МІНСК, 23 сне – Sputnik. У найбліжэйшыя дні праект новай Канстытуцыі будзе вынесены на абмеркаванне, заявіў кіраўнік дзяржавы ў Палацы Незалежнасці.
Сёння Аляксандр Лукашэнка сабраў на фінальную нараду рабочую групу, якая займалася канчатковай шліфоўкай прапаноў па змяненні Асноўнага закону рэспублікі.
"Дзень-два выпраўляем памылкі, расстаўляем коскі, выносім на абмеркаванне цяперашні праект Канстытуцыі", - запэўніў беларускі лідар.
Канчатковы праект Канстытуцыі
Паводле яго слоў, перад тым, як паказаць праект Асноўнага закона, беларусам патрабуецца яшчэ адно абмеркаванне дакумента з рабочай групай і канстытуцыйнай камісіяй.
"Сёння нам трэба яшчэ раз звярнуцца да гэтага праекта, пачытаць яго разам, асабліва асноўныя палажэнні, каб не было нейкіх недахопаў", - растлумачыў беларускі лідар.
Пасля чаго дадаў, што апублікаваны праект не стане фінальным, бо такім ён будзе толькі пасля таго, калі адбудзецца абмеркаванне прапаноў беларускага грамадства.
"І ўжо з гатовым праектам, пасля таго як Канстытуцыйная камісія разгледзіць вынікі работы нашай рабочай групы, зацвердзіць іх, унясём праект Канстытуцыі ўжо на рэферэндум", - растлумачыў чарговасць дзеянняў кіраўнік дзяржавы.
Каша і хаос у рэспубліцы
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у выпадку, калі беларусы падтрымаюць змяненні ў Канстытуцыю, то згодна з ёй трэба будзе выбудоўваць сістэму органаў улады.
"Калі хтосьці думае, што мы гэта ўсё з бухты-барахты прымем і кінем, і пачнецца каша і хаос, - гэтага не будзе", - паабяцаў ён.
Пры гэтым прэзідэнт удакладніў, што "вось і ўвесь адказ на тыя пытанні: а калі? а што? а выбары датэрмінова, звыштэрмінова? і гэтак далей" - таму, што з прыняццем новай Канстытуцыі будзе выбудоўвацца сістэма кіравання краінай.
Лукашэнка растлумачыў, што "прымем рашэнне пасля новай Канстытуцыі, адбудуем механізмы і тады пойдзем на новы цыкл электаральнай кампаніі".
Чытайце таксама:
Больш за палову беларусаў гатовы прыйсці на рэферэндум – сацапытанне
БПЦ прапануе ўнесці ў Канстытуцыю норму аб абароне чалавека дзяржавай
Лукашэнка: праца над змяненнямі Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую
Аўтар першай Канстытуцыі Беларусі сказаў, што зменіцца з прыняццем новай
Лукашэнка пра новую Канстытуцыю: атрымаў варыянт, азнаёміўся, ёсць што абмяркоўваць