Мінздароўя дало рэкамендацыі беларусам падчас спёкі

У рэспубліцы назіраецца спякотнае надвор’е, слупок тэрмометра днём будзе перавышаць адзнаку +30°С.
Sputnik
МІНСК, 26 чэр – Sputnik. Міністэрства аховы здароўя з-за моцнай спякоты нагадала беларусам аб правілах бяспечных паводзін на адпачынку і рабоце на адкрытым сонцы.
Асабліва медыкі звяртаюць увагу на тое, што купацца ў адкрытых вадаёмах трэба толькі ў абсталяваных месцах, таксама нельга пакідаць без нагляду дзяцей.
"Рэкамендуем выконваць пітны рэжым і насіць галаўныя ўборы", - падкрэслілі ў ведамстве.
Міністэрства аховы здароўя заклікае грамадзян абмежаваць знаходжанне на вуліцы, знізіць фізнагрузкі, а памяшканні праветрываць і ўключаць у іх па магчымасці вентылятары або кандыцыянеры. Лепш апранаць лёгкае адзенне з натуральных тканін светлай расфарбоўкі, на вуліцы абавязкова карыстацца галаўным уборам, сонцаахоўнымі акулярамі, парасонамі.
Каб пазбегнуць абязводжвання, трэба піць шмат вады. Салодкіх газіровак, энергетыкаў і алкаголю лепш пазбягаць. Медыкі раяць выключыць у спякоту з рацыёну тлустыя, смажаныя і салодкія стравы.
Таксама Міністэрства аховы здароўя не рэкамендуе цяжкую фізічную нагрузку падчас спякоты, а падчас такой работы трэба часцей рабіць перапынкі і піць шмат вадкасці.

Прыкметы цеплавога ўдару

Галоўнай прыкметай цеплавога ўдару з’яўляецца высокая тэмпература цела (40°С і вышэй). Таксама ўзнікае моцная смага, няма потавыдзялення, а скура (можа і чырванець) становіцца гарачай і сухой навобмацак. Пры цеплавым удары, выкліканым напружанай фізічнай працай, скура звычайна вільготная, ліпкая.
Акрамя таго, пачашчаецца дыханне, павялічваецца частата сардэчных скарачэнняў, можа развіцца пульсуючы галаўны боль.

Першая дапамога

Калі ж цеплавы ўдар заспеў чалавека на вуліцы, у першую чаргу, медыкі раяць зайсці ў прахалоднае памяшканне, зняць абутак і цеснае адзенне, абярнуцца вільготнай прасціной або ўключыць вентылятар.
Пры магчымасці можна прыняць халаднаватую ванную ці душ.
Пажадана пры першых сімптомах перагравання (вільготная счырванелая скура, слабасць, млявасць, дрымотнасць, галаўны боль, смага, пачашчэнне пульсу і дыхання, млоснасць) і прыкмет харчовага атручвання (болі ў жываце, рвота, дыярэя) варта неадкладна звярнуцца да ўрача.
У Міністэрстве аховы здароўя звярнулі ўвагу, што да найбольшай рызыцы цеплавога ўдару схільны дзеці і пажылыя людзі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Спёка ў Беларусі: якія могуць быць наступствы, расказалі ў МНС
Чаму нельга піць, як ныраць у ваду і ратаваць тапельцаў, распавялі ў ТВВОД
Наступіла лета: для адпачывальнікаў у Мінску гатова больш за 20 пляжаў