"Навошта той клад, калі ў дзетках лад", або Салодкі стол для святога Юльяна
© Sputnik / Альфред МикусЮраўскі карагод ў вёсцы Пагост
© Sputnik / Альфред Микус
Падпісацца
Этнограф Ларыса Мятлеўская звяртаецца да сакрэтаў вясковага выхавання і дзеліцца рэцэптамі дзіцячых ласункаў.
31 кастрычніка ў народным календары адзначаюць прысвятак святога Юльяна, які ўшаноўваецца як ахоўнік дзяцей. Яго абраз трымалі сем’і, дзе яны былі.
"Багаты Аўдзей: поўна хата дзяцей"
На вёсцы лічылі, што калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, то гэта хата нешчаслівая, і прыгаворвалі:
"З дзеткамі гора, а без дзетак удвое".
Пра шматдзетную ж сям’ю па-добраму жартавалі:
"Эй, малы! Скажы малому, хай малы шнуркі завяжа!".
Нараджэнне дзіцяці было вялікай радасцю нават у шматдзетнай і беднай сям’і. Верылі, што "калі на свет дзіця прыходзіць, новы кусок хлеба родзіць", "Бог даў дзіця, то дасць і на дзіця". Ды прыкмячалі і наадварот: "Бог даў кусок, дасць і раток".
© Sputnik / Альфрэд Мікус"Навошта той клад, калі ў дзетках лад"
"Навошта той клад, калі ў дзетках лад"
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Дзеці – бацькоўская радасць і уцеха, прадмет асаблівай любові і клопату з боку дарослых. І трапнае народнае слова яскрава пра тое сведчыць:
"Дзе сыноў лава, там бацьку слава, дзе дачок лава, там матцы слава",
"Кожнаму сваё дзіця міла",
"Адзін рукаў – і той падзяру для сваіх дзяцей",
"Бацька з маткаю на рабоце не томяцца, калі з дзетак сваіх цешацца",
"У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі",
"Навошта той клад, калі ў дзетках лад",
"У каго дзеці, у таго шчасце".
"Дзетак узгадаваць – не грыбкоў назбіраць"
За стагоддзі ў беларусаў выпрацавалася свая сістэма выхавання, накіраваная на адносіны паміж дзецьмі без пераваг. Так, не раз даводзілася чуць, як сяляне, жадаючы падкрэсліць роўнасць дзяцей перад бацькамі, у народнай гутарцы вобразна называлі хлопычкаў і дзяўчынак пальцамі: "Мне ўсе пальцы баляць" і "які палец не парэж, то ўсякаму баліць, хоць якому дзіцяці кепска, то ўсё бацькам баліць". Ды, на жаль, часам здаралася і адваротная сітуацыя, тады прамаўлялі так: "Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі".
Наогул дзяцей стараліся выхоўваць пераважна ў строгасці, але ж і пра ласку не забывалі:
"Да пяці год пястуй дзіця, як авечку, да сямі пасі, як авечку, тады выйдзе на чалавечка",
"Ад дубцоў дурнеюць, ад слоў разумнеюць",
"Дай дзецям волю, то сам улезеш у няволю",
"Дзетачкі паб’юцца – матачкі пасварацца",
"Паміраць збірайся, а пра дзяцей думай".
© Sputnik / Альфред Микус"У каго дзеці, у таго шчасце"
"У каго дзеці, у таго шчасце"
© Sputnik / Альфред Микус
Выхоўваючы дзяцей адначасова навучалі іх шанаваць сваіх бацькоў:
"Без роднай мамачкі заклююць галачкі",
"Матка дзяцей вучыць, а мачыха сушыць",
"Матка галоўку мые – прыгладжвае, а мачыха мые – скубе, кашулю дае – праклінае",
"Шануй бацьку з маткаю: другіх не знойдзеш",
"Адсохне хай тая рука, што на бацьку падымаецца",
"Дзеткі, не будзьце едкі, ды не з’ешце бацьку ў лапцях".
Але ж строгасць строгасцю, ды гадуючы дзяцей, як іх не пеставаць! У тым ліку і асаблівым, дзіцячым харчаваннем. Асабліва гэта тычылася самых маленькіх, бо накарміць дзяцей было няпростай задачай. Таму часам з усмешкай казалі: "З дзеткамі гора толькі да заціркі, а там пайшло".
Стол на Юльяна
Сёння ў гонар святога Юльяна па рэцэптах, узятых са старадаўніх беларускіх кулінарных кніг, прыгатуем "салодкі стол", смачныя стравы якога спадабаюцца і дзецям, і дарослым. Яшчэ лепей, калі яны будуць прыгатаваныя дарослымі разам з дзецьмі.
Кісялёк шакаладны
З чаго гатаваць:
100 г шакаладу,
1 шк. бульбянай мукі (крухмалу),
6 шк. малака,
0,75 шк. цукру.
Як гатаваць. Расцерці 100 г шакаладу, змяшаць з крухмалам, развесці гэта шклянкай халоднага малака, каб не было камячкоў. Закіпяціць 5 шклянак малака з цукрам, і ўліваць тонкім струменьчыкам разведзены шакалад, мяшаючы лыжкай да таго часу, пакуль маса не пачне адставаць ад рондаля. Выліць у форму, спаласнутую вадой і пасыпаную цукрам, паставіць у холад. Падаць з вяршкамі.
© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяКісялёк
Кісялёк
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ванільныя сняжкі
З чаго гатаваць:
250 г вяршковага масла,
100-150 г цукровай пудры,
ванілін (стручок ванілі),
пшанічная мука (па патрэбе),
крухмал.
Як гатаваць. Масла расцерці з большай часткай цукровай пудры і ванілінам. Муку перамяшаць з крухмалам (дарэчы, бяруцца пароўну) і паступова дадаваць у масла, каб атрымалася мяккае, далікатнае цеста. Скачаць з цеста каўбаскі таўшчынёй у 3 см, пакласці іх на 30 хвілін у халадзільнік. Нарэзаць каўбаскі кружкамі, каб яны сталі падобныя на невялікія калабочкі. Нагрэць духоўку да 180 градусаў і выкласці нарэзанае цеста на бляху. Выпякаць 10-12 хв. Астудзіць печыва і густа абсыпаць яго цукровай пудрай.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Куханы" для "малімоніка", або Смачны дзень у бабулі
"Бабіна" лета, або Сонечны дзень у гонар бабкі-павітухі
Суніцы сэрца робяць вясёлым, а чарніцы вочы – здаровымі!