Завяршаецца яшчэ адна восень і вось ужо "халодныя вятры галоднымі ваўкамі скуголяць", нагадваючы аб набліжэнні зімы. Усё часцей зямлю прыцярушвае снегам, а зранку шэрае неба бы ў люстэрка глядзіцца ў ледзяныя лужыны. У такое надвор’е хочацца сядзець у цёплай хаце, узгадваць гарачае лета і есці што-небудзь смачнае.
Народны каляндар папярэджвае, што неўзабаве (27 лістапада) Піліпаўка, пасля якой пачынаецца перадкалядны пост. А пакуль што на радасць тым, хто любіць смачна пад’есці, працягваюцца Піліпаўскія Запускі. Ёсць яшчэ некалькі дзянёчкаў, калі можна даць сабе волю і пад’есці багатых страў, сярод якіх асобнае месца належыць вясковым гарбузам.
Гарбузовыя каштоўнасці
Вандруючы па Беларусі ў восені, немагчыма не заўважыць на вясковых агародах жоўтыя гарбузы. Асабліва шмат іх вырошчваюць на поўдні краіны, дзе мяккі клімат спрыяе росту гэтай ураджайнай цеплалюбівай культуры.
Гарбузы даспяваюць
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Спелыя гарбузы пачынаюць прыбіраць з поля да маразоў. Сабраныя разам, яны ўтвараюць стракатыя горы. Гаспадары ўхвальна аглядаюць гэты скарб і сочаць за надвор’ем, каб не прапусціць першыя прымаразкі, якія маглі б пашкодзіць гародніну. У сухіх памяшканнях, якія добра праветрываюцца, гарбузы могуць захоўвацца да новага ўраджаю. Такая акалічнасць робіць гэтыя расліны, поўныя каштоўных вітамінаў і мікраэлементаў, незаменнымі ў сістэме харчавання не толькі людзей, але і хатніх жывёл.
У народзе гарбузы заўсёды атаясамліваліся з пачуццём сытасці і здароўя. Можа таму з нейкім асаблівым замілаваннем гарбуз параўноўваюць з сытымі, дагледжанымі дзецьмі:
"Адзін радзіўся Юзік, і той – як гарбузік",
ці
"Вырасці, бы гарбуз на агародзе".
Гарбуз параўноўваюць з сытымі, дагледжанымі дзецьмі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Да таго ж продкі, каб хата поўнілася здаровымі, "кругленькімі" дзеткамі, зычылі маладым на вяселлі:
"Дару гузікі, каб дзеці былі, як гарбузікі".
А вось пра чалавека з вялікім жыватом і шырокім тварам у народзе насмешліва заўважалі:
"Жывот, як гарбуз, а морда, як рэшата".
На вёсцы здаўна прыкмячалі, што стравы з гарбуза паляпшаюць стан здароўя: падтрымліваюць абмен рэчываў, умацоўваюць імунітэт, лечаць хваробы сэрца, сасудаў, страўніка, нырак і мочапалавой сістэмы. Гарбузом у народнай медыцыне таксама лечаць прастуды, хворыя суставы, варыкоз, цукровы дыябет і іншыя захворванні.
Прыгажуні ж выкарыстоўваюць гарбуз для пахудзення і касметычных працэдур.
У народзе кажуць, што гарбузы сапраўдныя антыдэпрэсанты. Можа таму іх ярка-жоўты колер на паліцах з гароднінай у крамах як магнітам прыцягвае аматараў гэтай карыснай расліны.
Прыгажуням гарбуз патрэбен як касметычны сродак
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Вагаюцца – браць, ці не браць гарбуз – толькі тыя, хто не ведае, як яго правільна выбраць і прыгатаваць.
Выбіраем гарбуз
Выбіраючы гарбузы, арыентуюцца на форму, памер, колер звонку і колер мякаці, вагу, смак:
калі патрэбны семкі, то выбіраюць вялікі і круглы гарбуз ярка аранжавага колеру. Такія гарбузы лічыцца кармавымі;
для ўжывання ў кулінарыі выбіраюць доўгія і яркія плады, у якіх мякаць больш далікатная, салодкая і мала насення. Галоўнае – гарбуз павінен быць пругкі і цяжкі;
калі гарбуз не выспеў, ён будзе без смаку, а мякаць пераспелага будзе валакністай. Хвосцік спелага гарбуза сухі і цёмнага колеру;
чым гарбуз меньшы, тым ён саладзейшы і менш валакністы, таму лепш купляць гарбуз ад трох да пяці кілаграмаў;
самы смачны гарбуз – малады, у такога скурку можна не абразаць. Каб праверыць "узрост"гарбуза, дастаткова падрапаць яго паверхню пазногцем – калі на скурцы застанецца след, а пад пазногцем не баліць, то гарбуз малады;
пажадана, каб колер у гарбуза быў раўнамерны, без зялёных плям;
больш за ўсё мякаці ў мускатным гарбузе;
самы салодкі гарбуз – арэхавы, ён падобны да вялікай ігрушы.
Выбіраючы гарбузы, арыентуюцца на форму, памер, колер звонку і колер мякаці, а таксама вагу
© Sputnik / Ольга Деменчук
Гатаваць з гарбузоў – любімая справа, сёлета ж з-за гарачага, сонечнага лета яны асабліва салодкія і смачныя.
У спраўнай гаспадыні на гародзе заўсёды багата гарбузоў. І не бяда, калі каторы гарбуз вырасце бы карэта для Папялушкі, – тады ёсць нагода паклікаць сяброў на смачную страву і падзяліцца з імі агародным волатам!
Агародным волатам можна падзяліцца з сябрамі
© Sputnik / Инна Гришук
Нездарма ў народзе лічаць, што той, хто рэгулярна есці гарбуз, доўгі час захоўвае маладосць, здароўе, актыўнасць і даўгалецце. Так, ухваляючы смачныя стравы з гэтай расліны, пра добра пад’еўшага, сытага, усім задаволенага чалавека, калісьці казалі:
"Сядзіць, як гарбуза наеўшыся".
Гатуем гарбузы!
Гарбуз – гэта вельмі смачна, таму ў беларускай народнай кухні назапашана нямала цікавых рэцэптаў страў з гэтай гародніны. Мусіць, самае простае – гарбуз, запечаны кавалачкамі, які добра спалучаецца з мясам ці рыбай, або запечаны на вуголлі са змазанай мёдам (пасыпанай цукрам) мякаццю, чым так любілі ласавацца вясковыя дзеці падчас доўгіх піліпаўскіх вечароў.
Печаны гарбуз з мёдам – сапраўдны ласунак
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Але ж існуюць і больш складаныя ў гатаванні стравы.
Бліны з гарбуза
З чаго гатаваць:
500-700 г бульбы,
500-700 г гарбуза,
0,5 ч. л. соды,
1-2 яйкі,
50 г манных круп,
50 г алею,
соль (па патрэбе).
Бліны з гарбуза – смаката!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Нацерці на тарцы бульбу і гарбуз, дадаць яйкі, соду, соль і манку, перамяшаць і выпякаць бліны на патэльні.
Аладкі з гарбуза па-семежаўску
З чаго гатаваць:
500 г гарбуза,
2 яйкі,
2 ст. л. цукру,
мука (па патрэбе),
100-150 г тлушчу,
соль (па патрэбе).
Гэтакімі аладкамі можна і гасцей пачаставаць
© Sputnik / Альфред Микус
Як гатаваць. Гарбуз абабраць і ачысціць ад семак, мякаць старкаваць на бульбяной тарцы, у старкаваную масу дадаць яйкі, соль, муку (столькі, каб цеста павольна сцякала з лыжкі) і добра перамяшаць. Разагрэць на патэльні тлушч і выпякаць аладкі з абодвух бакоў да ўтварэння залацістай скарынкі. Прыгатаваныя аладкі перакласці ў талерку і пасыпаць цукрам.
Ядуць з салодкім малаком (вяршкамі).
Гарбузовы пірог па-лоцвінску
З чаго гатаваць:
4 яйкі,
1 шк. цукру,
1 шк. смятаны,
1 шк. мукі,
0,5 ч. л. соды,
2 шк. гарбузовай масы,
50 г сметанковага масла,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Узбіць яйкі з цукрам, дадаць туды смятану, буйна пацёрты гарбуз, соду, соль, муку. Перамяшаць і выліць у форму, нашмараваную маслам. Выпякаць пры тэмпературы 180 градусаў 20-30 хв.
Суп малочны з гарбузом
З чаго гатаваць:
1,5 л малака.
500 г ачышчанага гарбуза,
1 ч. л. масла,
1,5 кг манных круп,
цукар (да смаку),
соль (па патрэбе).
Гарбузовы суп-пюрэ
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Гарбуз нарэзаць дробнымі кубікамі, патушыць з невялікай колькасцю вады і маслам, працерці праз друшляк ці скарыстацца блендарам. Забяліць малаком, давесці да кіпення, усыпаць манных круп, соль, цукар і варыць 7-10 хв.
Смачна есці!
Чытайце таксама:
"Насцей чакае гасцей…", або Авечая доля на вясковым стале
"Гусінае свята", або Кулінарная падзяка Марціну
"Без капусты жываты пусты!", або Старажытныя стравы з белакачаннай расліны