Але калі ў вас ёсць 1-2 дні на шпацыр па найстаражытным беларускім горадзе, то лавіце спіс must see месцаў, якія павінен убачыць кожны.
Сафійскі сабор
Першым у спісе абавязковых да прагляду месцаў ва ўсіх турыстаў значыцца Сафійскі сабор. Месца па-сапраўднаму ўнікальнае: гэта першы мураваны храм, пабудаваны ў Беларусі.
Сафійскі сабор Полацка
© Sputnik
У Полацку Сафія з'яўляецца пасля аднайменных "старэйшых сясцёр" у Кіеве і Ноўгарадзе - у XI стагоддзі. Пабудаваны храм па ўзоры сабора ў Канстанцінопалі. Да нашых дзён дайшлі фрагменты першага мура таго часу (іх можна ўбачыць, калі спусціцца ў падзямелле-крыпту) і фрэскавыя роспісы.
А якая неверагодная акустыка! Кожную нядзелю ў канцэртнай зале Сафійскага сабора можна паслухаць арган, тут рэгулярна праходзяць канцэрты старажытнай і сучаснай камернай музыкі.
Валун, які выконвае жаданні
Палюбаваўшыся маляўнічымі краявідамі ў наваколлях сабора (а ён жа размяшчаецца на беразе Заходняй Дзвіны), прама каля храма адшукайце валун XII стагоддзі – Барысаў камень, які цудам захаваўся да нашых дзён.
© Sputnik
Яшчэ тры ацалелыя камяні, надпісы на якіх выбіў сам князь Барыс Усяславіч, стаяць у Браслаўскім і Вілейскім раёнах, а таксама ў Маскве. Астатнія ж помнікі эпіграфікі былі знішчаны савецкай уладай.
Гавораць, што Барысаў камень выконвае жаданне. Але рытуал трэба правесці правільна, таму запамінайце: трэба дакрануцца да валуна, загадаць жаданне, тройчы яго абыйсці і верыць, што хутка ўсё выканаецца.
Прагулка па Ніжне-Пакроўскай
Ад Сафійскага сабора абавязкова прагуляйцеся па сапраўднай славутасці горада - вуліцы Ніжне-Пакроўскай (якая, на шчасце, вярнула сваю гістарычную назву і была перайменаваная з вуліцы Леніна). Уключайце аўдыягід і атрымлівайце асалоду ад архітэктуры адной з найстаражытнейшых вуліц Полацка.
© Sputnik
Па правай руцэ – маляўнічыя віды на Заходнюю Дзвіну, а з другога боку – помнікі архітэктуры XVII-XIX стагоддзяў. Тут захаваўся будынак былой лютэранскай царквы (вы дакладна не пройдзеце міма: заўважыце: чырвоная цэгла, высокі шпіль – адзіны помнік неаготыкі ў Полацку). Цяпер тут краязнаўчы музей, экспазіцыі якога вельмі хваляць турысты.
© Sputnik
Абавязкова зайдзіце ў Музей беларускага кнігадрукавання, які размясціўся ў былых карпусах Полацкага Багалянскага мужчынскага праваслаўнага манастыра XVIII стагоддзя. Тут захоўваюцца ўнікальныя экспанаты – старажытныя пісьмёны і кнігі, статуты ВКЛ, рэканструяваная друкарня XVII-XVIII стагоддзяў. Бярыце экскурсію – яе праводзяць на беларускай мове і расказваюць вельмі шмат цікавых фактаў пра кнігадрукаванне.
© Sputnik / Елена Семенова
Па шляху можна зазірнуць у Музей сярэднявечнага рыцарства - экскурсіі, дапоўненыя анімацыяй, можна прымерыць рыцарскія даспехі, патрымаць у руках сапраўдную зброю і нават пастраляць з лука ва ўнутраным дворыку.
Першая навучальная ўстанова Беларусі
Непадалёк ад Сафійскага сабора можна ўбачыць будынак былога Іезуіцкага калегіума, заснаванага ў 1580 годзе. Цяпер гэта адзін з карпусоў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Абавязкова прагуляйцеся па яго дворыках: тут максімальна ўзноўлена атмасфера той эпохі.
© Sputnik
А яшчэ ёсць знакаміты полацкі гадзіннік, і кожную гадзіну ён ажывае: пад студэнцкі гімн павітаць мінакоў выходзяць фігуркі знакамітых ураджэнцаў полацкай зямлі.
Самы "беларускі" помнік
Помнік літары "Ў" – самы незвычайны і ўнікальны ў сваім родзе: ні ў адным беларускім горадзе, мабыць, няма больш беларускай славутасці. "У нескладовае" ў Полацку – гэта не толькі эксклюзіўны помнік нашай "мове", але і ўсёй унікальнай своеасаблівасці беларускага народа і культуры.
© Sputnik
Цэнтр Еўропы
Непадалёк таксама на праспекце Ф.Скарыны (абавязкова тут прайдзіцеся) геаграфічны цэнтр Еўропы адзначаны адпаведным помнікам. Праўда, Полацак - не зусім дакладная кропка, самы "цэнтральны цэнтр" знаходзіцца ў 60 кіламетрах ад самога помніка, на возеры Шо.
А яшчэ можна купіць сертыфікат, які пацвярджае, што ты пабываў у самым цэнтры Еўропы - у помніка ёсць спіс адрасоў, дзе такое пасведчанне прадаюць.
© Sputnik
Горад мастоў
Полацак стаіць на трох рэках, таму нядзіўна, што тут столькі мастоў. Самы вядомы - мост Чырвоны праз Палату. Але назва ў яго звязана са страшнымі падзеямі: падчас баёў у Айчынную вайну 1812 года ён быў поўнасцю заліты крывёй. Менавіта праз гэты мост расійскія войскі прыйшлі ў Полацак, каб вызваліць яго ад французаў.
Але больш за ўсё ў турыстаў выклікае цікавасць падвесны пешаходны мост праз гэтую ж раку, які пасля рамонту мае зусім іншы выгляд. У народзе яго нават завуць "мостам пацалункаў" і бо нездарма: атмасфера і выгляды тут сапраўды спрыяюць рамантычным настроям.
У гараджан, дарэчы, ёсць традыцыя: маладыя павінны аб'ехаць пяць галоўных мастоў горада, не праехаўшы па адным і тым жа двойчы - і будзе вам шчасце!
Галоўная святыня
Абавязкова наведайце і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр – найстаражытнейшы ў Беларусі помнік праваслаўя, дзе захаваліся ўнікальныя фрэскі з часоў яго заснавання ў XII стагоддзі. У старажытнай царкве Спаса на тэрыторыі манастыра знаходзяцца мошчы прападобнай Еўфрасінні.
Фрэскі Сафійскага сабора ў Полацку
© Sputnik
Менавіта тут захоўвалася галоўная беларуская рэліквія, на жаль, страчаная ў гады Вялікай Айчыннай вайны - крыж Еўфрасінні Полацкай, падораны манастыру ў 1161 годзе.
Рушнікі і вышыванкі
Дарэчы, тым, у каго плануецца вяселле, ёсць нагода зазірнуць яшчэ і ў Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я. Тут гатовы правесці аўтэнтычны абрад, які дапаможа маладой сям'і здабыць дабрабыт і шчасце.
Таксама на Sputnik:
Прыродная прыгажосць і палацавыя ансамблі: што паглядзець у Беларусі
Падарожнікам у дапамогу: колькі каштуюць нумары ў гасцініцах Расіі і Беларусі?
Ізраіль змяніў правілы ўезду для беларусаў