МІНСК, 5 лют – Sputnik. Мінфін дапаможа фінансамі з бюджэту дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, вынікае з афіцыйна апублікаванай пастановы беларускага ўрада №86 ад 31 студзеня 2023 года.
Грошы пойдуць на пагашэнне часткі крэдытаў і пазык, у тым ліку ад замежных банкаў. Сумы вар’іруюцца ад некалькіх мільёнаў рублёў да дзесяткаў мільёнаў еўра. Напрыклад, ААТ "Івацэвічдрэў" дапамогуць пагасіць крэдыт на больш чым 29 млн еўра. Дзяржава дасць 90 працэнтаў сумы.
Дапамога абяцана таксама кампаніям "Гомельдрэў", "Рэчыцадрэў", "Светлагорскі цэлюлозна-кардонавы камбінат", кіруючай кампаніі холдынга "Беларускія шпалеры" і РУП "Завод газетнай паперы".
Але прадпрыемствы павінны дасягнуць пэўных паказчыкаў. Напрыклад, папяровай фабрыцы "Чырвоная Зорка" (уваходзіць у Светлагорскі ЦКК) трэба мець пэўную выручку і дабаўленую вартасць. Гэтыя лічбы даводзіць канцэрн "Беллеспаперапрам".
Усе крэдыты і пазыкі, якія дапамагае пагашаць дзяржава, так ці інакш звязаны з інвестпраектамі. Многім з праектаў ужо 10 гадоў і больш.
Ці ёсць толк
У 2012 годзе прэзідэнт Беларусі наведаў ААТ "Барысаўдрэў" – адно з прадпрыемстваў галіны, дзе былі ўкладзены грошы на мадэрнізацыю. Тады ён даручыў да 7 лістапада 2013 года завяршыць інвестпраект на гэтай вытворчасці. У тэрміны ўкласціся не паспелі.
"Ну як можна за год не паспець? Гэта адной гадзіны праца!" - заявіў у 2013 годзе прэзідэнт.
Па выніках чарговага візіту губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура быў адхілены ад пасады. Была абвешчаная строгая вымова Андрэю Кабякову (тады – кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта) і вызвалены ад пасады яго намеснік Андрэй Тур.
У 2020 годзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі сябе апраўдала: 75% прадукцыі ідзе на экспарт. Тады ён даручыў заняцца цэлюлозна-папяровай прамысловасцю.
Праблемнымі інвестпраектамі лічыліся заводы па вытворчасці паперы-асновы ў Шклове, мелаванага і немелаванага кардону ў Добрушы і сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску.
Апошні будаваўся кітайскімі падрадчыкамі, але з імі ўзнік канфлікт, і яны не скончылі сваю працу. Светлагорскаму ЦКК прыйшлося закладваць тавары ў абароце, каб гасіць крэдыты ад Беларусбанка. Увод у эксплуатацыю новай вытворчасці некалькі разоў пераносіўся.
У канцы 2022 года старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Мікалай Падгузаў паабяцаў выдзеліць грошы для гэтага прадпрыемства. Перад гэтым прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка паведамляў, што з ЕАБР падпісана дамова на некалькі соцень мільёнаў долараў, у тым ліку і для Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь
Чытайце таксама:
Продаж дроў вырас у Беларусі
Ці можна нарыхтоўваць драўніну з чарнобыльскай зоны? Што кажа МНС
Пошук альтэрнатыў: "Беллеспаперапрам" распавёў аб развіцці ва ўмовах санкцый