Сакавіцкае сонца ўсё часцей паглядае праз хмарнае неба на зямлю, паскараючы таянне снягоў і лёду на рэках. Калісьці гэтымі днямі пачыналася вясна, а з ёй і новы аграрны год, які па новаму стылю надыходзіў 14 сакавіка. У гэты дзень святкавалі Аўдакея, або Яўдоху і казалі, што той "трымае ў руцэ лета".
Цяпер, у сувязі з глабальным пацяпленнем клімата, цяжка ўявіць, што калісьці гэтай парой уся Беларусь ад поўначы да поўдня была яшчэ пакрыта глыбокімі снягамі. Аб гэтым сведчыць трапнае народнае слова. Так, у паўднёвым Моталі казалі, што на "Яўдохі – снегу па бокі".
Цікава, што гэты дзень больш за сто гадоў таму чамусьці лічылі нешчаслівым і стараліся не выконваць некаторыя віды прац. Дарэчы, не пралі і не снавалі, але працягвалі парадкаваць дровы: "Аўдакеі дровы сякуць, у клады кладуць". Таксама пачыналі дбаць пра агароды і некаторыя культуры высявалі на расаду. У Лельчыцкім раёне так і казалі: "Оўдокый помідоры на расаду саджалі і на окне дзержалі". Знаёмая карціна!
Пачынаючы з 14-га сакавіка, напрацягу 4-х дзён было прынята сачыць за пагоднымі акалічнасцямі, якія па перакананнях сялян адлюстроўвалі стан надвор’я на ўвесь год. Але ж завіхаючыся над гаспадаркай і плануючы сельскія работы на календарную будучыню, вяскоўцы знаходзілі час і на выкананне правіл царкоўнага посту, калі той надыходзіў да Яўдохі.
Пост – здароўя пачатак
Кожную вясну вернікі, рыхтуючыся да Вялікадня напрацягу сарака дзевяці дзён, строга ўтрымваюцца ад скаромных прадуктаў, імкнуцца праз учынкі і думкі зрабіць сябе і сваё асяроддзе лепшым. Стараюцца не асуджаць, не крыўдзіць і не крыўдзіцца, пазбягаць усялякіх сварак.
Посная страва
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Пост – гэта стрыманасць і сціпласць ва ўсім, а посная ежа – сціплая ("скромная") ежа. І наадварот скаромная ежа – не сціплая ("не скромная"). Свяціцель Іаан Златавуст калісьці напісаў, што пост – гэта калі розніцу ў кошце паміж звычайнай і поснай трапезах трэба дзяліць паміж тымі, хто жыве ў нястачы.
З маладосці люблю слухаць разважанні старых людзей. З гэтай нагоды ўспомнілася гісторыя, якая прыключылася са мной у сярэдзіне 80-х акурат перад Вялікаднем. Аднойчы, едучы ў цягніку, заўважыла на сабе пільны позірк бабулькі-багамолкі. Неўзабаве яна падсела да мяне і, слова за словам, завязалася кароткая гутарка. Жанчына навучала:
"Цела, што старая сарочка – знасіў і выкінуў, а вось душа, яна– вечная. Каб сарочка была чыстая – яе трэба праць, цела ў пост здаравее, а душа – праз споведзь ачышчаецца, як цела ў лазні".
У першыя тыдні посту спавядаліся малодшыя члены сям’і. Падрыхтоўваючы да споведзі дзіця, маці давала яму наказ накшталт наступнага:
"Глядзі ж, сынок (дачушка), скажаш бацюшку, што маткі і бацькі не слухаў, пацер (малітваў) не гаварыў, у агарод чужы лазіў, да, помніш, ад мяне з паліцы яйцо ўкраў... А цяпер пацалуй усім руку, каб злосці на цябе ніякай не мелі і не гневаліся" (паводле нарысаў П.П. Дземідовіча "Дробныя заўвагі з жыцця беларуса", Віленскі веснік, 1895).
Што ж тычыцца гаспадара і гаспадыні, то яны стараліся пайсці да споведзі ў нядзелю ці ў свята, каб не прапаў рабочы дзень. Гэтым часам усе бывалі асабліва сур’ёзныя і сканцэнтраваныя. Увогуле споведзь у сялян адрознівалася асаблівай шчырасцю, а ўтойванне грахоў ад свяшчэнніка лічылася смяротным грахом.
Такая вось народная філасофія!
Нашы стравы ў пост
У народнай кухні немала карысных для здароўя, пажыўных і смачных посных страў. Вядома, што традыцыйная беларуская кухня калісьці моцна залежыла ад змены сезонаў. Дабрабыт наўпрост залежыў ад колькасці нарыхтаваных з восені прыпасаў. Чым больш іх было, тым больш разнастайным было меню сям’і вясною, калі значная колькасць іх была ўжо спажыта.
Нашы продкі лічылі, што ненажэры будуць пакутаваць на тым свеце, ды, тым не менш, як выпадала нагода, елі, як кажуць, у запас. Маўляў, "еш пакуль рот свеж", няхай лепш пуза лопне!
Першы тыдзень посту, так званая першая седміца, час найбольш строгага устрымання. Уставы кляштараў прадпісваюць у гэтую сядміцу не ўжываць нават алею. Гэта так званае сухаядзенне. Ну, хто можа, той можа! І тым не менш, нават Царква, арыентуючыся на сучаснага свецкага чалавека, прапануе яму падчас посту ўжываць стравы, якія ўтрымваюць у сабе алей. Рабілася палёгка ў трыманні посту і для моцна хворых.
Што ж варылі ў гэтыя дні гаспадыні? Як і патрабуе пост, у меню такога абеду сціплая і простая ў прыгатаванні ежа з дзіўнымі для сучаснага вуха назвамі: рулі, цюпка, квасоліха, таўчонік, камы, груца, мілта, мурцоўка і інш. Хлеб, бульба, крупы, бабы і цыбуля часта падавалі з ільняным і канапляным алеям, які сам па сабе добры вітамінны дадатак.
Практычна ўсе стравы, якія гатавалі ў вясновы перыяд, спрыялі паляпшэнню здароў’я чалавека, умацоўвалі імунітэт, баранілі ад усялякіх інфекцый не горш за сучасныя медыкаменты. Пабочных эфектаў пры гэтым не назіралася. Толькі адна карысць. Вось некаторыя з іх, запісаныя мной у кулінарных падарожжах па Беларусі. Усе стравы лёгка прыгатаваць, а інгрыдыенты можна купіць у крамах і аптэках.
Мілта
Мілта – старажытная страва беларускай кухні, якая нароўне з саладухай звычайна ўжывалася ў пост. Для атрымання мілты ўжывалі авёс. Спачатку яго парылі, а пасля хутка прасушвалі ў печы. Прасушаны авёс шляхам таўчэння яго ў ступе ачышчаўся ад шалупіння, тады таўклі ў ступе, потым малолі – і ўсё гэта рабілася для таго, каб атрымаць талакно. Цяпер варта ўзяць колькасць такой мукі і разбоўтаць яе вадой адпаведна на смак спажыўца. Дарэчы, злітая з замочанага аўса вада, раней лічылася лячэбным сродкам ад кашалю.
Мурцоўка
З чаго гатаваць:
1 буйная цыбуліна,
воцат або лімонны сок,
нерафініраваны алей,
цукар,
соль.
Як гатаваць. Цыбулю дробна пакрышыць і расцерці разам з соллю, дадаць у кашку па смаку воцат або лімонны сок, некалькі кропель алею і крышачку цукру. Накласці масу на лусту аржанага хлеба і есці.
У даўніну ж мурцоўку разбаўлялі вадой у глыбокай місцы і мачалі ў яе хлеб. Дарэчы, цыбуля ў такой страве зусім не горкая, а калі выкарыстаць чырвоную цыбуліну, то будзе яшчэ смачней.
Скіба з мурцоўкай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Мурцоўкай называецца гэта страва на Віцебшчыне, але нешта падобнае гатуюць у пост і ў іншых мясцовасцях Беларусі.
Мазёха
Рэцэпт гэтай стравы я прывезла з вёскі Радуцічы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
З чаго гатаваць:
0,5 шк. насення лёну,
1 шк. бульбянага адвару.
Як гатаваць. Абабраць бульбу і паставіць яе варыць. Высыпаць насенне лёну на гарачую патэльню і прагрэць да таго часу, пакуль насенне не пачне падскокваць, сцерці ў ступцы, або змалоць яго на кавамолцы, прасеяць праз сіта і запарыць гарачым бульбяным адварам у глыбокай місачцы. Заліваць адварам льняную муку трэба паступова, увесь час добра вымешваючы, каб атрымалася аднародная маса, падобная да жэле
Гэты жэлепадобны соус і ёсць мазёха, якой паліваюць гарачую бульбу перад падачай да стала. Часта да гэтай стравы дадаюць салёны агурок.
Мазёха
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Аматарам менш аскетычных посных страў прапаную прыгатаваць на абед "Капусту старабеларускую" і "Карпа, тушанага ў піве".
Капуста старабеларуская
З чаго гатаваць:
500 г кіслай капусты,
40 г сушаных грыбоў,
2 цыбуліны,
1 морква,
1 ст. л. мукі,
2 ст. л. алею,
1 ч. л. цукру,
2 ст. л. яблычнага або іншага павідла,
3-4 ягады ядлоўцу,
соль.
Як гатаваць. Замочаныя загадзя грыбы адварыць да гатоўнасці, булён працадзіць, грыбы нашаткаваць.
Кіслую капусту патушыць з алеем, абсмажыць натаркаваную моркву разам з цыбуляй і у канцы гатавання дадаць у капусту.
У грыбны булён пакласці тушаную з агароднінай капусту, варыць прыкладна 30 хвілін, дадаць грыбы, павідла, заправіць пасераванай мукой, цукрам, соллю,пакласці ягады ядлоўцу і давесці да гатоўнасці.
Карп, тушаны ў піве
З чаго гатаваць:
1 кг карпа (ці сазан, амур, таўсталобік),
1,5 шк. лёгкага піва,
1 ст. л. разынак або сушаных яблыкаў,
1 шк. разбаўленага воцату,
1 шк. тоўчаных сухароў,
1-2 ст. л. алею,
перац чорны і духмяны,
гваздзіка,
лімонная скарынка,
соль.
Кавалкі карпа
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Падрыхтаванага карпа разрэзаць на кавалкі, пасыпаць молатым чорным перцам, пасаліць, заліць разбаўленым воцатам і паставіць на 30 хвілін у халоднае месца.
У каструлі падагрэць піва, пакласці масла, каб яно растала. Перакласці ў піва рыбу. Дадаць некалькі зярнят гваздзікі, гарошыны духмянага і чорнага перцу, усыпаць тоўчаныя сухары або падсушаныя крошкі белага хлеба і тушыць пад накрыўкай 30-40 хвілін.
У канцы тушэння пакласці дробна натаркаваную лімонную скарынку і прамытыя разынкі, якія можна замяніць сушанымі яблыкамі.
Страву падаюць як гарачай, так і халоднай.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Лёгка і даступна: простыя рэцэпты страў у Вялікі пост
Вялікі пост: што можна есці, а што - нельга
"Скачком бліны!": галоўная масленічная страва па старажытных рэцэптах