МІНСК, 3 сту – Sputnik. Уздоўж другой кальцавой дарогі трэба пабудаваць запраўкі, рамонтныя майстэрні, бары і рэстараны, сказаў у панядзелак прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына.
"Мы дамаўляліся ўздоўж другой кальцавой дарогі стварыць патрэбныя для нас працоўныя месцы: гэта і аўтамабільныя запраўкі, рэстараны, кафэ, бары, рамонтныя майстэрні – хто што захоча", - нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у распрацоўцы прыдарожнай інфраструктуры патрэбен адвод зямель, а гэта справа прэзідэнцкая. Неабходна прапрацаваць і зацвердзіць адзін раз план, "каб не было цяганіны".
"Я зацвярджаю адзін раз, і вы там займаецеся, каб не было цяганіны і людзі не хадзілі за кожным дазволам", - прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба беларускага лідара.
Лішняй зямлі няма
Прэзідэнт заявіў, што план па развіцці прыдарожных аб'ектаў уздоўж другой кальцавой павінен быць складзены "без празмернасцей і па-гаспадарску".
"Зямельных рэсурсаў лішніх у нас у Беларусі няма. Гэта значыць без цяганіны мы павінны ўнутры, вакол другой кальцавой дарогі ствараць працоўныя месцы для мінчан і таго мясцовага насельніцтва, якое будзе там працаваць. Гэта і дзяржаўная, і прыватная ўласнасць – не важна", - канстатаваў беларускі лідар.
Другая кальцавая
Будаўніцтва МКАД-2 вакол Мінска было поўнасцю завершана ў снежні 2016 года. Агульная працягласць дарогі складае каля 160 кіламетраў: 88 праведзены ў новым напрамку, 72 кіламетры – сумешчаны з існуючымі аўтадарогамі. У кожным напрамку па дзве паласы руху, усе ўчасткі кальца бясплатныя.
МКАД-2: траса і характарыстыкі - інфаграфіка на sputnik.by
© Sputnik
Траса атрымала нумар – М14. Будаўніцтва другой кальцавой абышлося краіне ў 507,1 млн дэнамінаваных рублёў. Мэта праекта – разгрузіць сталіцу ад аўтамабіляў.
Чытайце таксама:
Фабрыка і дом пад знос: праекціроўшчыкі распавялі пра новыя станцыі метро
Каля 20 мастоў трэба будзе рэканструяваць у Мінску
Мінск трапіў у спісак самых бяспечных сталіц Еўропы