Глог – лекі і старадаўнія ласункі, або Гісторыя на смак

Этнограф Ларыса Мятлеўская звяртае ўвагу на лекавыя ўласцівасці глогу і прапануе кухаркам адрадзіць гістарычную рэцэптуру ХІХ стагоддзя.
Sputnik
У верасні заўсёды хочацца, каб лета працягнулася і, мабыць, такім прыемным падаецца цёплае "бабіна лета", якое звычайна прыпадае на сярэдзіну месяца. Адна з яго прыкмет – выспяванне глогу. Гэты прыгожы кустарнік з яркай чырваннню пладоў, сабраных у кошыкі, здаўна вядомы народнай медыцыне і як дэкаратыўная расліна расце ў садах, парках і ўздоўж дарог. Яго чырвоныя плады – прыемная ежа і лекі.

Лекавая расліна

Адкуль узяўся глог – нікому дакладна невядома, але лічыцца, што ўпершыню ён з’явіўся ў Заходняй Еўропе. Першыя летапісныя згадкі аб расліне і яе лекавых якасцях знойдзены ў запісах старажытнагрэчаскага філосафа Феафраста. Лацінская назва расліны "crataegus" грэчаскага паходжання і верагодна ад слова "cratos", што азначае "моц", чым магчыма хацелі падкрэсліць цвёрдасць яе драўніны. З драўніны глогу і цяпер робяць сталярныя вырабы. Адварам кары ў чырвоны колер фарбуюць тканіны, а карані даюць жоўты колер.
Плады глогу багатыя на флаваноіды, дубільныя рэчывы, цукры, арганічныя кіслоты, тлустыя алеі, гліказіды, эфірныя алеі, карацін, халін, вітаміны К, Е, С і інш. Такія ж каштоўныя і кветкі глогу. Дарэчы глог, як і вішня, з сям’і ружакветных. Лекавыя прэпараты з глогу лічацца малатаксічнымі. Ды ўсё ж перад тым, як ужываць глог у якасці лекаў, трэба раіцца са сваім доктарам. Не даюць іх гіперадчувальным пацыентам, дзецям да 12 гадоў і цяжарным.
Збор лекавага глогу
А дакладней, фармакалагічныя ўласцівасці глогу такія: галоўным чынам аказвае кардыятанічнае дзеянне, дазваляе пазбегнуць інсульту і інфаркту. Акрамя таго, валодае спазмалітычным, гіпатэнзіўным, седатыўным і супрацьсклератычным дзеяннем. Таксама эфектыўны пры захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы.
Вандруючы ў пошуках нацыянальнай кулінарнай спадчыны, лёс занёс мяне ў латвійскі горад Даўгаўпілс. У колішнім Дзвінску, які мяжуе з Беларуссю, і цяпер жыве немала этнічных беларусаў, якія збіраюць і захоўваюць кулінарныя і лекавыя рэцэпты гэтага краю. Там пашанцавала мець гутарку з сапраўднай зяляркай, дыпламаваным доктарам Анастасіяй Сазанковай, аматаркай і прыхільніцай беларускай традыцыйнай культуры.
Анастасія Сазанкова ўзгадвала, што за час сваёй саракагадовай лекарскай практыкі не раз выкарыстоўвала рэцэпты народнай медыцыны. Глог раіла прымяняць так:
"Унутр у выглядзе настойкі і экстракту па 20-30 кропель 3-4 разы на дзень. У выглядзе настою – па 15-30 мл 2-3 разы на дзень".
Дарэчы, плады глогу дзякуючы ўтрыманню значнай колькасці клятчаткі і пекцінаў, здольны дапамагчы адсарбіраваць і вывесці з арганізма некаторыя таксіны, солі цяжкіх металаў, у тым ліку іх радыеактыўныя ізатопы.
Плады збіраюць спелымі, і асабліва смачныя яны пасля першых прымаразкаў. Калі не гатаваць з іх якую-небудзь смакату, то варта глог сушыць у сушыльнях пры тэмпературы да 70 градусаў або на сонцы. У ХІХ стагоддзі спелы глог сушылі так: ачышчалі ад хвосцікаў і апушэння, разрэзалі напалам, мылі і сушылі ў рэшаце ў печы на "самым лёгкім духу, часта пераварочваючы". Сухі глог трэба трымаць у слоіках у сухім месцы.

Гістарычны смак глогу

З глогу гатуюць варэнне, джэмы, кісялі, сокі, супы, салаты, разнастайныя дэсертныя стравы, гарбату і нават каву! Як варыць варэнне і кісель вядома многім, таму прапаную парадаваць блізкіх супам і кавай з глогу.
Дарэчы, у беларускай кухні нямала рэцэптаў фруктова-ягадных супоў. Іх гатавалі не толькі для пераборлівай у ежы шляхты, вядомыя яны былі і ў сялянскім асяроддзі, дзе падобныя стравы стваралі прасцей па спосабе гатавання, інгрыдыентах і падачы. На жаль, многія з рэцэптаў лёгкіх і адначасова пажыўных супоў былі страчаныя, і тым больш прыемна вяртаць у жыццё гістарычныя смакі.
Гатаваць будзем па рэцэптах, якія былі вядомыя яшчэ нашым прабабулям. Прапаную два кулінарныя варыянты дэсертных супоў з глогу, змешчаныя Вінцэнтай Завадскай у першай беларускай кулінарнай кнізе "Літоўская кухарка".
Ягады глогу

Суп з глогу

З чаго гатаваць:
4,5 шк. свежага або 3 шк. сушанага глогу,
2-3 французскія булкі (багет),
1,5 шк. віна,
1,5 шк. вады,
100 г цукру,
карыца (па смаку).
Як гатаваць. Спелы свежы або сушаны глог заліць вадой так, каб яна пакрыла яго. Разварыць з мякішам ад фрацузскай булкі, добра размяшаць, прапусціць праз густое сіта. Узяць віна, напалову разведзенага вадой, усыпаць цукру, крыху карыцы, закіпяціць. Уліць атрыманую сумесь у пюрэ з глогу і падаць з грэнкамі.

Суп з глогу іначай

З чаго гатаваць:
1,25 л свежага глогу,
1 шк. віна,
4 жаўткі,
1 ст. л. мукі,
1 шк. смятаны,
200 г цукру,
2-3 зерні гваздзікі,
карыца (па смаку),
молаты цыкорый (па патрэбе).
Як гатаваць. Зварыць глог з вадой і шклянкай віна, працерці праз сіта. Узяць жаўткі, шклянку смятаны, лыжку "добрай" мукі (ці па назве ХІХ ст. "цудоўнай" – мукі вышэйшага гатунку), цукар і прыправы – змяшаць усё з гарачым адварам глогу, нагрэць і наліць у супніцу праз сіта.

Кава з глогу

З чаго гатаваць:
200 мл вады,
20 г парашку глогу,
15 г цукру,
молаты цыкорый (па патрэбе).
Як гатаваць. Апарыць кіпенем плады глогу, прасушыць сурвэткай, дасушыць у духоўцы. Размалоць на млынку для кавы. Перад гатаваннем кафейнік абліць кіпенем, усыпаць парашок глогу, заліць кіпенем і даць пастаяць 5-8 хв. Па жаданні можна дадаць молаты цыкорый і цукар.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Незвычайная "каліна звычайная", або Сапраўдная беларуская кава
Васілёк – аптэка і сталоўка ў адной талерцы
Вясна на кухні, або Малачай – лекі, ласунак і ежа
Апетытны хрэн – лекі і ежа
Суніцы сэрца робяць вясёлым, а чарніцы вочы – здаровымі!