падчас пажару.
Чытайце таксама:
Школьнік, які выратаваў маленькага брата на пажары, узнагароджаны ордэнам
Медыкі распавялі аб стане 12-гадовага Ромы, які выратаваў на пажары брата
Лекар аб стане Ромы, які выратаваў брата на пажары: без ШВЛ пакуль не спраўляемся