Наступнае пасяджэнне ЕМУС пройдзе ў Кыргызстане – Малкіна

Міжурадсавет у Мінску завяршыўся падпісаннем 15 дакументаў, сярод якіх – пагадненне аб рэгуляванні алкагольнага рынку ў рамках ЕАЭС і даручэнне аб стварэнні і развіцці транспартнай інфраструктуры.
Sputnik
МІНСК, 21 чэр – Sputnik. Наступнае пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета пройдзе ў Чалпон-Аце, які размяшчаецца на ўзбярэжжы возера Ісык-Куль у Кыргызстане, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Еўразійскай эканамічнай камісіі Ія Малкіна ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik.
"Наступнае пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета адбудзецца 25-26 жніўня ў Чалпон-Аце", - адзначыла яна.
Такое рашэнне прынята на пасяджэнні ў Мінску. Прэм’ер-міністры краін "пяцёркі" правядуць сустрэчу паблізу славутага возера Ісык-Куль.
Нагадаем, пасяджэнне Савета ЕЭК, на якім віцэ-прэм’еры краін абмяркуюць чарговыя аспекты еўразійскай інтэграцыі, пройдзе ў Віцебску 15-16 ліпеня. Такую прапанову агучыў на сённяшнім пасяджэнні Савета ў Мінску беларускі віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Пры гэтым ён запрасіў прадстаўнікоў краін прыехаць у Беларусь на дзень раней на адкрыццё "Славянскага базару".

Вынікі ЕМУС у Мінску

Прэм’ер-міністры краін-удзельніц ЕАЭС падпісалі 15 дакументаў па выніках пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета, якое прайшло ў Мінску 20-21 чэрвеня.
Сярод падпісаных дакументаў – распараджэнне "Аб камісіі па кааперацыі і імпартазамяшчэнні ў прыярытэтных і высокатэхналагічных галінах прамысловасці ў рамках ЕАЭС". Пра гэта ў аўторак казаў кіраўнік расійскага ўрада Міхаіл Мішусцін.
"Перспектыўным лічым узаемадзеянне ў сферы авіябудавання, фармацэўтыкі. Прапануем актывізаваць узаемадзеянне і па лічбавым парадку дня", - сказаў ён.
У ліку падпісаных дакументаў таксама ёсць даручэнні – "Аб ходзе работы над праектам пагаднення аб рэгуляванні алкагольнага рынку ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза", "Аб стварэнні і развіцці транспартнай інфраструктуры на тэрыторыях дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў напрамках "Усход-3апад" і " Поўнач-Поўдзень", у тым ліку ў рамках спалучэння з кітайскай ініцыятывай "Адзін пояс. Адзін шлях".
Старшыня калегіі ЕЭК Міхаіл Мясніковіч, гаворачы аб гэтым, адзначыў, што будзе сфарміраваны новы міжнародны транспартны калідор Еўропа – Заходні Кітай. Для гэтага будзе пракладзена чыгунка ў Арменіі, рэканструявана аўтамабільная дарога М1 з адгалінаваннем на Беларусь, пабудавана чыгунка Кітай – Кыргызская Рэспубліка – Узбекістан.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Новы транспартны калідор Еўропа – Заходні Кітай пройдзе праз Беларусь
Мішусцін прапанаваў паскорыць пераход на ўласныя фінансавыя механізмы
ЕАЭС трымае абарону ў глабальнай эканамічнай вайне – Галоўчанка