У народзе слушна прыкмечана: "Ад лютага зіма ўцякае цёмнымі начамі". За гэты месяц дзень пабольшыўся амаль на дзве гадзіны, і ўсё часцей хочацца знайсці сабе справу на вуліцы.
У народным календары сярэдзіна апошняга месяца зімы пазначана важнымі святамі і прысвяткамі, сярод якіх вылучаюцца свята свечкі або "жывога агню" Грамніцы, свята асвечанага хлеба Агата і ўшанаванне ахоўніка ад ваўкалакаў Вакулы. Але ж найважнейшае з іх – Стрэчанне, дзень перамоў паміж зімою і летам. Вядома чым завершацца тыя перамовы, але ці будуць яны мірныя, пабачым у хуткім часе. Прынамсі певень, згодна з народнымі прыкметамі, напіўся ў гэты дзень талай вады, што абяцае ўсім цёплую вясну.
Моц грамнічнай свечкі
Святкуючы Стрэчанне, практычныя людзі схадзілі ў царкву па адмысловыя свечкі. Асвечаныя ў гэты дзень, яны лічыліся наймацнейшым абярэгам ад усялякай нечысці. Захоўвалі іх за абразамі цэлы год і выкарыстоўвалі падчас такіх важных сямейных абрадаў, як радзіны і вяселле, клалі ў рукі нябожчыку. Каб абараніць жывёлу ад злых чарадзеяў і чараўнікоў, грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах, запальвалі – калі першы раз выганялі карову ў поле, на засеўках і падчас навальніц.
Традыцыя выкарыстання грамнічнай свечкі існуе і ў нашы дні
© Sputnik / Игорь Кожевников
Традыцыя выкарыстання гэтай свечкі і цяпер жывая. У гэтым давялося пераканацца мінулым летам, калі падчас моцнай навальніцы апынулася ў старой вясковай хаце.
Неба счарнела, патокі шэрай вады залівалі шыбы, вецер з трэскам ламаў галлё ў кронах векавых дрэў, якія акалялі хату. Грымоты наганялі такога страху, што здавалася: яшчэ імгненне і маланка разарве старэнькую будыніну! Заставалася толькі маліцца, спадзеючыся, што бура хутка скончыцца. І раптам гаспадыня ўвайшла ў пакой з запаленай свечкай у руках, якую паставіла на падваконне. Праз некаторы час усё сціхла і нарэшце можна было выйсці на двор. Цяжка было глядзець на наступствы стыхіі… Дагледжаны агарод амаль змыла патокамі вады, ацалелыя расліны былі прыбіты дажджом да зямлі. Зламаныя ветрам гукі старых клёнаў ляжалі долу вакол хаты. Але не адзін з іх не закрануў страхі. Засталіся цэлыя і хлявы, а гаспадыня патлумачыла, што ўсё гэта дзякуючы грамнічнай свечцы, якая павінна быць у кожнай хаце для такіх выпадкаў.
"Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты"
За Грамніцамі крочыў прысвятак Агата. У гэты дзень асвячалі соль і хлеб. У народзе верылі, што такі хлеб мог бараніць ад пажару, маланкі і раптоўных хвароб:
"Соль святой Агаты
Бароніць ад агня хаты".
Хлеб святой Агаты мог бараніць ад пажару, маланкі і раптоўных хвароб
© Sputnik / Альфред Микус
Асвячоным хлебам падчас краязнаўчай вандроўкі па Гарадзеншчыне са мною калісьці падзялілася вясковая жанчына. Яна распавяла, што верыць у цудадзейную моц такога хлеба і заўсёды носіць яго з сабой. Тое ж цяпер раблю і я.
А яшчэ калі першы раз карову выганялі ў поле, то лусту такога хлеба з соллю натыкалі ёй на рогі, каб не баялася ўрокаў.
"Обаратнем любы можа стаць…"
На наступны дзень пасля Агаты ўшаноўвалі Вакулу. Па павер’ях палешукоў гэты святы, епіскап Смірнскі, быццам бы ахоўваў людзей ад ператварэння ў ваўкалакаў. Легенды аб гэтых пярэваратнях былі вядомы з часоў глыбокай старажытнасці многім народам Еўропы. Не выключэнне і Беларусь, дзе ў народных павер’ях сцвярджалася, што ёсць добрыя і злыя ваўкалакі. Адны ваўкалакі губяць людзей, здзекваюцца над імі, а іншыя вельмі добрыя і нічога дрэннага людзям не робяць. Яны не ганяюць жывёлу і не палююць на яе, не ядуць мяса, а харчуюцца раслінамі.
Лічылі, што па сваёй волі толькі чараўнікі са сваіх нядобрых мэт ператвараюцца ў ваўкалакаў, а астатнія – гэта ахвяры тых чараўнікоў. Напрыклад, у вёсцы Рагінь Буда-Кашалёўскага раёна апавядалі:
"Обаратнем любы можа стаць. А тады гэта будзя, калі обарацень укусіць чалавека. Ішчэ гавораць, што обаратнем можна стаць, када на луну доўга глядзець".
У народных павер’ях сцвярджалася, што ёсць добрыя і злыя ваўкалакі
© Sputnik / Олег Ласточкин
/ Ахвяр злачыннага чараўніцтва шкадавалі і спрабавалі вярнуць да чалавечага аблічча рознымі спосабамі. Так, сярод сялян Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці існавала ўстойлівае перакананне, што калі адчуваеш на сабе ўздзеянне чар, то, каб вызваліцца ад іх, трэба пралезці ў хамут, або перакуліцца цераз парог. Але самым надзейным абярэгам усё ж лічылі крыж і малітву, бо верылі, што пярэваратні менш нападаюць на хрышчоных людзей. Пры сустрэчы з "ваўкалекай" трэба было шчыра маліцца Вакуле і тады, маўляў, пачвара спужаецца малітвы і ўцячэ.
Вобраз гэтага фальклорнага персанажа і самога воўка, як сімвала ночы, зімы і нават самой смерці, дагэтуль застаецца прыцягальным і хвалюючым. І добра, што з ім можна сустрэцца толькі на старонках прыгодніцкіх аповедаў ці ў кіно, або ў камп’ютэрных гульнях.
Ці смачна пахне з печы
Што тычыцца да веры продкаў, адлюстраванай у народным календары, то выснова такая.
Святы толькі нагадвалі пра нешта значнае, на што трэба было звярнуць увагу і чаго асцерагацца. Бо самы важны абярэг – гэта лад у сям’і, і ён залежыць ад многіх рэчаў: ці ўтульна ў роднай хаце, ці ёсць у ёй ласка і любоў і ці смачна пахне з печы.
А з печы сёння пахне мясам!
Шыкоўнае блюда ў халоднае надвор'е
© Sputnik / Людмила Янковская
Свініна струганая
З чаго гатаваць:
500 г свініны,
2 ст л свінога тлушчу,
2 цыбуліны,
0,75 шклянкі смятаны,
1 ст л мукі,
перац,
соль.
Як гатаваць. Свініну нарэзаць брусочкамі даўжынёй 3-4 см, пасаліць, паперчыць па смаку і абсмажыць на добра разагрэтай патэльні. Дадаць падсмажаную цыбулю, смятану і пасераваную муку, разведзеную булёнам або вадой, давесці да кіпення.
Падаць з варанай бульбай і салёным агурком.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Бурачнае застолле, або Сонца ў "ажагу" – час абедаць!
Апетытны хрэн – лекі і ежа
"Святое Васілля людзям красілля", або Успаміны пра "хвастатую" куццю
Пень-калода, чы заўтра будзе пагода? Або ці спраўджваюцца народныя прыкметы
"Лапцёвыя" звычаі, або "Зручны абутак бы добры сябра…"