Суніцы сэрца робяць вясёлым, а чарніцы вочы – здаровымі!
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяСуніцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца рэцэптамі да ягаднага лета і распавядае пра вясковыя завядзёнкі.
Гарачы ліпень прыспешыў выспяванне ягад у садзе і на лясных палянах. У цені старых яблынь цешаць вока маліны, парэчкі, смуродзіна і агрэст. Самы час заняцца назапашваннем каштоўных вітамінаў і гатаваннем смачных страў са свежых ягад. А дапаможа нам у гэтай справе вопыт нашых бабуль.
Вясковыя завядзёнкі
Улетку вёска напаўняецца дзіцячымі галасамі. Гэта з горада на пабыўку да бабуль прыязджаюць унукі. Іх жыццё часта напоўнена толькі гульнямі і забавамі, у той час як вясковыя дзеці далучаны да гаспадарчых клопатаў. Хадзіць гурбой па ягады пад наглядам дарослых ці без іх – адзін са звыклых дзіцячых абавязкаў і цяпер.
Лясныя дарункі збіралі не толькі для сябе, але і на продаж. Таму ў сезон, калі лес быў побач, "у ягады" выпраўляліся бадай штодня. Калі ж лес належыў гаспадару, то ён прызначаў пэўныя дні ўсеагульнага збірання ягад. Часцей за ўсё гэта былі святочныя дні, калі большасць гаспадарчых абавязкаў была забаронена. За магчымасць збіраць у панскім лесе гаспадару аддавалі частку сабранага або плацілі грашыма. Калі дарослым не выпадала выбрацца ў лес, то туды, узброіўшыся кошыкамі, глінянымі збанкамі з-пад малака, берасцянымі каробкамі-"кузюмкамі", адпраўляліся дзеці. Знаёмыя малюнкі!
Чарніцы ў лесе
© Sputnik / Егор Еремов
/ Спасцігаць навуку збірання ягад пачыналі прыкладна з шасці гадоў. Спачатку трэба было напоўніць чарку, пасля жалезны кубачак або шклянку. Каб гэта зрабіць, дзеці, назіраючы адзін за адным, хутка засвойвалі пэўныя правілы паводзін у лесе. Напрыклад, калі моцна крычаць аб знойдзеных ягадах, да цябе хутка збягуцца тыя, хто побач, і застанецца толькі назіраць, як напаўняюцца чужыя кошыкі. А яшчэ, суніцы лепей збіраць за хлопцамі, якія пад ногі добра не ўзіраюцца, а толькі пратоптваюць, як мядзведзі, у густой траве сцежкі. Дастаткова толькі ісці за імі і класці ў кубачак буйныя спелыя ягады.
Асабліва каштоўнымі лічыліся суніцы. Старыя зяляркі лячылі просты і заможны люд гарбатай, у якую ўваходзілі лісце, плады і кветкі суніц. Як і ў малін, у суніц добрае гарачкапаніжальнае дзеянне. Асабліва такую гарбату здаўна раялі даваць пры прастудзе дзецям і ад галаўнога болю.
Але суніцы дамапагалі не толькі ад прастуды. Дарэчы, ягада – незаменны дыетычны сродак пры захворваннях сэрца, печані, нырак, асабліва пры парушэнні ліпіднага і мінеральнага абмену. Свежымі ягадамі лечаць гастрыт і язвавую хваробу страўніка, жоўцекамнёвую і нырачнакаменную хваробы, ужываюць пры атэрасклератычных змяненнях сасудаў сэрца, гіпертанічнай хваробе, а таксама для паляпшэння апетыту і рэгулявання стрававання.
Лічылася, што ўжыванне суніц "робіць сэрца вясёлым". А вось чарніцы часцей за ўсё ўжывалі, калі балеў жывот і каб палепшыць зрок.
Назбіраўшы ягад, дзеці вярталіся дадому. Дарослыя заўсёды хвалілі іх за стараннасць.
Ягадны здабытак стараліся спажыць як найхутчэй. У гэта цяпер цяжка паверыць, але ў 60-я гады ХХ стагоддзя халадзільнікаў у вёсцы не было. Прадукты, якія хутка псаваліся, сушылі ці захоўвалі на крыгах лёду ў склепе, апускалі на вяроўках у пасудзінах у калодзеж, або хутка спажывалі.
Правільна сушым суніцы і чарніцы
Ягады суніц перабіралі, але не мылі, насыпалі тонкім слоем на сіта. Раней суніцы сушылі ў печы, сёння – ў духоўцы: спачатку пры t 40-50, а ў канцы – пры 60 градусах. Працягласць сушкі – 2-4 гадзіны. За гэты час суніцы трэба некалькі разоў перамяшаць, каб не перасохлі і не падгарэлі.
Чарніцы ж сушаць прыкладна такім жа чынам, але часцей проста на сонцы, рассыпаўшы тонкім слоем на палатно з лёну.
Сушаныя ягады захоўвалі ў гліняным посудзе.
Гатуем з ягадамі па-беларуску
У вёсцы лясныя ягады елі са смятанай і малаком, дадавалі ў малочны суп з тварагом, гатавалі кулагу.
Малочны суп з лясных ягад
З чаго гатаваць:
1 л малака,
250-300 г тварагу,
150-200 г лясных ягад.
Як гатаваць. Халоднае малако ўліць у вялікую міску, пакласці ў яго добра адціснуты тварог, усыпаць цэлыя ягады і ўсё добра перамяшаць. Па жаданню суп можна крыху падсаладзіць, але звычайна гэтага не рабілі.
Порцыя разлічана на чатыры чалавекі, калі ж намалюецца пяты, то варта дадаць прыкладна дзвесце грамаў малака. З агульнай міскі суп разлівалі па талерках і елі ў прыкуску з белым хлебам. Дарэчы пшанічны хлеб называлі белым, а жытні – чорным.
Кулага беларуская
Падчас вандроўкі ў пошуках старадаўніх кулінарных рэцэптаў пашанцавала завітаць у Сененскі раён Віцебскай вобласці і запісаць цудоўны рэцэпт кулагі беларускай. Гэты найсмачнейшы дэсерт вядомы паўсюдна ў Беларусі і значна адрозніваецца ад кулагі рускай. Беларускі варыянт гатуюць з любых лясных ягад – суніц, чарніц, малін, брушніц, буякоў, каліны і нават чаромхі, вішні і сліў, папярэдне ачышчаных ад костачак.
З чаго гатаваць:
1 кг ягад,
1 л кіпню,
3-4 ст л аржанай мукі,
1-2 ст л мёду,
1 шклянка цукру.
Як гатаваць. Гліняны гаршчок запаўняецца напалову ягадамі, напалову вадой (1:1). Варыць яе можна як у печы, так і на пліце. Калі ягады разварацца, да іх падсыпаюць аржаную муку і перамешваюць да той пары, пакуль не ўтворыцца маса, падобная да кісялю.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКулага беларуская па-сененску
Кулага беларуская па-сененску
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Перш, чым кулага будзе прыгатаваная, у сярэдзіне варкі яе запраўляюць цукрам і мёдам. Цукру можна зусім не дадаваць, скарыстаючы толькі мёд. Але ў гэтым выпадку мукі дадаюць на 1-3 ст лыжкі болей – у залежнасці ад кансістэнцыі кулагі, якая павінна нагадваць рэдкую кашу.
Сунічныя прысмакі
Найвыдатнейшым чынам умелі гатаваць стравы з суніц беларускія гаспадыні ў мінулым. Кожная з іх валодала пэўнымі кулінарнымі сакрэтамі. Напрыклад, каб далікатныя ягады ў пенках, варэннях і крэмах не развальваліся, іх апрацоўвалі спіртам. Для крэмаў, пенак і жэле ягады праціралі праз сіта, добра фільтравалі. Гатовы прадукт расфасоўвалі па дробных гліняных ёмістасцях, каб можна было спажыць за адзін раз.
Вось вам рэцэпты сунічных ласункаў, папулярных больш за сто гадоў таму. Для вас падгледзела іх у Ганны Цюндзявіцкай (кніга "Літоўская гаспадыня", 1848) і Вінцэнты Завадскай (кніга "Літоўская кухарка. Першая беларуская кулінарная кніга", 1854). Наўмысна хочацца перадаць старажытныя рэцэпты, як кажуць слова ў слова, каб зацікаўлены змог адчуць смак мовы, эпохі і плынь думак гаспадыні.
Суніцы для марожанага, пенак і крэмаў на зіму
Рэцэпт ад Ганны Цюндзявіцкай:
"Свежыя ягады праціраюць праз сіта і вараць іх, дадаўшы фунт (409,5 г) ці паўтара фунта цукру на фунт цёртых суніц. Запечаная з такімі суніцамі пенка нічым не адрозніваецца ад летняй, а крэм і марожанае нібыта са свежых ягад прыгатаваны. Калі суніцы праціраюць, насенне ад іх выкідаюць, аднак варта частку яго пакінуць, каб было падобна на свежыя ягады. Маліну гатуюць гэткім жа чынам, але яна вадзяністая, не такая густая і смачная, як суніцы".
Жэле сунічнае
Рэцэпт ад Вінцэнты Завадскай:
"Адціснуць сок з сырых спелых суніц, працадзіць і пракіпяціць, каб аддзяліць асадак. Потым узяць на 2 шклянкі чыстага сунічнага соку, шклянку соку з зялёнага агрэсту, а на шклянку змяшанага соку 2 шклянкі дробнага цукру і гатаваць, спачатку на большым, потым на малым агні, часта спрабуючы ці не сцягваецца ўжо жэле (выліваючы трохі вадкасці на сподачак, які трэба трымаць у халоднай вадзе)".
Здаецца, што ягадныя ласункі ў любы час, а асабліва ў летнюю спякоту, здольны паляпшаць настрой. А таму – смачна есці!
Чытайце таксама:
Беларуская народная кухня: гатуем стравы з лісічак
Алей, суп і каша: што яшчэ нашы продкі гатавалі з дзядоўніка
Госць на парозе: народныя правілы беларускага этыкету