Калісьці пра ўдалае вясёлае жыццё ў дастатку продкі казалі:
"Жыць, як сад у пагоду".
Сёлета сад у пагодзе, бо вішань, малін, парэчак, сліў і іншай садавіны, звыклай для Беларусі, урадзіла столькі, што толькі паварочвайся, гаспадынька!
Малінавае мора
© Sputnik / Виктор Толочко
Пачаўся штогадовы марафон па назапашванні вітаміннага смакоцця на зіму і час, калі можна гатаваць усялякае смакоцце, здымаючы ягады проста з куста. Ну, а далей, як у народзе кажуць:
"Салодкі кусок знойдзе раток!".
Гатуем па старажытных рэцэптах
Кухня мінулых часоў поўніцца ўнікальнымі рэцэптамі, сярод якіх належнае месца займаюць стравы з садавіны.
Цяпер, каб захаваць ураджай свежым на працяглы час у арсенале гаспадыні шмат сродкаў. Ягады, як і іншую садавіну, кансервуюць, вараць, сушаць і проста замарожваюць. Але і ў мінулым гаспадыні здзіўлялі сваёй вынаходлівасцю.
Прапаную некалькі цікавых старажытных рэцэптаў, па якіх садавіну захоўвалі і гатавалі з яе вельмі смачныя стравы яшчэ некалькі стагоддзяў таму!
Вішні ў кашульках
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Кнэдлі з вішнямі
З чаго гатаваць:
3 яйкі,
3 ст. л. цёртай булкі,
2 ст. л. масла,
2 шк. мукі,
0,5 шк. малака,
50 г топленага масла,
свежая вішня без костачак,
соль.
Гатуем з вішань
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Дзве ст. л. масла расцерці, дадаць тры жаўткі, тры ст. л. цёртай булкі, соль, дзве шк. мукі, палову шк. малака і ўсё добра вымесіць. Рукой у муцэ браць малыя кавалкі, расплюскваць, укладваць у сярэдзіну кожнага вялікую вішню, абкачваць у муцэ і класці ў кіпень на 5-6 хв.
Гатовыя кнэдлі выкласці на талерку і паліць растопленым маслам.
Кнэдлі са слівамі
З чаго гатаваць:
0,5 кг бульбы,
2 яйкі,
100 г масла,
1 ст. л. малака,
200 г мукі,
1 ст. л. смятаны.
Слівы венгеркі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Адварыць абабраную крухмалістую бульбу, расцерці качалкай у керамічнай місцы, уліць лыжку малака, убіць цэлае яйка і адзін жаўток, зноў добра расцерці, дадаць ч. л. масла, муку вышэйшага гатунку, калі цеста атрымаецца вельмі густое, то дадаць ст. л. смятаны, яшчэ раз добра перамяшаць. Браць невялікія кавалкі цеста, тонка распляскаць на далоні і ўкласці ў сярэдзіну сліву з костачкай. Абкачваць у муцэ і класці ў кіпень на 5-6 хв.
Гатовыя кнэдлі выкласці на талерку і паліць растопленым маслам.
Ігрушы, сушаныя з цукрам
З чаго гатаваць:
ігрушы,
вада,
карыца,
гваздзіка,
цукар.
Ігрушы
© РУП "Институт плодоводства"
Як гатаваць. Непераспелыя, мясістыя ігрушы абабраць ад скуркі і ўкінуць у халодную ваду. Апаласнуць, заліць кіпячай вадой з невялікай колькасцю карыцы і гваздзікі і варыць да мяккасці, аж пакуль можна будзе праткнуць саломкай. Зрабіць густы сіроп з цукру і вады, у якой гатаваліся ігрушы, зварыць у ім ігрушы і пакінуць у ім на 24 гадзіны. Пасля чаго выкласці іх на бляху (фаянсавыя талеркі) і высушыць у цёплай печы (духоўцы).
Кавун зялёны
З чаго гатаваць:
1 кг кавуна,
2 кг цукру,
ваніль ці лімон (для паху).
Як гатаваць. Зрэзаць зялёную скурку са спелага кавуна, мякаць з’есці, а белую скурку, якая месціцца паміж зялёнай скуркай і чырвонай сярэдзінай, нарэзаць лустачкамі або кубікамі і варыць у вадзе да паўгатовасці, пасля чаго адцадзіць і ўкінуць у халодную ваду. Напрыканцы ўзяць на 1 кг кавуна 2 кг цукру, з паловы гэтай колькасці зварыць рэдкі сіроп. У гарачы сіроп укінуць кавун і варыць, дасыпаючы патроху рэшту цукру. Для паху ўкласці кавалачак ванілі ці некалькі кружкоў лімона.
Соус вішнёвы да пудынгаў
З чаго гатаваць:
800 г вішань,
100-200 г цукру,
1 шк. віна,
1 ст. л. бульбянай мукі,
карыца ці цэдра лімона.
Вішні на блясе
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Выбраць костачкі са спелых вішань. Костачкі асобна і самі вішні асобна растаўчы ў ступцы (калі вішні сухія, то іх таўкуць разам з костачкамі). Потым змяшаць, уліць 1 шк. віна, столькі ж вады і закіпяціць. Атрыманы адвар працерці праз сіта, дадаць карыцу або цэдру лімона. Бульбяную муку развесці ў невялікай колькасці халоднай гатаванай вады, дадаць цукар, каб соус атрымаўся салодкі. Яшчэ раз давесці соус да кіпення.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
Смак беларускага жэньшэню, або Далікатэсы з дзьмухаўцоў
Гатуем малімонікі для малімонікаў і няма чаго малімонічаць!
"Навошта той клад, калі ў дзетках лад", або Салодкі стол для святога Юльяна