МІНСК, 13 кас – Sputnik. Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў (МССПР) прапануе свой рэцэпт зніжэння цэн на прыкладзе рынку сельгаспрадукцыі, паведамляе Sputnik.
Прынцыпы выкладзены ў пісьме саюза, якое накіравана ў МАРГ. У ім гаворыцца, што трэба вырашыць праблему нізкага ўзроўню інфармацыйных патокаў аб тых ці іншых прапановах на рынку.
"Неабходна ствараць сучасныя пляцоўкі, у тым ліку і ў сетцы інтэрнэт для прасоўвання прадукцыі сельгасвытворцаў, каардынацыі, кааперацыі яе прадаўцоў і пакупнікоў, паляпшэння канкурэнтнага асяроддзя", – паведамляецца ў пісьме.
Іншая праблема – высокі ўзровень манаполіі ў імпарце агародніны і садавіны. Саюз робіць акцэнт, што "адна з буйных рознічных сетак" увозіць у краіну каля 40% усіх бананаў. У пісьме не ўдакладняецца, што гэта за кампанія.
Прадпрымальнікі прапануюць знізіць манаполію праз празрыстыя працэсы імпарту. На практыцы гэта можа выглядаць так: буйныя гандлёвыя сеткі, якія адначасова з’яўляюцца імпарцёрамі, будуць абавязаны прадаваць частку ўвезенага тавара праз аўкцыёны іншым рознічным бізнесам.
МССПР таксама звяртае ўвагу, што ў крамах ёсць бар’еры для прадукцыі асабістых падсобных гаспадарак. Праз гэта пастаўшчыкі такога тавару нясуць дадатковыя выдаткі, каб прадаць прадукцыю на рынках і кірмашах. Гэта павышае цану для канчатковага спажыўца.
"Прапануем спрасціць гэтую схему. Тэхнічныя магчымасці ў краіне ёсць. Прапануем таксама стварыць умовы для пастаўкі натуральнамалочнай прадукцыі фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак у крамы, у тым ліку продажу яе праз фондаматы (аўтаматы, праз якія здаецца выкарыстаная тара або прадаюцца тавары ў стандартнай тары – Sputnik)", - лічаць прадпрымальнікі.
Яшчэ адна прапанова бізнес-саюза – даць больш магчымасцей рознічнага гандлю для закупкі сельгаспрадукцыі за наяўныя ў фізічных асоб.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Урад удакладніў, як у Беларусі будуць фарміравацца стабфонды
Мінздароўя рыхтуе два дакументы па цэнах у аптэках
Лукашэнка даручыў забараніць павышэнне цэн
Міністэрства аховы здароўя таксама ўводзіць забарону на рост цэн на лекі
Лукашэнка не разумее, чаму растуць цэны на беларускія тавары