МІНСК, 4 ліс – Sputnik. У пятніцу ў беларускай сталіцы стартуе XXVIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад".
Мерапрыемства пройдзе пад слоганам "Сапраўдныя каштоўнасці" і завершыцца 11 лістапада. Асноўным арганізатарам кінафестывалю выступае Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".
У гэтым годзе на кінафорум падалі 1 360 заявак з 89 краін свету, у тым ліку на конкурс гульнявога кіно пададзена больш за 300 заявак.
Кінафорум складаецца з чатырох конкурсных праграм: гульнявое, дакументальнае, анімацыйнае кіно, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік". Мультфільмы будуць прадстаўлены асобна, у гэтага жанру будзе свая конкурсная секцыя і гэта навіна бягучага года. Адкрые кінафестываль расійскі трылер рэжысёра Наталлі Назаравай "Плакать нельзя".
У асноўным конкурсе гульнявога кіно прымуць удзел 10 кінастужак, у конкурсе для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" – 9. На конкурсе дакументальнага кіно будзе прадстаўлены 13 фільмаў, а на конкурс анімацыйнага кіно адабраны 50 мультфільмаў для дарослых і дзяцей, падзеленыя на 5 тэматычных секцый.
У гэтым годзе ў рамках фестывалю пройдуць Дні кіно Расіі і Узбекістана. Таксама будуць прадстаўлены фільмы з Кітая, Індыі, Інданезіі, Манголіі і Палестыны.
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця кінафоруму пройдуць у мінскім кінатэатры "Масква".
Што датычыцца асноўнай праграмы гульнявога кіно, то яна будзе прадстаўлена ў кінатэатрах "Масква" і "Цэнтральны", "Дом кіно", дакументальнага – у малой зале "Піянера", "Лістападзік" – у "Піянеры", анімацыйнага – "Беларусь", "Цэнтральны" і "Піянер".
Пазаконкурсныя работы можна будзе паглядзець у кінатэатрах "Цэнтральны", "Беларусь" і "Дом кіно".
Усяго ў рамках форуму ў беларускіх кінатэатрах будзе паказана больш за 100 фільмаў.
Гісторыя "Лістапада"
Упершыню кінафестываль "Лістапад" прайшоў у 1994 годзе. Кінафорум быў закліканы аб’ядноўваць лепшыя карціны, як гульнявыя, так і дакументальныя, якія былі створаны на постсавецкай прасторы.
Дэбютаваў ён тады пад назвай "Фестываль постсавецкага кіно "Лістапад". У першых фестывалях удзельнічалі фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана.
З часам ён пашырэў і стаў больш аўтарытэтным, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага.
Віншаванне прэзідэнта
Віншаванне ўдзельнікам кінафестывалю накіраваў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў сёлетнім мерапрыемстве ўдзельнічае беспрэцэдэнтная колькасць удзельнікаў, і міжнародны форум "шчыра вітае на нашай мірнай зямлі аднадумцаў – заслужаных мэтраў, таленавітую моладзь, якая робіць першыя крокі ў фільмавытворчасці, і шчырых аматараў кінематографа".
Таксама прэзідэнт выказаў упэўненасць, што форум прадоўжыць традыцыі па падтрымцы ідэалаў гуманізму, умацаванню згоды і ўзаемаразумення паміж народамі, а ў Год гістарычнай памяці яшчэ раз нагадае аб святых непарушных духоўных запаветах.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Кіно пра беларускіх кардыяхірургаў "Ліст чакання" здымае Беларусьфільм
У Мінску праходзіць фестываль краін СНД "Евразия.DOC"
Увайсці ў адну раку двойчы: фільм Нікіфарава "Душа мая, Марыя" ацэнены праз 29 гадоў