МІНСК, 23 вер – Sputnik. Пасля контртэрарыстычнай аперацыі ў Карабаху склаліся больш спрыяльныя ўмовы для мірнага дагавора паміж Арменіяй і Азербайджанам, заявіў азербайджанскі прэзідэнт Ільхам Аліеў на сустрэчы са спецпрадстаўніком Еўрасаюза па Паўднёвым Каўказе Тойва Клаарам.
Як паведамляе прэс-служба азербайджанскага лідара, Аліеў праінфармаваў прадстаўніка ЕС, што ў Карабаху пачалося раззбраенне мясцовых сіл. Створана рабочая група на чале з віцэ-прэм’ерам Шахінам Мустафаевым. Яе задача – вырашыць сацыяльныя і эканамічныя праблемы ў рэгіёне.
Ільхам Аліеў таксама запэўніў, што будуць забяспечаны ўсе правы армянскага насельніцтва Карабаха: культурныя, рэлігійныя, адукацыйныя і іншыя.
Раней стала вядома, што ў Карабах прыбылі замежныя ваенныя аташэ ад Расіі, Кітая, Ірана, Казахстана, Беларусі і іншых краін. Адна з іх задач – назіранне за перадачай зброі ад "арміі Нагорнага Карабаха" азербайджанскім ваенным. Так выконваецца адна з дамоўленасцей, якая была дасягнута некалькі дзён таму на перагаворах азербайджанскага і карабахскага бакоў пры пасрэдніцтве міратворцаў з РФ.
Як паведамлялася, чарговая эскалацыя канфлікту ў Карабаху адбылася 19 верасня 2023 года, калі армія Азербайджана пачала контртэрарыстычную аперацыю для аднаўлення канстытуцыйнага ладу. Пры гэтым у ходзе аперацыі была абстраляна машына расійскіх міратворцаў. Загінулі некалькі вайскоўцаў з Расіі.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў ужо прынёс прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну прабачэнні наконт гэтага і паабяцаў дакладнае расследаванне і пакаранне вінаватых.
Канфлікт у Карабаху вядомы яшчэ з 1918 года, калі пасля распаду Расійскай Імперыі правы на гэтую тэрыторыю пачалі аспрэчваць армяне і азербайджанцы. На час існавання СССР канфлікт удалося купіраваць праз стварэнне армянскай аўтаноміі ў складзе Азербайджанскай ССР. Але перад распадам Саюза супрацьстаянне аднавілася і перарасло ў серыю ўзброеных канфліктаў, адзін з якіх меў месца ў 2020 годзе.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Чытайце таксама:
Ваенны аташэ Беларусі прыбыў у Нагорны Карабах
Аліеў прынёс Пуціну прабачэнне ў сувязі з гібеллю расійскіх міратворцаў
Расійскія міратворцы эвакуіравалі ў Нагорным Карабаху 5 тыс чалавек