Камяні і кветкі: памяць вязняў Мінскага гета ўшанавалі ў беларускай сталіцы

Усяго праз гета, якое было адно з найбуйнейшых у Еўропе, прайшлі больш за 100 тысяч чалавек.
Sputnik
МІНСК, 23 кас – Sputnik. Жалобнае мерапрыемства ў памяць 80-годдзя знішчэння нацыстамі ахвяр Мінскага гета прайшло каля мемарыяла "Яма".
У ім прынялі ўдзел былыя вязні гета, прадстаўнікі яўрэйскіх абшчын, Мінскага гарвыканкама, апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, дыпламаты.
Да помніка ахвярам нацыстаў усклалі камяні, кветкі і вянкі. Таксама на мерапрыемстве былі агучаны імёны вязняў гета, якія былі нядаўна ўстаноўлены, – паводле яўрэйскай старажытнай традыцыі, пра чалавека памяць захоўваецца да таго часу, пакуль не забыта яго імя.

Рака крыві

На жалобным мітынгу выступіла былая вязніца Мінскага гета Фрыда Рэйзман, якая падзялілася ўспамінамі пра тыя жудасныя падзеі. Калі нацысты арганізавалі гета, Фрыда была маленькай дзяўчынкай – ёй было чатыры гады.
"Але я памятаю, як тут цякла рака крыві", - распавяла яна. Былая вязніца гета адзначыла, што ўспаміны пра тыя жахі, якія нацысты тварылі з яе народам, суправаджаюць усё жыццё. Пры гэтым яна асобную падзяку выказала беларускім праведнікам, якія хавалі яўрэйскіх дзяцей.
"Такога народа, як беларускі, больш няма. Беларусы, якія ратавалі яўрэйскіх дзяцей, – гэта нашы другія бацькі", - сказала яна.
У сваю чаргу часовы павераны ў справах Ізраіля ў Мінску Цві Міркін заявіў аб важнасці павагі да памяці аб ахвярах нацызму і генацыду. "Важна, каб такога больш ніколі не паўтарылася", - падкрэсліў ён.
Часовы павераны ў справах Ізраіля ў Мінску Цві Міркін
Кіраўнік Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Алег Рагатнікаў падзякаваў усім, хто прыйшоў да "Ямы".
Паводле яго слоў, да Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі пражывала больш за мільён яўрэяў, з якіх нацысты знішчылі 800 тысяч.
Пры гэтым Рагатнікаў падкрэсліў, што яўрэі гераічна змагаліся з нацыстамі ў акупіраваным Мінску, былі ў падполлі, ішлі ў партызаны. "Яны арганізоўвалі ўцёкі з гета, сыходзілі ў лясы, стваралі яўрэйскія партызанскія атрады", - падкрэсліў ён.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў Беларусі Аляксандр Румак падкрэсліў, што сёння каля мемарыяла "Яма" ўспамінаюць подзвіг людзей, якія не змірыліся з рабскім становішчам і працягвалі змагацца.
"Мінскае гета – напамін трагедыі ўсяго беларускага народа. Напамін аб тым, што кожны чалавек павінен ставіцца з павагай да іншага чалавека, незалежна ад таго, які ў яго колер вачэй, нацыянальнасць і веравызнанне", - сказаў ён.
Ускладанне кветак на мемарыяле Яма ў Мінску
Усяго праз Мінскае гета, якое было адно з найбуйнейшых у Еўропе, прайшлі больш за 120 тысяч чалавек, з іх больш за 105 тысяч загінулі.
>>> Хочаце яшчэ больш актуальных і цікавых навін – падпісвайцеся на Telegram-канал Sputnik Беларусь, чытайце нас у Дзэн, а таксама сачыце за намі ў сацсетках "Одноклассники" і "ВКонтакте"
Таксама на Sputnik:
Забіты кожны другі жыхар: як Лёзненскі раён перажыў жахі акупацыі
Ліквідацыя гаўляйтара Вільгельма Кубэ – рэканструкцыя падзей у відэа
Сляды нямецкай акупацыі: бункеры і ДАКі ў Мінску