Апошні месяц вясны пачаўся з халадоў, і час ад часу можна пачуць бурклівыя нараканні на няветлівае надвор’е. Але для Беларусі халоднае надвор’е ў маі звычайная справа. Аб гэтым сведчаць векавыя назіранні нашых продкаў за прыродай, занатаваныя у фальклоры:
"Май – сена каню дай, а сам на печ уцякай"
ці
"Май зямлю грэе, а сіверам вее".
Больш за тое, халодны і дажджлівы май не толькі нікога не пужаў, але нават быў пажаданым:
"Май халодны – не будзеш галодны",
а яшчэ
"Май халодны – год хлебародны!".
Асабліва чакалі травеньскіх дажджоў. Няхай сабе яны льюць і чым болей, тым лепей. Лічылі, што ў такім выпадку хлеб будзе і ў гультая, бо калі "мокра ў маі – будуць пышныя караваі". І наадварот "як у маі суха, то падцягвай бруха".
Народны гідрамет сцвярджае
На працягу месяца пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца, якім будзе лета. У другой палове месяца асабліва прыглядаліся да 24, 27, 28 мая. Прыкмячалі:
24 мая на Макея казалі: "Мокра на Макея – і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць".
27 мая на Сідара зноў чакалі халадоў: "Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры". Калі ў гэты дзень дзьмулі паўночныя вятры, то лета чакалася дажджлівае. Але, калі ўжо прыляцелі ластаўкі і стрыжы, то лета надарыцца цёплым. Цеплыню прадракаў і наступны дзень.
28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".
Мацярдушка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падказкі для земляробаў
Але і папярэднія гэтым датам дні былі важныя для сельскага гаспадара. Так 18, 21 і 22 мая ў Народным календары святкуюць Градавую сераду, Арыну Расадніцу, Івана Веснавога і Міколу. Усе гэтыя дні звязаны з ушанаваннем апекуноў земляробства. Кожны з іх асаблівы і звязаны з пэўнымі клопатамі на зямлі.
Так у чацвёртую пасля Вялікадня сераду святкуюць Пераплаўную (Градавую, Грамавую, Палавенскую) сераду. Сёлета яна прыпадала на 18 мая, у гэты дзень на поўдні Беларусі ў Лельчыцкім, Столінскім і Мазырскім раёнах забаранялася выполваць пустазелле, каб:
градам не пабіла поле;
поле не заліў дождж;
не застала бура на рацэ.
Ды ўсё ж на агародзе працавалі, бо гэтай парой, каб атрымаць увосень добры ўраджай, важна было не згубіць ні аднаго дня. Як кажуць: "Хто працуе, той святкуе!". Дазвалялася садзіць цыбулю, каб была горкай, а таксама на Паазер’і пачыналі высаджваць расаду капусты, бо гэты ж дзень у Народным календары замацаваны за Арынай Расадніцай. Пры пасадцы капусту палівалі і сачылі за тым, як глеба прымае вільгаць. Калі патрабавалася шмат вады, то трэба было чакаць сухога сенакосу, калі ж вада ўбіралася слаба, то на сенакос чакалі дажджоў.
21 мая святкуюць Івана Веснавога або Бацьку Міколы ці Мікольнік. Святога, які "ходзіць перад Міколай", лічылі адным з апекуноў земляробства. Гэты дзень быў спрыяльны для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і іншых агародных культур і часта суправаджаўся пэўнымі магічнымі дзеяннямі.
Агурочнік
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ад Івана Веснавога пачынаўся Мікольскі тыдзень, на працягу якога таксама працягвалі сеяць агуркі. Гэты тыдзень завяршаўся 28 мая, калі святкуюць прысвятак Пахом, і ў народзе і дагэтуль можна пачуць: "Сей агуркі на Пахом, будзеш насіць агуркі мяхом". Цяпер узорам лічыцца зялёны з пупыркамі агурочак маленькага памеру, і менавіта за такімі выстрайваюцца чэргі пакупнікоў на гарадскіх кірмашах. Каля двухсот гадоў таму на Палессі іх называлі "яўрэйскімі".
Калісьці ж, эталонны агурок павінен быў быць вялікі і тоўсты, з амаль спелым насеннем у сярэдзіне. Каб атрымаліся менавіта такія, сеяць агуркі ў Лельчыцкім раёне выпраўляліся з качалкай ў руках і ў той час, калі каровы ляжаць у хляве, каб агуркі былі такімі тоўстымі, як жывёлы, і вялікімі, як качалка. А яшчэ, у час пасадкі жанчыны агалялі лыткі і калені, падымаючы спадніцы як мага вышэй, каб усё вырасла высокае, і хапаючыся за свае калені, каб агародніна была тоўстая і круглая.
Гатуем з пустазелля
Частыя дажджы на радасць прыспешылі рост травы – і я паспяшалася на агарод па першую зеляніну. На градах ужо красуецца зімовая цыбуля, часнок, мацярдушка, пятрушка і вядома ж шчаўе. Уся гэта сакавітая зеляніна пойдзе ў справу. Але не трэба забывацца і пра дзядоўнік, які ўтульна сябе адчувае каля плота.
Дарэчы, у Францыі, Бельгіі, ЗША, Японіі і Кітаі лопух вялікі вырошчваюць на агародах і на прамысловых сельскагаспадарчых плантацыях як харчовую расліну. У Беларусі ж яе выкарыстоўваюць выключна як лекі, і толькі аматары і хворыя на цукровы дыябет гатуюць з дзядоўніка смачныя стравы. Маладыя карані кладуць у супы, ядуць сырымі, печанымі, смажанымі, гатуюць з іх катлеты, кісла-салодкае павідла, марынуюць і робяць нарыхтоўкі на зіму. Здробненыя на мясарубцы карані захоўваюць у халадзільніку і дадаюць да мясных і рыбных страў.
Для тых, хто любіць эксперыменты з дзікарослымі раслінамі, якія выкарыстоўвалі ў харчаванні нашы продкі, прапаную некалькі цікавых рэцэптаў з дзядоўніка, вядомага ўсім не толькі як злоснае пустазелле, але і як лекавая расліна.
Дзядоўнік вараны
З чаго гатаваць:
200 г кораня дзядоўніка,
15 г вяршковага масла,
соль.
Як гатаваць. Маладыя карані добра памыць, парэзаць на кавалкі даўжынёй 2-3 см і варыць 20-25 хвілін у падсоленай вадзе. Пасля гатоўнасці аблупіць скурку і падаць з вяршковым маслам або смятанай.
Дзядоўнік смажаны
З чаго гатаваць:
200 г кораня дзядоўніка,
20 г алею,
1 цыбуліна,
5 г кропу,
таматны сок,
соль.
Як гатаваць. Маладыя карані добра памыць, абскрэбці скурку, пасмажыць на алеі. Заправіць таматным сокам, пасаліць і тушыць з накрышанай цыбуляй пад накрыўкай 5-7 хвілін. Гатовую страву пасыпаць зялёным кропам.
Дзядоўнік печаны
З чаго гатаваць:
200 г кораня дзядоўніка,
соль.
Як гатаваць. Карані пакласці ў жар і пячы да гатоўнасці. Аблупіць скурку і есці гарачымі або халоднымі, дадаючы соль да смаку.
Суп з лісця дзядоўніка
З чаго гатаваць:
350 мл вады,
30 г капусты,
10 г морквы,
10 г цыбулі,
30 г бульба,
5 г пятрушкі,
15 г памідораў,
50 г дзядоўніка (сцябло і лісце),
10 г смятаны,
спецыі (па смаку),
соль.
Як гатаваць. Зварыць булён з агародніны, у канцы варкі дадаць дробна накрышанае сцябло і лісце дзядоўніка і варыць яшчэ 5-7 хвілін. Перад падачай забяліць смятанай і пасыпаць кропам.
Каша з дзядоўніка
З чаго гатаваць:
300 г кораня дзядоўніка,
1 шк. малака,
15 г вяршковага масла,
цукар,
соль.
Як гатаваць. Маладыя карані добра памыць, абскрэбці скурку, перакруціць праз мясарубку. Заліць малаком, дадаць масла, цукар і соль (па смаку) і варыць на малым агні да гатоўнасці.
Пакаштуйце, смачна!
Чытайце таксама:
Вясна на кухні, або Малачай – лекі, ласунак і ежа
Залатыя ключы ад Святога Юрыя, або Май – жывёлу ў поле пхай
У травень будзе мужык управен, або Агародныя клопаты на Кузьму
Конан выводзіць усіх на агароды, або Час сеяць капусту
Апетытны хрэн – лекі і ежа