МІНСК, 15 лют – Sputnik. Праца амбулаторна-паліклінічнага звяна ў сістэме аховы здароўя Беларусі ўзмоцнена ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі, на дапамогу медыкам заклікалі студэнтаў медуніверсітэтаў, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя краіны.
Там адзначылі, што старшакурснікі і інтэрны заняты не толькі ў стацыянарах, паліклініках, на станцыях хуткай медыцынскай дапамогі, але дапамагаюць урачам у кол-цэнтрах, працуюць у рэгістратуры.
Акрамя таго, іх можна сустрэць у складзе мабільных брыгад, якія выязджаюць для аказання дапамогі да месцаў пражывання пацыентаў. Працуюць будучыя ўрачы і ў клініка-дыягнастычных лабараторыях, у прышчэпачных кабінетах.
Усяго па інфармацыі міністэрства, у барацьбе з каронавірусам задзейнічаны 2470 студэнтаў старэйшых курсаў медуніверсітэтаў краіны.
"Практычнаму звяну аховы здароўя дапамагаюць – 1 тыс 228 старшакурснікаў БДМУ, 276 – ВДМУ, 440 – Гомельскага і 526 Гродзенскага медуніверсітэта", - расказалі ў Міністэрстве аховы здароўя.
У прыватнасці, прыцягнуты студэнты, якія навучаюцца на спецыяльнасцях "Лячэбная справа", "Педыятрыя", "Медыка-псіхалагічная справа", "Стаматалогія", "Фармацыя", "Медыка-прафілактычная справа", удакладнілі ў ведамстве.
Там адзначылі, што практыка прыцягнення студэнтаў і інтэрнаў да аказання дапамогі насельніцтву не новая – яна паспяхова прымянялася і раней, вясной або восенню падчас сезоннага ўздыму захворвання на ВРІ і грып.
У Міністэрстве аховы здароўя нагадалі, што ў сувязі з павелічэннем у краіне выпадкаў захворвання на COVID-19 паліклінікі паўсюдна перайшлі на сямідзённы працоўны тыдзень. У іх пашырылі "чырвоныя зоны", з’явілася больш кабінетаў для прыёму інфіцыраваных.
Новаўвядзенні ад Міністэрства аховы здароўя
У новую хвалю каронавіруса ў міністэрстве зацвердзілі шэраг некаторых навацый.
Цяпер, у прыватнасці, работнікі могуць на працягу трох дзён знаходзіцца дома без афармлення бальнічных, якія зараз могуць выдаваць студэнты-медыкі шостых курсаў.
Таксама ўрачы могуць ставіць дыягназ "каронавірус" толькі на падставе клінічных і/або рэнтген-тамаграфічных дадзеных – без правядзення ПЦР.
Каварны "амікрон"
З канца студзеня гэтага года ў Беларусі фіксуюцца антырэкорды па новых выпадках заражэння каронавірусам, колькасць захварэлых не раз перавышала 8,5 тыс.
Такі ўсплёск быў чаканы беларускімі ўрачамі з-за распаўсюджвання штама каронавіруса "амікрон". Штам адрозніваецца тым, што вельмі хутка перадаецца ад чалавека да чалавека, але пры гэтым, як правіла, не нясе цяжкіх наступстваў. Асноўная частка хворых лечыцца дома – яны не маюць патрэбы ў стацыянарным лячэнні.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Міністэрства аховы здароўя палічыла беларусаў, якія прышчапіліся ад каронавіруса
Усё больш бальніц у Мінску перапрафілююцца "пад каронавірус"
Стала вядома, ці небяспечны COVID-19 для палавой функцыі мужчын
Пачалі будаваць завод, дзе будуць выпускаць беларускую вакцыну ад каронавіруса
Піневіч расказаў, ці гатовы паліклінікі да наступлення амікрону