МІНСК, 14 сне – Sputnik. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб змене кодэксаў па пытаннях судовага ладу і статусу суддзяў", перадае Sputnik.
Пасяджэнне дзевятай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання праходзіць у сераду.
У законапраекце ёсць нормы, якія накіраваны на рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў аб парадку выбрання на пасаду і вызвалення ад пасады суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, прывядзенне паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда ў адпаведнасць з кампетэнцыяй гэтага органа і шэраг іншых.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Аляксандр Амельянюк адзначыў, што перш за ўсё папраўкі ў законе абумоўлены ўнясеннем змяненняў у Канстытуцыю.
"Мы адобрылі змяненні ў Канстытуцыю, а з ёй памяняўся шэраг палажэнняў, якія істотна ўплываюць на парадак фарміравання вышэйшых судовых органаў. Гэтыя змяненні неабходна ўнесці ў кодэкс судовага ладу. Перш за ўсё ўнясенне змяненняў у гэты кодэкс абумоўлена ўнясеннем змяненняў у Канстытуцыю", - сказаў Амельянюк.
Паводле яго слоў, змяненні закрануць і пункты, якія датычацца фарміравання вышэйшых судовых органаў.
"Гэта перадача паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы Усебеларускаму народнаму сходу, які будзе фарміраваць вышэйшыя судовыя органы краіны і вырашаць шэраг іншых пытанняў, звязаных з работай вышэйшых судовых органаў", - дадаў намеснік старшыні.
Таксама быў прыняты ў першым чытанні праект закона "Аб змене законаў па пытаннях канстытуцыйнага судаводства". Змены закранаюць больш за палову яго тэксту.
Сярод новаўвядзенняў – замацаванне асаблівасці разгляду канстытуцыйных скарг грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных праў і свабод, а таксама запытаў судоў агульнай юрысдыкцыі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў.
Дэпутаты ў першым чытанні прынялі законапраект "Аб праекце Кодэкса грамадзянскага судаводства Беларусі".
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Закон аб пераглядзе прыгавораў Вярхоўнага суда могуць прыняць у Беларусі
Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў рашэнне па пакеце заходніх санкцый