Піліпаўка на парозе: прыкметы і традыцыі

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае гісторыю апостала Піліпа і вучыць рабіць "мяртвяцкую ліхтарню".
Sputnik
У народным календары з Піліпаўкай звязана шмат розных прыкмет і традыцый. Перш за ўсё, лічылася, што ў гэты люты час ваўкі і сабакі пачынаюць ладзіць вяселлі. Сяляне на гэты конт звычайна казалі: "Разгуляцца, як ваўкі на Піліпаўку", або "Танцаваць, як стары воўк на Піліпаўку".
Менавіта таму не рэкамендавалася хадзіць у лес гэтай парой, тым больш што у сялян хапала сельскагаспадарчай працы.
Да Піліпавага посту сяляне павінны былі паспець "зрабіць свежыну". Гэта значыць закалоць кабанчыка і нарабіць усялякіх мясных прысмакаў.
Стравы са свініны былі асаблівым гонарам гаспадароў
Вось толькі пачаставацца імі можна было толькі да 28 лістапада, паколькі далей пачынаўся пост.
Жанчыны выкарыстоўвалі гэты час для прадзіва нітак з лёну і воўны. Трэба было спяшацца, бо лічылася:
"Што ў Піліпаўку спрадзеш, то ў Вялікі пост сатчэш".
Беларускі лён

Стойкасць апостала Піліпа

Піліпаўка – зімовы перадкалядны пост – у праваслаўнай царкве папярэднічае Раству Хрыстову. Традыцыя гэтага посту была вядома з раннехрысціянскіх часоў.
Доўжыцца Піліпаўскі пост 6 тыдняў з 28 лістапада па 6 студзеня ўключна: ён усталяваны праваслаўнай царквой дзеля духоўнай падрыхтоўкі да сустрэчы свята Раства Хрыстова.
Прыхаджанка ў храме
Назва посту звязана з тым, што загавіны прыпадаюць на дзень памяці апостала Піліпа, аднаго з 12 апосталаў, які паходзіў з горада Віфсаіда ў Галілеі.
Пасля Узнясення Хрыста на неба, Піліп разам са сваёй сястрой Марыяй шмат падарожнічалі па свеце з пропаведзямі. Былі ў Галілеі, Грэцыі, Сірыі і Малой Азіі, паўсюль здзяйсняючы вялікія цуды. Іх закідвалі камянямі, садзілі за краты, выганялі з населеных месцаў і аднойчы, за прапаведванне слова Божага ў Фрыгіі, святога апостала Піліпа схапілі і ўкрыжавалі ўніз галавой, праз што ён загінуў.
Стойкасць духа і веры гэтага святога — прыклад адпаведных паводзін падчас посту для вернікаў.

Вячоркі, "мяртвяцкія ліхтарні" і танцы да поўначы

Перад Піліпаўкай заканчваліся вяселлі, таму дзяўчаты спявалі:

"Была восень, цяпер зіма,
Былі хлопцы, цяпер няма".

Але для моладзі гэта не было падставай перастаць знаёміцца на попрадках або вячорках, паколькі ў Мясаед на Масленіцу планаваліся бліжэйшыя вяселлі.
Звычайна дзяўчаты наймалі сабе хату на ўсю восень і зіму, да вясны у якой-небудзь удавы або адзінокай жанчыны. Плацілі ў складчыну лёнам па вазе, мераю канаплянага семя або круп, а таксама бульбаю.
Дзяўчаты звычайна наймалі сабе хату на ўсю восень да вясны
Вячэраць прыносілі ўсё сваё, клапаціліся і аб асвятленні. У хаце збіралася не больш за 15 дзяўчат, якія заставаліся начаваць на вячорках, а не дома.
Падчас прадзіва дзяўчаты шчыра спявалі, паколькі паслухаць і паглядзець на іх прыходзілі звычайна хлопцы з чужых вёсак. На такіх вячорках не было сумна.
Хлопцы нават з чужых вёсак прыходзілі паглядзець на дзяўчат
На працягу зімы дзяўчаты рабілі тры-чатыры вечарынкі. Наймалі музыкаў са скрыпкай і бубнам і плацілі ім ў складчыну. Прыносілі сваю правізію і гарэлку. Пры гэтым кішэні хлопцаў распірала ад пачастункаў для дзяўчат. Бралі з сабой пернікі, арэхі, сушаныя яблыкі ды ігрушы, гарбузовыя семкі, часам цукеркі.
Вечарынкі пачыналіся звычайна з раніцы і працягваліся да позняй ночы. Жадаючых паскакаць у малой хаце было зашмат, таму танцавалі па чарзе.
Вячоркі працягваліся да позняй ночы
Падлеткі збіраліся асобна. Нават самыя малыя дзяўчаткі выбіралі якую-небудзь хату, дзе пад кіраўніцтвам бабулі або маці старанна вучыліся прасці. Хлопчыкі рабілі "мяртвяцкую ліхтарню" з гарбуза, каб падурыцца падчас цемных восеньскіх вечароў.

Мяртвяцкая ліхтарня

Вось як апісваецца стварэнне гарбузовай ліхтарні ў кнізе Чэслава Пяткевіча "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся":

"У гарбузе праразаюць дзіркі нібы вочы, нос і губы з зубамі. У ніжнюю дзірку гарбуза ўстаўляюць драўлянае дэнца з запаленай васковай свечкай. Полымя свечкі слаба асвятляе ўсю тонкую шкарлупіну, і на гэтым фоне яскрава выдзяляюцца ўсе адтуліны, робячыся падобнымі да галавы мерцвяка. Шалапут носіць яе з запаленай свечкай пад крысом, каб неспадзявана паказаць спатканаму, які заўсёды мусіць сплюнуць і прабурчэць: "Згінь ты, прападзі, нячыстая сіла!". Паказваюць яе, таксама знянацку і праз вакно, сабраным у хаце на вечарынцы".

Паказвалі такую ліхтарню знянацку праз вакно хаты, дзе ішлі вячоркі
Пакуль гаспадыня і дзяўчаты пралі, хто-небудзь са старых апавядаў розныя гісторыі і казкі. Часам гаспадыня наўмысна запрашала казачніка, дзеля прыняцця якога яна збірала падатак з прысутных.

Народныя прыкметы: што будзе з надвор'ем

Па надвор’і, якое трымалася на працягу Піліпаўкі, прадказвалі прагноз на будучае лета:
калі непагадзь суправаджае калядныя запусты, то лета будзе ўраджайным;
на Піліпаўку пагода хмарная або снежная – май будзе мокры;
калі струны на скрыпцы вельмі апускаюцца, то на адлігу ці на дождж;
на добрае надвор’е або на мароз шкура на бубне сама напружаецца;
калі на саланіне, павешанай сушыцца, з’яўляюцца кроплі расы, то будзе дождж;
калі кот скача на прыпек, то будзе мароз;
калі свойская гусь стаіць на адной назе і дзюбу хавае пад крыло, то будзе холад;
калі надвор’е на Піліпаўку добрае, то добрае будзе і на Пятроўку;
калі дрова ў печы весела гараць, то будзе мароз.
Чытайце таксама:
Вясельныя настроі на Пакровы: "аплакванне касы" і спевы для дарослых
Беражы вяночак замалада: як у Беларусі замуж выдавалі
Масленічныя гульні моладзі або самы час для вяселляў