Калі грак на гары – вясна на двары, або Як Язэп спрыяе "прахвостам"

Этнограф Ларыса Мятлеўская раскрывае даўнюю таямніцу, як назіранні за птушкамі дапамагалі нашым продкам вызначыць свой лёс, і тлумачыць, як прыгатаваць смачныя посныя галубцы.
Sputnik
Перад астранамічным веснавым раўнадзенствам, якое ў гэтым годзе адбудзецца 21 сакавіка, народны каляндар поўніцца цікавымі народнымі звычаямі. Так, раней, 17 сакавіка вяскоўцы сустракалі прылёт гракоў, 18-га – займаліся расадай капусты, а 19-га – калі такое здаралася – жанілі "прахвостаў".

Працавітыя птушкі

Літаральна некалькі дзён засталося да сонцавароту, падчас якога штогод адбываецца птушыны баль, што завецца Саракі. У прадчуванні гэтага свята паціху вяртаюцца з выраю розныя птушкі. На Палессі ўжо корпаецца ў смецці каля хат маленькая птушачка смяцюх і кажуць, што ўжо прыляцеў жавронак, бо, нягледзячы на снег, які там-сям яшчэ ляжыць бруднымі лапінамі, жаваранкава песня жыццядайна трымціць над полем.
Гуканне вясны
Чакалі продкі таксама і гракоў, бо кажуць жа, што ўбачыўшы грака, трэба з распрасцёртымі абдымкамі сустракаць вясну. Дарэчы, гэтыя птушкі сёлета прыляцелі не раней і не пазней за 17 сакавіка, калі ў народным календары і ўсталяваны прысвятак, прысвечаны Герасіму Гракоўніку.
Цікава, адкуль, не маючы календара, птушкі ведаюць дзень свайго прылёту? А можа і ёсць у іх той каляндар, толькі нам пра тое невядома. І вось ужо птушыная чарада абляпіла верхаліны дрэў, праводзячы сваю крыклівую нараду, ды так, што ў памяці абуджаюцца радкі з вершыка Васіля Віткі:

"Так і сяк наўскасяк,
Скача грак кракавяк.
Скача так з грачыхаю,
Што шпак ад пылу чыхае!..
"

Кажуць, што ў грачыных крыках вялікі прыродны сэнс. Мабыць, таму продкі і заўважалі:
калі гэтыя птушкі шумна грачаць і ляцяць да сваіх гнёздаў, то вясна будзе дружная;
калі ж яны лятаюць бязмэтна, ці іх зусім не відаць навокал, то вясна будзе павольная і нават позняя.
Часу для адпачынку ў птушак няма, бо грак – птушка працавітая. Прыляцелі – і за працу: трэба аглядаць старыя гнёзды і віць новыя. Назіраючы за гракамі, сяляне здаўна верылі, што па тым, як птушкі будуюць гнёзды, можна варажыць на свой бліжэйшы лёс: ці ўстаіць выбранае гняздо на дажджы і ветры, ці скінецца, што нядобры знак, – такім будзе й лёс у чалавека ў гэтым годзе.
Гракі прыляцелі
Тым не менш, нават сухія галінкі ад гэтых гнёздаў падымалі з зямлі і неслі ў хату. Лічылася, што іх наяўнасць здольная прадухіліць любую дэпрэсію! Гэта, мабыць, таму, што руплівая птушка заўсёды таропка рухаецца па зямлі ў пошуках патрэбнага і ў яе няма часу да меланхоліі. Дарэчы, дзецям, якія нарадзіліся 17 сакавіка, прадракалі быць клапатлівымі гаспадарамі. А пяро ад гэтай птушкі, знойдзенае на пашы, здольнае было аберагчы таго, хто носіць яго з сабой, ад сурокаў і іншых непрыемнасцей!
Магчыма, такое пяро пры сабе мелі і маладыя хлопцы, якія, уступаючы ў сталы ўзрост, рыхтаваліся да "хаджэння ў парубства".

Шлюб "прахвосту" сярод посту

Дню уступлення ў "парубкі" надавалася вялікае значэнне, менавіта з гэтага моманту 18-ці гадовы хлопец лічыўся поўнасцю дарослым, бо дагэтуль ён не меў права шукаць нявесту і сватацца. Згодна са звычаем, хлопец ахвяраваў адзін рубель на частаванне маладым хлопцам, якія прымалі яго ў свой гурт. Падзея адзначалася гулянкай і хаджэннем цэлай кампаніяй з песнямі па ўсім мястэчку. Новаспечаны "парабак", якога пазней наймалі для выканання сельскагаспадарчых работ, падчас "заробкаў" мог пачынаць прыглядацца да дзяўчат.
Падчас такіх "заробкаў" хлопец мог пачынаць прыглядацца да дзяўчат
Вядома ж, худы, як "вясновы грак", хлопец у парабках не зарабляў вялікіх грошай. Захавалася нават прымаўка:
"Я табе не парабак дарма рабіць!"
"Парабства" было хоць амаль і добраахвотным, ды лічылася моцнай жыццёвай школай, дзе юнак сталеў. Плюсам было і тое, што, апынуўшыся за межамі бацькоўскай хаты, ён меў магчымасць самастойна знаёміцца з дзяўчатамі тых мясцовасцей, дзе працаваў. Зарабіўшы грошы, "парабак" мог набываць падарункі для дзяўчыны, якая яму падабалася, ды засылаць сватоў.
Зарабіўшы грошы, "парабак" мог засылаць сватоў
Але ж часта ў бацькоў на нявесту для сына былі іншыя планы. Таму, каб не ажаніцца на нялюбай, хлопец ішоў на своасаблівы падман: юнак, дамовіўшыся з мілай сэрцу дзяўчынай, пераадольваў волю сваіх бацькоў, якім, апраўдваючыся, тлумачыў, што меў пазашлюбныя адносіны з абранніцай і таму ўжо заручаны з ёй, а калі ён абяцання не стрымае, то бацька каханай дзяўчыны пагражае падаць у суд:
"Кляніся і прысягай, што ты возьмеш яе за жонку… Я ему кажу, што мне нельга прысягаць без бацькавага дазволу, а ён зноў – лясь мне… да й крычыць: а хто ж табе… дазволіў мае роднае дзіця зглуміць – а? Ось я і твайго бацька і цябе… зараз пасаджу ў астрог, а хадзяйства вашае заберу судом. Дак спужаўся да й прысягнуў" (паводле кнігі Часлава Пяткевіча "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся").
Не маючы іншага выйсця, бацькі мусілі згаджацца на жаніцьбу сына, па яго выбары ладзячы дзеля людскога вока сватанне.
Бацькі мусілі згаджацца на жаніцьбу сына
Часта подобнае здаралася падчас вясновага посту, калі Касцёл і Царква забаранялі шлюб. І ўсё ж вяселле адбывалася! На гэты конт у народзе мелі прыказку:

"Святы Язэп сярод посту
Шлюб дае
"прахвосту".

Дарэчы, у народным календары Язэпа нашы продкі ўшаноўвалі 19 сакавіка і казалі:

"Як святы Язэп кіўне барадою,
Дык зіма ўцякае ўніз галавою
".

Язэп-ураджайнік

У народзе прыкмячалі, што калі на Язэпа добрае надвор’е, значыцца год будзе спрыяльны для ўраджаю. А гэта была добрая навіна для тых, хто 18 сакавіка, у свята Конана-агародніка, рыхтаваўся да пасеву капусты на расаду.
Ну, а пакуль тая капуста парасце, у добрых гаспадароў яшчэ маецца мінулагодні запас, як свежай, так і кіслай капусты. З гэтай нагоды прапаную добры рэцэпт поснай старабеларускай стравы.

Галубцы з грыбамі

З чаго гатаваць:
1 качан капусты,
500 г свежых грыбоў,
2-3 цыбуліны,
80 г алею,
адвар капусты і грыбоў,
0,5 ч.л. спецый (каляндра, кроп, кмен)
1-2 лаўровых лісты,
зеляніна кропу,
соль.
Галубцы
Як гатаваць. Абабраць качан капусты ад верхніх лістоў, выдаліць храпку. Адварыць яе ў падсоленай вадзе, каб лісце стала мяккім, але не пераварылася. Дастаць капусту з адвару і крыху астудзіць, аддзяліць капусныя лісты. Прыгатаваць фарш са свежых грыбоў: грыбы адварыць, адцадзіць і нашаткаваць саломкай, дадаць у іх дробна пасечаную цыбулю, крыху змолатых спецый, падсмажыць на алеі, у канцы дадаць жменю здробненай зеляніны кропу. У адвар капусты і грыбоў дадаць лаўровыя лісты і соль па смаку. Фарш закруціць у капусныя лісты, скласці галубцы ў глыбокую патэльню або каструлю, заліць капусна-грыбным адварам, накрыць крышкай і тушыць, пакуль лісце капусты крыху не памякчэе і не напітаецца адварам.
Тым, хто не прытрымліваецца посту, можна выкарыстоўваць свойскі смятанны соус, дадаючы ў адвар смятану (150-200 г).
Смачна есці і не журыцца!
Чытайце таксама:
Вясна з вяснушкамі на твары, або Аўдуськін дзень
Час не хварэць, або Поснае смакоцце супраць ліхаманкі
Далоў скаромнае, або Нашы стравы ў Вялікі пост