МІНСК, 10 сту – Sputnik. Беларускімі судамі прыгавораны да рэальных тэрмінаў у 2022 годзе сем беларусаў, якія спрабавалі ўступіць у "полк Каліноўскага" і ваяваць на тэрыторыі Украіны, паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук.
Асобнае фарміраванне – "Полк імя Кастуся Каліноўскага", а таксама яго структуры, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на ўкраінскім баку, у Беларусі прызнаны экстрэмісцкімі, іх дзейнасць у краіне забаронена.
"У 2022 годзе суды вынеслі абвінаваўчыя прыгаворы ў дачыненні да семярых грамадзян Беларусі, якія спрабавалі прыняць удзел у баявых дзеяннях ва Украіне ў складзе так званага "палка Каліноўскага", - паведаміў Аляксей Стук у інтэрв’ю выданню "СБ. Беларусь Сегодня".
Паводле яго слоў, гэтыя людзі не змаглі рэалізаваць сваю задуму, таму што былі затрыманы супрацоўнікамі беларускіх праваахоўных органаў.
Адказваючы на пытанне аб тым, што ўяўляюць з сябе фігуранты такіх крымінальных спраў, намеснік генпракурора паведаміў, што яны адносяцца да розных сацыяльных і ўзроставых груп.
Ён удакладніў, што сярод асуджаных ёсць студэнт, айцішнік, камерсант, беспрацоўны. Малодшаму няма і 20 гадоў, а старэйшаму 50 гадоў. Пераважная большасць асуджаных была затрымана ў прыгранічнай зоне, калі "ішлі" ваяваць у складзе "палка Каліноўскага".
Гаворачы аб матывах, якія агучылі абвінавачаныя, Стук расказаў, што, як правіла, інфармацыю аб падзеях ва Украіне яны атрымлівалі з розных Telegram-каналаў.
"Пэўныя пасылы ў іх заахвоцілі грамадзян заняць "украінскую пазіцыю" адносна ўзброенага канфлікту і сфарміравалі жаданне нібыта аказаць дапамогу ўзброеным сілам гэтай краіны", - сказаў намеснік генеральнага пракурора Беларусі.
Як раней заяўляў у эфіры АНТ кіраўнік МУС Іван Кубракоў, міліцыя з пачатку 2022 года ўстанавіла асобы 160 грамадзян краіны, якія паехалі ваяваць за кіеўскі рэжым.
"Гэта 160 асоб, якіх мы ўстанавілі, якія так ці інакш былі замяшаны ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. На самай справе палова разбеглася, хтосьці ўжо загінуў", - сказаў Кубракоў.
Паводле яго слоў, аператыўнікі ГУБАЗ МУС, іншых падраздзяленняў устанаўліваюць асобы тых, хто з’ехаў і ўступіў у "полк Каліноўскага". А тых, хто спрабуе ўступіць ці агітуе гэта зрабіць, прыцягваюць да адказнасці.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Асобы беларусаў, якія паехалі ваяваць за кіеўскі рэжым, устаноўлены – МУС
КДБ затрымаў беларусаў, якія спрабавалі далучыцца да экстрэмістаў ва Украіне
Беларусь узмацніла меры бяспекі на прыгранічных з Украінай тэрыторыях
СК РФ агучыў колькасць краін, з якіх ва Украіну з’язджаюцца наёмнікі