Дзень нараджэння Мулявіна адзначаць грандыёзным канцэртам у Мінску

Штогод Белдзяржфілармонія ладзіць традыцыйны канцэрт у дзень нараджэння беларускага выканаўцы – гледачы змогуць пачуць легендарныя хіты 1960-1980-х.
Sputnik
МІНСК, 3 сту – Sputnik. Дзень нараджэння заснавальніка легендарнага беларускага ансамбля "Песняры" Уладзіміра Мулявіна адзначаць вялікім канцэртам у Мінску.
Канцэрт "Ад "Лявонаў" да "Песняроў". Нараджэнне легенды" адбудзецца ў Белдзяржфілармоніі 12 студзеня. На сцэне выступіць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча, а хіты "Песняроў" выканае беларускі рок-выканаўца Ян Жанчак.
Канцэрт пакажа рэтраспектыву творчасці мулявінскага калектыву – ад песень ансамбля "Лявоны" канца 1960-х да кампазіцый пазнейшага перыяду ўжо "Песняроў". Са сцэны прагучаць знакамітыя "Ты мне вясною прыснілася", "І туды гара, і сюды гара", "Ідзем-пайдзем уздоўж вуліцы", "Стаіць вярба", "Каліна".
Вядома, гледачы пачуюць любімыя хіты "Песняроў" – "Алеся", "За полчаса до весны", "Вологда", "Крик птицы", "Белоруссия", "Беловежская пуща", "Наши любимые" і многія іншыя.
У канцэрце прыме ўдзел сузаснавальнік ансамбля "Песняры" Уладзіслаў Місевіч, а таксама саліст аркестра імя Жыновіча Андрэй Коласаў. Дырыжор і аўтар усіх аранжыровак праекта – Аляксандр Крамко.

Памяць аб Мулявіне

Уладзімір Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург). З 1963 года яго біяграфія звязана з Беларуссю. Пасля службы ў арміі ў 1968 годзе музыкант стварыў ансамбль "Лявоны", пераназваны затым у "Песняры".
ВІА пабываў з гастролямі ў многіх краінах свету. Пік папулярнасці музычнай групы прыпаў на 70-я гады. Падчас першага прыезду "Песняроў" у ЗША аўтарытэтны музычны часопіс Billboard прысвяціў ім цэлы нумар.
Мулявін, удзельнік і лаўрэат разнастайных міжнародных фестываляў, у 2001 годзе быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
У маі 2002 года артыст трапіў у страшную аўтакатастрофу, у якой атрымаў пералом пазваночніка і быў поўнасцю паралізаваны. 26 студзеня 2003 года Мулявіна не стала. Артыст пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У гэтым годзе заснавальніку "Песняроў" споўніўся б 81 год.
Помнікі музыканту ўстаноўлены ў родным Екацярынбурзе і ў Мінску – за Белдзяржфілармоніяй. У Маскве на Алеі Зорак у 2001 годзе была закладзена зорка ў гонар Мулявіна. На доме на вуліцы Бяды, у якім жыў "пясняр", устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго іменем названы адзін з цэнтральных бульвараў Мінска.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Таксама на Sputnik:
Малітва песняра: Мулявін выконвае легендарны хіт Моўчана
Беларусы і расіяне здымаюць серыял пра Уладзіміра Мулявіна і "Песняроў"
Якім быў Мулявін па-за сцэнай: распавядае Анатоль Кашапараў