Камуналка, рыбалка, алкаголь: што зменіцца для беларусаў у чэрвені?

У беларусаў наперадзе доўгачаканае лета. Не толькі з водпускамі і марамі аб моры, але і шматлікімі клопатамі, марнаваннямі і нервамі. Асабліва ў сёлетніх выпускнікоў і абітурыентаў.
Sputnik
У чэрвені нас усіх чакае новая хваля змен. Падаражэюць камуналка і цыгарэты, пачне працаваць база вакцынаваных, адменяцца амаль усе забароны на лоўлю рыбы. А яшчэ адкрыецца купальны сезон.
Што яшчэ чакае беларусаў у чэрвені? Sputnik сабраў падборку асноўных навін.

Адкрыецца купальны сезон

Афіцыйна купальны сезон у Беларусі адкрыецца 1 чэрвеня. Усе месцы адпачынку і пляжы ўжо прайшлі рэвізію і гатовы прымаць гасцей. Да лета спецыялісты абсталявалі 11 новых пляжаў, разбілі 25 аўтастаянак, арганізавалі платныя паслугі і пункты пракату і пабудавалі спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі.

Камуналка стане даражэй

З наступнага месяца ў жыроўках будуць новыя тарыфы на цеплазабеспячэнне (ацяпленне і падагрэў вады), газ і электрычнасць. За 1 гігакалорыю цяпла цяпер давядзецца плаціць 23,859 рубля (было – 21,9245 рубля). Аднак плаціць трэба будзе не з чэрвеня, а калі зноў цэнтралізавана ўключаць ацяпленне.
Акрамя таго, для тых, у каго стаяць газавыя катлы для ацяплення, зараз не будзе падзелу па тарыфах на газ на зімовы і летні. Замест гэтага ўсталяваны адзіны на ўвесь год – 0,1977 рублёў за кубаметр. Калі ж у доме няма газавага ацяплення, тарыф складзе 0,5417 рублёў за кубаметр.
Даражэй стане і электрычнасць, якая выкарыстоўваецца для ацяплення дома і падагрэву вады. Як змяніліся тарыфы, можна паглядзець на сайце Мінэнерга.
Нагадаем, у мінулы раз жыллёва-камунальныя паслугі даражэлі 1 студзеня.

Запрацуе адзіная база вакцынаваных

Плануецца, што з 6 чэрвеня ў Беларусі пачне працаваць адзіная сістэма ўліку вакцынаваных супраць каронавіруса.
Вакцынацыя падлеткаў
У ёй будзе змяшчацца асабістая інфармацыя аб прышчэпленым пацыенце – прозвішча, імя па бацьку, дата, нараджэння, пашпартныя даныя, грамадзянства, нумар тэлефона.
У базе будуць усе даныя аб прышчэпках ад кавіда: дата ўвядзення доз, найменне прэпарату, краіна-вытворца, нумар партыі вакцыны, а таксама інфармацыя аб медработніку, які ўводзіў прэпарат. Аналагічныя звесткі будуць дабаўляцца пасля ўвядзення паўторнай прышчэпкі.
Прадугледжваецца, што пасля пачатку работы адзінай сістэмы беларусам будзе прасцей падарожнічаць.

У школах пройдуць экзамены і выпускныя

Ужо сёння ў школах пройдуць апошнія званкі, і ўсе акрамя 9-х і 11-х класаў пойдуць на летнія канікулы.
Выпускнікі будуць здаваць экзамены, у дзевяцікласнікаў іх будзе тры: дыктант па беларускай (2 чэрвеня), дыктоўка па рускай (7 чэрвеня) і кантрольная па матэматыцы (9 чэрвеня). Адзінаццацікласнікі здадуць чатыры фінальныя выпрабаванні: пераказ па рускай або беларускай, кантрольную па матэматыцы, вусны экзамен па гісторыі Беларусі і аўдзіраванне па замежнай мове.
Выпускныя вечарыны пройдуць 10 чэрвеня. А далей іх чакае паступленне ў ВНУ ці каледжы, армія ці праца – хто што выбера.

Без спіртнога

Многія беларусы ўжо прызвычаіліся, што ў канцы мая - пачатку чэрвеня ў краіне часова дзейнічае "сухі закон". Крамы і ларкі перастаюць прадаваць алкаголь – на апошнія званкі, на час правядзення выпускных у школах, а таксама ў сувязі з мерапрыемствамі да Міжнароднага дня абароны дзяцей (1-2 чэрвеня).
Прадаць алкаголь гэтымі днямі могуць толькі на разліў у аб’ектах грамадскага харчавання. А часам нават у выпадку асабліва жыццёвай неабходнасці – вяселле і святкаванне юбілейных дат.

Сканчаецца рэгістрацыя на ЦТ

Да заканчэння рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне застаецца два дні, дэдлайн заявак – ужо 1 чэрвеня. Тым, хто яшчэ не паспеў стаць удзельнікам ЦТ і плануе паступаць у ВНУ гэтым летам, трэба паспяшацца. Рэгістрацыю можна прайсці двума спосабамі: у пункце, дзе будзе праходзіць ЦТ, або запоўніўшы электронную форму на сайце РІКВ.
За здачу аднаго прадмета на ЦТ трэба заплаціць 3 рублі 20 капеек.

Падаражэнне цыгарэт – але толькі адной маркі

Як і ў мінулым месяцы, беларускія вытворцы не сталі моцна накручваць цэны на тытунь і зрабілі невялікае патуранне курцам: у чэрвені падаражэе толькі адна марка – Pall Mall Nano Silver. Кошт аднаго пачка вырасце з 3 рублёў 15 капеек да 3 рублёў 45 капеек.

Здымаюцца забароны для рыбакоў

Аматары летняй рыбалкі, нарэшце, могуць узяць вуды і адправіцца на любімы вадаём. З 1 чэрвеня адменяцца забарона, якая была ўведзена яшчэ ў красавіку ў сувязі з нерастам рыбы. Сезоннае абмежаванне будзе дзейнічаць па 8 чэрвеня толькі для Віцебскай вобласці.
Рыбакі на Сомінскім возеры
Аднак некаторыя забароны ўсё ж застануцца: усё лета нельга будзе лавіць сома. Астатнюю рыбу – можна.

У Мінску стане менш транспарту

З 1 чэрвеня ў Мінску стане значна меней грамадскага транспарту. Некаторыя аўтобусы, тралейбусы і трамваі прыпыняць сваю працу з надыходам летняга перыяду. Такое рашэнне ў "Мінсктрансе" тлумачаць традыцыйным зніжэннем пасажырапатоку.

Ці падаражэе яшчэ паліва?

У маі аўтапаліва ў Беларусі даражэла чатыры разы (па стане на 30-е чысло) – ва ўсіх выпадках на 2 капейкі. Пачынаючы з 1 сакавіка, цэны на бензін і салярку мяняліся кожны аўторак – на АЗС кошт паліва абнаўлялася сёлета ўжо 13 разоў.
Калі ўлічыць, што бензін і дызель на АЗС у мінулым годзе даражэлі 30 разоў (праўда, тады кожнае павышэнне было на 1 капейку), у 2022-м беларускіх аўтамабілістаў, верагодна, чакае яшчэ не адно падаражанне.
Цяпер літр 92-га бензіну каштуе 2 рублі 26 капеек, 95-га і саляркі – 2 рублі 36 капеек, 98-га – 2 рублі 58 капеек. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, за чэрвень кожная пазіцыя падаражэе яшчэ на 8 капеек.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Не блытаць з ЦТ! Высветлілася, як у школьнікаў пройдзе цэнтралізаваны экзамен
Як беларусам паступіць у ВНУ Расіі – пакрокавая інструкцыя
ЦТ-2022: якім абітурыентам не трэба здаваць тэсціраванне