Усё мацней адчуваецца набліжэнне зімовага Сонцавароту, які адбудзецца з 21 на 22 снежня. І хоць кароткія і цьмяныя дні Піліпаўкі працягваюцца, усё ж у прыродзе бачны амаль не заўважныя зрухі. Неба паціху падымаецца вышэй, і сонейка, прабіваючыся праз тоўстае покрыва хмар, здаецца свеціць крыху весялей.
У народным календары бягучы тыдзень выдаўся на рэдкасць багаты на прысвяткі, якія калісьці падбадзёрвалі вясковы люд, абяцаючы надыход новага года, што абавязкова прынясе кожнаму сваю радасць.
Так у панядзелак, 13 снежня, былі Андросы і дзяўчаты варажылі на лёс, у аўторак шкалярам варта было б прасіць Навума, які дапамагае вучыцца, аб добрых адзнаках у дзённіку. Пра Навума ў народзе казалі, што "Прарок Навум наставіць на вум". У пятніцу, 17 снежня, быў клопат гаспадыням, бо святкаваліся Варвары – дзень, які ў хрысціянскай традыцыі адзначаецца ў памяць аб пакутніцы Варвары.
Тры "святкі" на Піліпаўку
Мабыць, калісьці прысвятак Варвары лічыўся днём зімовага сонцастаяння, бо ў народзе сцвярджалі, што ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень. Пакуль толькі "на вераб’іны крок", таму казалі, што:
"Варвара ноч уварвала, а дня прытачыла".
Па народных уяўленнях з гэтага дня пачыналася сапраўдная зіма – з завеямі і моцнымі маразамі. Таму раілі апранаць рукавіцы і надзейна хаваць нос ды вуха:
"Прыйдзе Варвара, маразы і завараць".
Варвара лічылася заступніцай хатняй жывёлы, таму ў гэты дзень, каб лепш пладзілася і вялася скаціна, жанчыны ляпілі з пшанічнага цеста галовы, рогі, вушы, ногі, капыты і – кармілі спечаным худобу.
Частавалі смачным і мясцовых пастухоў, якія ў гэты дзень збіралі "варваршчыну" – частку традыцыйнай платы за працу ўлетку. Варэнікамі з мёдам, макам або цёртымі каноплямі частаваліся ў Ашмянскім павеце ў вёсках, блізкіх да рэк. Гэта рабілі, каб жывёла і дзеці не ўвальваліся ў ваду і не тапіліся. Днём "варэнікаў" Варвары былі і на Палессі, дзе дзеці хадзілі іх смакаваць да сваіх бабуль.
Пірог з макам і грушамі
© Sputnik / Людмила Янковская
Часта напярэдадні вялікіх маразоў на Варвары ўсталёўвалася параўнальна цёплае надвор’е. Тады казалі, што "гэта Варвара варыць", і пяклі з нагоды свята пірагі з макам, якія называлі "варэнне", а таксама гатавалі рознымі спосабамі варэнікі. Чаму так? Ды таму, што назвы гэтых страў сугучны імені Варвары і гэтак, праз пачастунак, жанчыны спадзяваліся на заступніцтва і спагаду святой.
Завяршаюць тыдзень Савы і Мікола Зімовы. У Лельчыцкім раёне і цяпер кажуць, што на Піліпаўку ёсць тры "святкі" – яны ідуць адзін за адным – Варвары, Савы і Міколы. Гэткае своеасаблівае сямейства, бо Варвару называлі Міколінай маткай, а Саву – ягоным бацькам. Каб звярнуць асаблівую ўвагу на гэтыя дні і зацвердзіць за імі статус вольнага ад працы часу ў народных прымаўках Мікола звяртаўся з патрабаваннем: "Святкуй мяне і майго бацьку!".
І святкавалі, асабліва жанчыны, бо афіцыйна забаранялася прасці, снаваць і ткаць. Хоць цяпер і рэдка хто займаецца ткацтвам, гэтыя дні – знак для цяперашніх гаспадынь, што наперадзе ёсць некалькі дзён адпачынку і варта адкласці ў бок вязальныя спіцы, кручкі і іголкі. А вось "паваражыць" на кухні – гэта будзе правільна! І калі Андросы – дзявочае свята, то Варвары лічыліся "бабскім".
На Савы таўклі ячмень на куццю і плялі лапці, а на Міколу зусім нічога не рабілі, адпачывалі, ушаноўвалі самага любімага святога, які лічыўся заступнікам усіх несправядліва пакрыўджаных, падарожнікаў, жабракоў, дзяцей, жывёл. У Парэцкім павеце дзяўчаты клікалі хлопцаў на "мікольскія бліны", а на Случчыне з нагоды "святка" казалі:
"Мо ніхто так не ратуе на вадзе, ў дарозе ці на вайне, як святы Мікола".
Посцім смачна
Узгадваючы народныя звычаі, прыгатуем і мы некалькі нацыянальных смачных страў, якія руплівыя гаспадыні падавалі ў пост.
Суп са свежымі грыбамі
З чаго гатаваць:
300 г свежых грыбоў,
3 бульбіны,
1 морква,
1 корань пятрушкі (кавалачак кораня сельдэрэю),
1 цыбуліна,
50 г алею,
1 ч л мукі,
перац гарошкам,
лаўровы ліст,
зеляніна кропу, пятрушкі (свежая або сухая),
соль.
Як гатаваць. Падрыхтаваныя свежыя або марожаныя грыбы (вешанка, пячурыцы, лясныя) абліць кіпенем, адціснуць, парэзаць і варыць разам з карэннем каля 30 хвілін. Затым у суп пакласці нарэзаную кубікамі бульбу, падсмажаную на алеі дробна нашаткаваную цыбулю, дадаць некалькі гарошын чорнага перцу, лаўровы ліст і пасаліць. Варыць да гатоўнасці бульбы. Муку падрумяніць на алеі, развесці паўшклянкай ахалоджанага булёну, заправіць гэтым суп, даць яму закіпець. Перад падачай пасыпаць дробна пасечанай зелянінай.
Калі гатаваць такі суп не ў пост, то замест алею для смажання цыбулі можна выкарыстаць 1 ст лыжку сметанковага масла, а пры падачы забяліць яго смятанай. У пост нашы бабулі забельвалі такія стравы "малачком", атрыманым з насення канопляў, маку, арэхаў ляшчыны, міндаля.
Рыба ў таматным марынадзе
З чаго гатаваць:
800 г любой рыбы,
2 ст л мукі,
2 цыбуліны,
2 морквы,
2 ст л тамату-пюрэ,
0,5 шкл алею,
перац чорны молаты,
лаўровы ліст,
соль.
Як гатаваць. Ачышчаную і прамытую рыбу нарэзаць кавалкамі, пасыпаць соллю, перцам, укачаць у муку і абсмажыць на алеі з абодвух бакоў.
Цыбулю дробна нашаткаваць, натаркаваць на буйной тарцы моркву, разам абсмажыць на алеі, дадаць тамат-пюрэ, соль, перац, лаўровы ліст, уліць трошкі вады і тушыць 5-6 хвілін. Пакласці ў марынад кавалкі смажанай рыбы і добра прагрэць.
Падаюць як у гарачым так і ў халодным выглядзе.
Кулага з чарніц
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Кулага
З чаго гатаваць:
400 г чарніц (любых свежых ягад без костачак),
70 г мёду,
2-3 ст л жытняй мукі.
Як гатаваць. Свежыя чарніцы або буякі, маліны, брусніцы, суніцы садовыя і лясныя перабраць, памыць, або выкарыстаць марожаныя, паставіць на агонь. Калі ягады разварацца, дадаць жытнюю муку, разведзеную ў невялікай колькасці вады, мёд або цукар, усё перамяшаць і варыць на слабым агні, пакуль страва не стане падобнай да кісялю. Ядуць з блінамі або хлебам.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Серадапосце, або "Крупіна за крупінаю ганяецца з лазінаю"
Пень-калода, чы заўтра будзе пагода? Або ці спраўджваюцца народныя прыкметы
"Мінуліся Дзяды, братанька, у пост глядзіць хатанька", або Піліпаўскія нататкі ля кухні