Цудоўную майскую раніцу прыемна пачаць са смачнага сняданка, каб адна з апошніх субот вясны прайшла ўдала. Дзянёчак сёння адметны, бо ў народным календары за 20 мая замацаваны прысвятак Антоній, які ў некаторых раёнах Беларусі калісьці служыў арыенцірам для сяўбы аўса.
У народзе прыкмячалі:
"На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца дык і прадасца!"
У кожнай вясковай гаспадарцы частку пахатнага поля абавязкова адводзілі пад сяўбу гэтай харчовай і кармавой зерневай культуры.
Авёс – культурная расліна, якая вядомая практычна ўсёй планеце. Радзімай аўса лічаць Паўночна-Усходні Кітай і Манголію. У Беларусі авёс высокі, а вось у Туркменіі ўвесну барханы пакрываюцца дзікарослым аўсом, які не вышэйшы за 10 см. Поле, дзе ён расце, нагадвае шаўковае покрыва, да якога хочацца дакрануцца рукой.
Зярняткі аўса
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Дарэчы, вялікая папулярнасць гэтай "конскай" расліны ў гаспадарцы нашых продкаў нашла адлюстраванне і ў наступных народных прымаўках:
"Спаць, як авёс прадаўшы" (пра нечы моцны, бесклапотны сон),
ці
"Так, як ад гусі авёс купляць", або "Пазычыць як у гусі аўса" (пра безвыніковасць нешта купіць ці пазычыць),
або
"Уцякаць, што кабыла ад аўса" (пра ніякія не ўцёкі, а актыўнае імкненне да мэты).
Сустракаецца авёс і ў народнай кулінарыі. Аб карысці аўсянай кашы з маленства вядома кожнаму, але ў беларускай кухні нямала цікавых і смачных страў з выкарыстаннем круп з гэтай цудоўнай зерневай культуры: з аўса здаўна гатавалі кашы, малочныя і мясныя супы, рабілі накрыпку для рыбы, птушкі, мяса, а таксама гатавалі салодкі або кіслы кісель.
Таксама авёс з’яўляецца раслінай, якая здольная ацаляць. Спектр яго аздараўленчага ўздзеяння на чалавечы арганізм вельмі шырокі. Ён аказвае агульнаўзмацняючае, танізуючае, жаўцягоннае, супрацьзапаленчае, павышаючае апетыт дзеянне. Так, напрыклад, аўсяную муку і крухмал, як каштоўны дыетычны прадукт, ужываюць пры вострых захворваннях страўнікавых хвароб. Адвар аўса з мёдам карысны пры прастудзе як жарапаніжаючы і супрацьзапаленчы сродак. Асабліва добра спалучаць прыём адвару і выкарыстоўванне ночвы з аўсянай саломкай. Адвар з аўсянай саломы ўжываецца пры неўралгіях, алергічных, скураных захворваннях, пры выпадзенні валасоў, павышанай патлівасці. Настойка са спелага зерня дапамагае кінуць курыць, супакойвае нервы, нармалізуе сон. Ды й наогул рэгулярнае ўжыванне страў з аўса дапамагае лячыць нават цукровы дыябет.
Лекавыя рэцэпты
Адвар з зялёнага аўса і няспелых зярнят
Сталовую лыжку здробненай сыравіны заліваюць 250 мл вады, вараць на слабым агні 1 хв. і настойваюць 30 хв. у цёплым месцы. Адцэджваюць і п’юць па чвэрці шклянкі 3 разы ў дзень да прыёму ежы пры атэрасклерозе, гепатыце, цукровым дыябеце.
Адвар з зярнят аўса
Сталовую лыжку зярнят аўса заліваюць 250 мл вады, вараць 15 хв. пры кіпенні і настайваюць 30 хв. у цёплым месцы. Адцэджваюць і п’юць па паўшклянкі 3 разы ў дзень да прыёму ежы пры атэрасклерозе, гепатыце, цукровым дыябеце.
Аўсяную салому нарыхтоўваюць яшчэ летам
© Sputnik / Мария Амелина
Адвар з саломы для ночваў
Літровы слоік здробненай саломы заліваюць 15 літрамі вады, кіпяцяць 15 хв. і настойваюць 2 гадз. Адцэджваюць і прымаюць ванну пры тэмпературы 37-38 градусаў па 10-15 хв. 2 разы на тыдзень перад сном пры алергіі, псарыязе, экзэме, фурункулёзе.
Кулінарныя рэцэпты
Лешч з аўсянай кашай
З чаго гатаваць:
1 лешч,
100 г аўсяных круп,
1 цыбуліна,
1 яйка,
1 ч. л. масла,
50 г смятаны,
салома кропу,
соль.
Інгрэдыенты для рыбнай стравы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пачысціць і выпатрашыць ляшча (800-1000 г), выдаліць з галавы жабры, памыць, пасаліць і заправіць перцам або спецыямі для рыбы ўсярэдзіне і зверху. Зварыць аўсяную кашу, дадаць абсмажаную цыбулю, па смаку соль і перац, убіць яйка, перамяшаць. Кашай начыніць рыбіну разам з галавой, выкласці яе ў пасудзіну адпаведнай формы, вышмараваную сметанковым маслам, на кропную саломку, уліць смятану і трошкі вады. Запякаць у печы ці духоўцы 45-50 хв.
Лешч з аўсянай кашай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Аладкі з геркулесу
З чаго гатаваць:
1 шк. шматкоў аўса,
2 шк. вады,
2 яйкі,
1 ст. л. цукру,
100 г алею,
соль.
Шматкі геркулесу
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Зварыць аўсяную кашу на вадзе, астудзіць, дадаць соль, цукар, жаўткі, перамяшаць. Затым увесці ўзбітыя ў пругкую пену бялкі, асцярожна перамяшаць зверху ўніз і спячы аладкі.
Самыя лепшыя аладкі - на патэльні ў печы
© Sputnik / Альфред Микус
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Май – жывёлу ў поле пхай!", або Абед на скорую руку
Смак беларускага жэньшэню, або Далікатэсы з дзьмухаўцоў
"Не тая рыба, што ў рацэ…", або Абед са смакам селядца і карпа