У канцы вясны ёсць дзень, калі ў традыцыйнай культуры ўшаноўваюць незвычайную птушку, і гэта – вядомая ўсім зязюля. 29 мая ў народным календары пазначаны як прысвятак у гонар святой Магдалены. Мабыць таму сяляне, пачуўшы зязюлю, раней казалі, што:
"Гэта Магдалена зязюльку прысылае".
Пакуль кувае зязюля
Продкі здаўна надзялялі зязюлю разнастайнымі характарыстыкамі: яна і вястунка – птушка, якая прыносіць весткі, яна і працаўніца, бо нястомна ратуе нашы лясы ад пагібелі, яна ж таксама і добрая сяброўка гаспадыням, пэўна, таму, што падказала ім прыемную на смак лясную расліну – кісліцу. Дарэчы, менавіта з гэтай прычыны ў народзе кісліцу называюць зязюлінай канюшынкай. Маладую расліну здаўна ўжываюць як ў якасці лекаў, так і ў ежу – і старадаўняя, і сучасная беларуская кухня мае нямала цікавых рэцэптаў страў з кісліцай звычайнай.
Зязюліна канюшынка
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Быць у лесе заўсёды маленькае свята, і асабліва прыемна знаходзіцца ў ім у пачатку лета, калі кувае зязюля. Пачуць яе голас – значыць трапіць у казку, бо майскі лес і сапраўды незвычайны. Амаль не знайсці чалавека, які б не звяртаўся б да зязюлі з просьбай паваражыць на працягласць жыцця – хоць сабе і жартам. У яе можна нават грошай на цэлы год наваражыць! Толькі трэба ведаць, як да гэтай справы падысці.
А яшчэ кажуць, што, калі зязюля кувае, зязюльчына канюшынка асабліва добрая. Задача ж настрыгчы яе ў гэты час, пакуль чуваць куванне, вельмі няпростая. Але ж продкі верылі, што менавіта яно і надае лясной расліне незвычайныя якасці.
Зязюлька. Выраб з керамікі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У той жа час сяляне не спяшаліся пабачыць кісліцу на сваім агародзе, бо заўважалі, што калі яна трапіла сюды з лесу, то пазбавіцца ад яе практычна немагчыма: кісліца становіцца злосным пустазеллем. Але ў прыродзе няма ворагаў, і ўсё, што расце побач, чалавеку на карысць. Да таго ж любіць кісліцу не толькі чалавек, а, мабыць, яшчэ і зайцы, бо ў народзе яе таксама называюць заечай капустай.
Так ці іначай, з кісліцы здаўна гатуюць разнастайныя салаты, халодныя і гарачыя супы, тушаць у вяршковым масле для пюрэ, а таксама вараць кісель і настойваюць асвяжаючыя напіткі. А таксама ўжываюць як лекавы сродак.
Зязюліна аптэка
Вітамінны напітак з зязюлінай канюшынкі
З чаго гатаваць:
200 г кісліцы,
1 л халоднай гатаванай вады,
мёд (да смаку).
Як гатаваць. Траву прамыць, адкінуць на друшляк і дробна пакрышыць, каб пусціла сок, заліць вадой і даць пастаяць 2 гадзіны. Затым напітак працадзіць, дадаць мёд (да смаку). Цяпер можна піць.
Такі напітак не толькі прыемны і добра наталяе смагу, але і карысны пры лячэнні авітамінозу, рэгулюе страваварэнне, дапамагае пры іншых захворваннях. Нягледзячы на гэта, злоўжываць ім не варта, каб паберагчы свае ныркі.
Напітак з кісліцы карысны пры лячэнні авітамінозу
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Настой з сухой травы кісліцы
З чаго гатаваць:
1 ч. л. сухой кісліцы,
250 мл вады.
Як гатаваць. Закіпяціць ваду. Заліць 250 мл кіпеню 1 ч. л. сухой травы кісліцы. Настойваюць 30 хв., пасля адцэджваюць.
Выпіваюць у два прыёмы на працягу дня.
Настой са свежай травы кісліцы
З чаго гатаваць:
1 ст. л. свежай травы кісліцы,
250 мл вады,
мёд (да смаку)
Як гатаваць. Закіпяціць ваду. 1 ст. л. свежай травы кісліцы заліць 250 мл кіпеню. Настойваюць 30 хв. і адцэджваюць.
Ужываюць у два прыёмы з мёдам (да смаку) на працягу дня. Гэты настой выкарыстоўваюць у ежу пры цукровым дыябеце, хваробах нырак, печані, падагры.
Настой з травы кісліцы пры парадантозе
З чаго гатаваць:
2 ст. л. свежай травы кісліцы,
300 мл вады.
Як гатаваць. Закіпяціць ваду. Заліць 300 мл кіпеню 2 ст. л. свежай травы кісліцы. Настойваюць 2 гадзіны і адцэджваюць.
Для ўжывання ўнутр настой разводзяць у тры разы і п'юць па 0,5 шк. 2 разы на дзень.
Напітак з кісліцы ці зязюлінай канюшынкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
У зязюлі на кухні
Салата з лісця кісліцы
З чаго гатаваць:
100 г лісця кісліцы,
40 г свежых агуркоў,
20 г цыбулі,
1 яйцо,
20 г смятаны,
5 г зеляніны кропу,
соль (па патрэбе)
Як гатаваць. Дробна нарэзаць лісце кісліцы, перамяшаць з нарэзанымі кубікамі цыбуляй і агуркамі. Зварыць яйцо. Заправіць салату соллю, смятанай, пасыпаць зверху нацёртым яйцом і сечанай зелянінай кропу.
Салата з лісця кісліцы з мясам
З чаго гатаваць:
50 г лісця кісліцы,
30 г мяса (ялавічыны),
30 г бульбы,
20 г морквы,
20 г агуркоў салёных,
20 г маянэзу,
1 яйцо,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Нарэзаць кубікамі адвараныя мяса, бульбу, моркву, салёныя агуркі і яйка. Дадаць соль, усё перамяшаць, заправіць маянэзам, дадаць нарэзанае лісце кісліцы.
Суп з кісліцы
З чаго гатаваць:
300 г мяснога булёну,
100 г лісця кісліцы,
50 г бульбы,
15 г морквы,
20 г смятаны,
1 яйцо,
10 г зеляніны кропу і пятрушкі,
соль (па патрэбе)
Як гатаваць. Мясны булён заправіць бульбай, морквай, зелянінай кропу і пятрушкі і варыць на сярэднім агні. У канцы варкі дадаць лісце кісліцы і соль (па патрэбе).
Суп падаюць да стала гарачым ці халодным са смятанай і чвэрткай варанага яйка ў талерцы.
На першае – суп з кісліцай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Салёная кісліца
З чаго гатаваць:
трава свежай кісліцы (па патрэбе),
шчопаць зеляніны кропу,
шчопаць зеляніны пятрушкі,
2-3 карэнчыкі хрэну,
2-3 зубкі часнаку,
некалькі лісточкаў смародзіны,
некалькі зярнятак чорнага перцу,
1 л вады,
1 ст. л. солі.
Як гатаваць. Здрабніць лісце кісліцы, кроп, пятрушку і скласці ўсё у паліваны посуд. Абскрэбці і разрэзаць карэнчыкі хрэну, абабраць часнок, дадаць у зялёную масу, укласці лісце смародзіны, некалькі зярнятак чорнага перцу, заліць салёнай вадой і вытрымаць 2 тыдні. Пасля гэтага можна ўжываць.
Падаюць да стала ў гарачым або халодным выглядзе са смятанай і вараным яйкам.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Ад Тыбета да Беларусі, або Рабарбар – гэта смачна!
"Каб авёс вялікі парос": гатуем старажытныя стравы і лекі з "конскай" расліны
Смак беларускага жэньшэню, або Далікатэсы з дзьмухаўцоў