МІНСК, 10 мая – Sputnik. Баль праваслаўнай моладзі ў гонар Святой княгіні Елісаветы пройдзе ў Мінску 15 мая, паведамілі ў Беларускім экзархаце.
На яго правядзенне даў благаславенне мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, пляцоўкай выбраны Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Яго арганізуюць Сінадальны аддзел па справах моладзі БПЦ, Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, а таксама Рэспубліканскі цэнтр нацкультуры.
"Плануецца, што баль працягнецца не менш за 5 гадзін і будзе складацца з 2 аддзяленняў", - распавялі Sputnik у БПЦ.
Акрамя асноўнай танцавальнай праграмы будуць працаваць музычная і літаратурная гасцёўні, а таксама каліграфічныя майстар-класы.
Паколькі ў праваслаўных працягваецца велікодны перыяд, удзельнікі балю будуць мець магчымасць падпісаць велікодную паштоўку.
У Экзархаце адзначылі, што ў гэтым мерапрыемстве змогуць узяць удзел усе ахвочыя, аднак ёсць патрабаванні да дрэс-кода.
У шортах нельга
Арганізатары балю распавялі пра абавязковыя патрабаванні да дрэс-кода і асабліва звярнулі ўвагу на тое, што абавязковым атрыбутам для дам стануць белыя пальчаткі – могуць быць доўгімі або кароткімі.
Сукенкі павінны быць вячэрнія, бальныя, абавязкова доўгія – да шчыкалаткі, не вышэй за сярэдзіну галёнкі.
Акрамя гэтага, арганізатары ўдакладнілі, што "сукенкі яркіх расфарбовак, а таксама сукенкі з адкрытымі плячамі, глыбокімі дэкальтэ, з высокімі разрэзамі на спадніцы не падыдуць". Рэкамендуюцца светлыя пастэльныя тоны.
Абутак павінен быць прыгожым, але зручным для танцаў, напрыклад, красоўкі не падыдуць. Таксама ёсць патрабаванні і да прычоскі – валасы павінны быць сабраны, і не распушчаны па плячах.
Для кавалераў абавязковым атрыбутам павінны стаць белая бабачка і такога ж колеру пальчаткі. Фракі, смокінгі ці ж пінжакі павінны быць цёмных тонаў або чорныя. У джынсах, брыджах, шортах і ў красоўках на баль не пусцяць.
Святая княгіня Елісавета з’яўляецца адной з найвялікшых падзвіжніц XX стагоддзя, заступніцай дабрачынцаў, урачоў і супрацоўнікаў сацыяльных службаў. Ёй моляцца аб духоўнай дапамозе ў розных сітуацыях, за благаславеннем дзяцей, сям’і.
Сёння мошчы Вялікай княгіні Елісаветы і інакіні Барбары знаходзяцца ў Гефсіманіі, у манастыры роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. Некалькі гадоў таму ў Мінск для пакланення прывозілі часціцу мошчаў Святой Елісаветы.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Флірт кветак і жывыя карціны: у Гомелі адбыўся баль сярэдзіны XIX стагоддзя
Мядзведзь у афіцыянтах і мода на абжорства: як балявалі на Беларусі
Як прайшоў гарадскі баль у Лошыцкай сядзібе