Свечку міру ў памяць ахвяр Халакосту запаляць у Мінску

У сінагозе на Шорнай будуць прадстаўлены экспанаты часоў Халакосту і грошы з прыватнай калекцыі, якія выпускаліся ў гета падчас Другой сусветнай вайны.
Sputnik
МІНСК, 26 сту – Sputnik. Прадстаўнікі чатырох рэлігійных канфесій запаляць сёння ў Мінску Свечку міру ў памяць ахвяр Халакосту, паведаміў Sputnik у сераду галоўны рабін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму Рыгор Абрамовіч.
27 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяр Халакосту.
"Сёння, 26 студзеня, у 18:00 у цэнтры Бейт Сімаха пройдзе служба, якая будзе ўключаць падпісанне дамовы памяці", - распавёў рабін.
На мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і прадстаўнікі асноўных рэлігійных канфесій краіны.
"Сёння таксама будзе міжканфесійнае запальванне Свечкі міру. Прадстаўнікі чатырох рэлігійных канфесій – праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай, а таксама трох іудзейскіх рэлігійных аб’яднанняў адначасова запаляць гэту свечку", - сказаў рабін.
Галоўны рабін Рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч
Адносна дамовы памяці рабін удакладніў, што на іўрыце гэта называецца Ктубот Азікарон.
"Гэта сімвалічная карціна, у якой ёсць тэкст аб вызваленні 27 студзеня 1945 года Асвенцыма і абвяшчэнні ААН у 2005 годзе гэтай даты як Дня памяці Халакосту", - сказаў рабін.
Дыпламатам і гасцям цэнтра будзе прапанавана паставіць свае подпісы на гэтым сімвалічным дакуменце, зазначыў суразмоўца Sputnik.
Затым, паводле яго слоў, будуць запалены шэсць свечак памяці, іх будуць запальваць 18 чалавек – па тры чалавекі на кожную свечку. Лічба гэтая абрана не выпадкова, "18" у іудаізме азначае жыццё", растлумачыў рабін.
Тут сімволіка свечак мае асаблівы – жыццесцвярджальны сэнс, працягнуў ён. "Гэтымі памінальнымі свечкамі мы паказваем, што ўсе тыя трагічныя падзеі пакідаем у сваёй памяці", - сказаў рабін Абрамовіч.
Акрамя таго, у сінагозе на Шорнай будуць прадстаўлены экспанаты часоў Халакосту з Музея яўрэйскай гісторыі, а таксама грошы з прыватнай калекцыі, якія выпускаліся падчас Другой сусветнай вайны.
Удзельніца мітынгу, прысвечанага 70-годдзю знішчэння Мінскага гета, у мемарыяльным комплексе "Яма" ў Мінску
27 студзеня ў Мінску каля мемарыяла "Яма" пройдзе памятнае мерапрыемства, прысвечанае Дню памяці ахвяр Халакосту. У ім традыцыйна прымуць удзел кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей і прадстаўнікі дыпкорпуса, якія акрэдытаваны ў Беларусі.
Мемарыял "Яма" размешчаны на вуліцы Мельнікайтэ ў Мінску і прысвечаны ахвярам Халакосту. На гэтым месцы 2 сакавіка 1942 года нацысты расстралялі каля 5000 вязняў Мінскага гета, абеліск быў устаноўлены ў 1947 годзе. Гэта быў першы помнік ахвярам Халакосту ў СССР, на якім было дазволена зрабіць надпіс на ідыш.
Мемарыял "Яма" які існуе зараз, быў створаны ў 2000 годзе вядомым беларускім архітэктарам Леанідам Левіным. Ён з’яўляецца сааўтарам вядомай ва ўсім свеце скульптурнай кампазіцыі "У апошні шлях". Гэта група бронзавых пакутнікаў, якія спускаюцца па ўсходах на дно ямы. Усяго за 2 гады існавання праз Мінскае гета прайшлі каля 100 тысяч чалавек, большасць з іх загінулі. Сярод ахвяр былі як мінскія яўрэі, так і дэпартаваныя з Заходняй Еўропы.
Макей: Беларусь робіць усё, каб захаваць памяць пра ахвяры Халакосту
Таксама на Sputnik:
Больш за 200 артыстаў: канцэрт у памяць пра ахвяры халакосту ў Мінску
Дзве беларускі ганараваны званнем "Праведнікі народаў свету"
Пуцін на форуме ў Ізраілі нагадаў праўду пра гісторыю вайны – відэа
"Я пажыццёва вязень гета": гісторыі, якія немагчыма забыць
Пуцін уручыў ордэн Мужнасці траюраднай пляменніцы героя паўстання ў "Сабіборы"