Знайсці музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры ў Мінску не так і лёгка, хаця размешчаны ён у самым цэнтры беларускай сталіцы. Нейкіх спецыяльных паказальнікаў на мясцовасці няма, на картах таксама, а лесвіцу з больш чым паўсотняй прыступак, якая знаходзіцца ў самым пачатку былой Гандлёвай, а цяпер Зыбіцкай вуліцы, ведаюць многія, толькі не ведаюць дакладна, куды яна вядзе.
Таямнічы дом у Музычным завулку
Дом масонаў 18 стагоддзя ў Мінску – адна са славутасцей беларускай сталіцы, якая знаходзіцца ў Верхнім горадзе. Першая масонская ложа ў свеце з’явілася ў сталіцы Англіі ў 1717 годзе. У Мінску ж масоны з’явіліся у час праўлення Аляксандра I, прыкладна праз стагоддзе.
Гэта, бадай, адзін з самых таямнічых помнікаў Мінска і не толькі таму, што яго цяжка знайсці. Цудам уцалелы Дом масонаў не адразу адшукае ў Старым горадзе нават карэнны мінчанін. Гэты трохпавярховы будынак на высокім цокалі з цэглы і вялікіх валуноў быў узведзены ў канцы ХVIII – пачатку ХIХ стст. у форме мальтыйскага крыжа. Калісьці тут, як кажуць, збіраліся сябры мінскай масонскай ложы "Паўночны факел", заснаванай у 1816 годзе. Паводле падання, мінскі Дом масонаў наведваў будучы дзекабрыст, адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства Мікіта Мураўёў, які ў 1821–1822 гг. жыў у Мінску, а сярод 200 членаў ложы, быў нават мінскі віцэ-губернатар Камінскі.
Будынак першапачаткова не меў вокнаў. Збоку ўсё выглядала так, быццам за шклом вісяць фіранкі ці каляровыя вітражы. У 1822 годзе, калі імператарскім указам дзейнасць "вольных муляраў" была забаронена на тэрыторыі Расійскай імперыі, маёмасць брацтва, якое не паспелі прыхаваць, прылюдна спалілі на Ляхаўскай пустэчы, у раёне цяперашняга стадыёна "Дынама". У ХIХ стагоддзі тут здымала жыллё сям’я будучага кампазітара Станіслава Манюшкі і на гэты адрас прыходзілі лісты яго сяброў і прыхільніц.
Цяпер, у Доме масонаў размяшчаецца Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Музей быў створаны ў 1990 годзе і першапачаткова знаходзіўся на Старавіленскай вуліцы. У новы адрэстаўраваны будынак, аддадзены спецыяльна пад патрэбы культурнай установы, музей пераехаў у 2001 годзе, а цяпер ён з’яўляецца філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
Культурны код як гарант гістарычнай памяці
Гэты год у Беларусі аб’яўлены Годам гістарычнай памяці. Гэта добра і правільна, таму што быць "іванамі, якія сваяцтва не памятаюць", сорамна, ды і небяспечна, калі паглядзець на суседзяў. Толькі памяць гэтая не на пустым месцы ўзнікае, для гэтага культурны пласт патрабуецца і, чым ён глыбейшы, тым лепш. Бо нацыя – гэта, перш за ўсё, агульнасць людзей, якая ўзнікла на базе мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага склада, што праяўляецца ў агульнасці культуры.
Адкрываючы выставу да 85-годдзя народнага артыста Беларусі, акадэміка Міжнароднай акадэміі Тэатра, уладальніка Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" Барыса Луцэнкі, яго ўдава, Людміла Пятроўна сказала: "Я адчула сябе ў гэтым музеі так, быццам прыйшла ў госці да сваіх сяброў, якіх даўно не бачыла і па якіх засумавала. Вось зараз раздадуцца іх галасы. І мы сядзем за накрыты стол. Будзем піць гарбату і казаць аб самым галоўным – аб мастацтве, кожны, вядома, аб сваім, але ўсе разам аб тым кавалачку зямлі, які, маючы шматвяковую гісторыю і культуру, завецца Беларуссю".
Барыс Луцэнка
© Photo : з архіва сям'і Барыса Луцэнкі
Людміла Луцэнка, як мне здаецца, выказала самае галоўнае. Тут сапраўды захоўваюцца рарытэты, якія адносяцца да часу вытокаў беларускай культуры, але ёсць і найшырэйшыя разлівы творчасці вялікіх дзеячаў музычнага і сцэнічнага мастацтва нашай рэспублікі. Мы бачым гэта ў экспазіцыях музея, дзе гісторыя краіны і свету ажывае. Праз матэрыяльную культуру: сукенка простай жанчыны ці княгіні – ажывае цэлая эпоха і гэта можа здарыцца толькі ў музеі. Тут пануе сапраўдная прыгажосць духу, намоленая пакаленнямі геніяльных творцаў.
Як Беларусь адрозніваецца ад усяго свету сваёй чысцінёй, нейкім дабрабытам, так і Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры не падобны на чапурыстыя прылізаныя суперсучасныя музеі, дзе ўсё аблічбавана, улічана і падлічана да грама і сантыметра, дыстылявана і абястлушчана…
Барыс Луцэнка сярод блізкіх
© Photo : з архіва сям'і Барыса Луцэнкі
Тут, у добрым сэнсе, атрымалася ідэальная камунальная кватэра, дзе мірна суседнічаюць, дапаўняючы адзін аднаго, Ларыса Аляксандроўская, вялікая оперная спявачка, якая праславіла Беларусь, і Валянцін Елізар'еў, знакаміты харэограф, які вывеў правінцыяльны, па сутнасці, тэатр, на сусветны ўзровень. Крыху ўбок – і вось яны "Песняры", музычная з'ява да гэтага часу да канца не зразуметая, але цудоўна высокая. А паверхам вышэй – Барыс Луцэнка і яго Рускі тэатр, які праславіў Беларусь і ў вялікай краіне, і за мяжой. Таму і прыйшла яго ўдава на адкрыццё выставы ў гонар свайго вялікага мужа. Яна прынесла кнігу, тую самую "Исповедь грешного лицедея", дзе біяграфія галоўнага героя змяшалася з філасофіяй жыцця і законамі тэатра. Рукапісы не гараць, як не знікаюць і вялікія пастаноўкі – становячыся легендамі, яны жывуць вечна.
Падарожнічаючы па музеі, я раптам натрапіў на пакой сям’і Яроменка. Тут былі фатаграфіі шчаслівай творчай дынастыі: бацькі – народнага артыста СССР, маці – Галіны Арловай, народнай артысткі Беларусі, і сына – Мікалая Яроменкі-малодшага, народнага артыста Расіі. Адзін пералік тытулаў уражвае. Тут жа, у гэтым маленькім пакойчыку стаяць два скульптурныя партрэты бацькі і сына Яроменкі, выкананыя ў бронзе вядомым беларускім скульптарам Генадзем Буралкіным. Годна, хораша, добра скампанавана. Музею можна выказаць толькі падзяку за тое, што здолелі захаваць памяць аб найцудоўных беларускіх акцёрах, гонару нашай краіны.
А на першым паверсе музея знаходзіцца тое, што можна назваць ключом да расшыфроўкі загадкавай беларускай душы: знакамітая батлейка. Вось ужо сапраўды правобраз сінтэзу розных мастацтваў: музыка, харэаграфія, тэатр, лялькі, а ўжо рэпертуар які! На царкоўныя святы паказвалі цалкам прыстойныя сцэны з жыцця Хрыста і яго Апосталаў, а ў кірмашовыя дні на ўсю моц лаялі ўладу, тых жа папоў і манахаў высмейваючы сакавітай народнай мовай заганы тагачаснага грамадства.
У зале музея, дзе знаходзіцца батлейка, часта чуваць смех і апладысменты, гэта школьнікі знаёмяцца з тымі ж вечнымі гісторыямі, з якіх смяяліся і плакалі нашы далёкія продкі. Правіцелі перыядычна забаранялі батлейку, варта толькі паглядзець фільм паводле рамана Уладзіміра Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", зняты на "Беларусьфільме" ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, каб зразумець сілу такой народнай творчасці. Батлейка, якая ўзнікла ў 16 стагоддзі, сапраўды стала здабыткам простага народа: сялян, мяшчан, рамеснікаў і гэты тып мастацтва праіснаваў аж да пачатку стагоддзя 20-га і быў выцеснены спачатку тэатрам, а потым кінематографам. Па-сапраўднаму яна адрадзілася як народнае мастацтва ўжо да 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Спачатку ў маленькіх гарадах, а потым і ў сталіцы на сцэне тэатра лялек.
Геніяльны Пушкін стварыў сваё Лукамор’е, з вучоным катом, русалкамі, Кашчэем і Чарнаморам, надзяліўшы гэтае сказанне рускім духам. А ў нас, творцам гэтага самага народнага духу сталі простыя беларусы, якія праз сваю батлейку выказалі яркую прыродную самабытнасць і развілі сваю культуру да ўзроўню найвялікшых сусветных стандартаў. Патрэбны доказы? Памятаеце, я казаў пра пяцьдзесят пяць прыступак ад вуліцы Зыбіцкай да Музычнага завулка, 5?
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Іван Міско: лёс паклікаў космас
Куды знік надмагільны помнік народным артыстам Яроменкам?
Юрый Іваноў: фотавыстава даўжынёю ў жыццё
Увайсці ў адну раку двойчы: фільм Нікіфарава "Душа мая, Марыя" ацэнены праз 29 гадоў
Вайна і мір рэжысёра Нікіфарава