МІНСК, 7 жні – Sputnik. Яшчэ дзевяць відаў спорту могуць увайсці ў алімпійскі спісак. Міжнародны алімпійскі камітэт збіраецца прадставіць іх у 2028 годзе на Алімпійскіх гульнях, якія адбудуцца ў амерыканскім Лос-Анджэлесе, паведамляе insidethegames.biz.
Дазвол на падачу заявак для ўключэння ў праграму АГ атрымалі крыкет, аўтаспорт, каратэ, бейсбол/софтбол, лакрос, брэйк-данс, кікбоксінг, сквош і флаг-футбол (версія амерыканскага футбола).
Дарэчы, крыкет ужо адзначаўся ў праграме Алімпіяды, было гэта ў 1900 годзе на Гульнях у Парыжы. У гэтым жа годзе з’яўляўся і аўтаспорт, але ён не ўваходзіў у алімпійскую праграму, хаця медалі пераможцам былі ўручаны.
Вядома, што Міжнародная аўтамабільная федэрацыя (FIA) хоча прапанаваць на АГ-2028 у Лос-Анджэлесе яшчэ і картынг.
Лакрос таксама ўключаўся раней у алімпійскую праграму Гульняў. Было гэта ў 1904 годзе ў Сэнт-Луісе і ў 1908-ым у Лондане. Таксама лакрос быў паказальным відам у Амстэрдаме (1928), Лос-Анджэлесе (1932) і Лондане (1948).
А вось прадстаўнікам кікбоксінга і сквоша ніколі не даводзілася выступаць на Алімпійскіх гульнях, бо гэтыя віды спорту не былі часткай алімпійскай праграмы.
Канчатковае рашэнне па дадатковых дысцыплінах для Гульняў у Лос-Анджэлесе будзе прынята на сесіі МАК, якая пройдзе ў наступным годзе ў Мумбаі.
Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе пройдуць у 2028 годзе з 14 па 30 ліпеня.
Гэты амерыканскі горад ужо прымаў раней Алімпійскія гульні, было гэта ў 1984 годзе.
Не ўсе жадаюць праводзіць Алімпіяды
З кожным годам жадаючых прыняць Алімпійскія гульні ўсё менш. Галоўнай праблемай бачыцца іх кошт, а таксама немагчымасць выкарыстоўваць некаторыя аб’екты пасля завяршэння Гульняў.
У чэрвені 2017 года МАК назваў Парыж і Лос-Анджэлес сталіцамі летніх Гульняў 2024 і 2028 года, даўшы ім магчымасць разабрацца паміж сабой, хто якія правядзе.
Сярод прэтэндэнтаў таксама былі Гамбург, Будапешт, Рым і Осла, але яны свае кандыдатуры знялі з-за непрапарцыянальна вялікіх затрат.
Як правіла, Алімпіяды прыносяць прыбытак толькі МАК і падрадчыкам на месцах, а вось бюджэт краіны церпіць страты. Гэта датычыцца ўсіх без выключэння Гульняў, калі ўключаць у суму выдаткаў затраты на інфраструктуру.
Краіны, якія жадаюць прыняць Алімпіяду, спадзяюцца на павелічэнне турыстычнага патоку, павышэнне прывабнасці краіны ў свеце, а таксама на прыбытак ад продажу тэлевізійных праў.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Міністр спорту РФ: без нашых краін развіццё сусветнага спорту будзе нецікавым
Кіраўнік МАК выступіў супраць адхілення атлетаў РФ і Беларусі ад спаборніцтваў
Беларуская тэнісная федэрацыя падала апеляцыю ў Спартыўны суд