Палескія і іншыя хронікі жыцця Івана Мележа

Сёння знакамітаму беларускаму літаратару магло б споўніцца 103 гады.
Sputnik
У дзень нараджэння аўтара неўміручых твораў "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы", за якія ён быў ганараваны Ленінскай прэміяй, Sputnik успамінае цікавыя факты з біяграфіі вядомага палешука.

Дзіцячыя мары

Нарадзіўся Іван Мележ 8 лютага 1921 года ў звычайнай сялянскай сям’і ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.
З самага дзяцінства Мележ быў прасякнуты любоўю да роднага краю, якую пранёс праз усё сваё жыццё. Да таго ж юнак быў вельмі таленавіты, шмат маляваў і аднойчы змайстраваў веласіпед – з драўніны!
Аднак лёсам было наканавана стаць зусім не сталяром ці мастаком, а ўвайсці ў мастацкую літаратуру.

Раненне на ўсё жыццё

Пасля заканчэння сярэдняй школы Іван Мележ працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола, а ў 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Аднак з першага курса інстытута быў прызваны ў Савецкую Армію і ўжо летам 1940 года Мележ удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце – на Збручы, пад Уманню, Мікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 года на долю пісьменніка выпала чарговае выпрабаванне – пад Растовам ён быў цяжка паранены.
Мы маглі бы зараз і не ведаць Мележа як пісьменніка. Хірургі планавалі ампутаваць руку, настолькі сур'ёзным было раненне, якое атрымаў літаратар на фронце. Але Мележ вельмі прасіў, каб руку захавалі. Дактары пайшлі будучаму класіку беларускай літаратуры насустрач.
Беларускі пісьменнік Іван Мележ
Усё астатняе жыцце ён пакутваў ад страшэнных боляў, але працаваў.
Пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі Мележа адправілі ў тыл, і Мележ спачатку абаснаваўся ў Бугуруслане. Потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 – у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар.

Пачынаў з вершаў

У літаратурнай дзейнасці Іван Мележ спачатку дэбютаваў вершамі. Але неўзабаве перайшоў і да прозы.
У першы пасляваенны год выдаў зборнік аповесцей і апавяданняў "У завіруху" (1946). Потым з’явіўся яшчэ адзін зборнік "Гарачы жнівень" (1948), а таксама нарыс "Заўсёды наперадзе" (1948).
З таго часу свет пабачыў шмат малых і вялікіх мележаўскіх твораў: "Мінскі напрамак" (1952), "Блізкае і далёкае" (1954), "У гарах дажджы" (1957), "Што ён за чалавек" (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), "Жыццёвыя клопаты" (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), "Белыя вішні і яблыні" (1976), "Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак" (1977), а таксама шэраг п'ес і, безумоўна ж, знакамітую "Палескую хроніку".
Фрагмент спектакля "Людзі на балоце" І. Мележа

Магла быць пенталогія

Самы вядомы цыкл раманаў Івана Мележа – "Палеская хроніка", над ім пісьменнік працаваў на працягу дваццаці гадоў.
Першая частка хронікі – "Людзі на балоце" – была напісана ў перыяд "хрушчоўскай адлігі" (1956-1960 гг.). Другая – "Подых навальніцы" – была завершана ў 1965-м. Трэці раман палескай трылогіі – "Завеі, снежань..." – быў падпісаны да друку ў 1976-м – апошнім годзе жыцця пісьменніка.
Але ж вядома, што ў Мележа існавала творчая задума дапоўніць "Палескую хроніку" яшчэ двума раманамі, зрабіўшы з яе, такім чынам, пенталогію. Першапачатковыя назвы магчымага працягу – "За асакою бераг" і "Праўда вясны". На жаль, здзейсніць гэтае літаратурнае памкненне не было суджана.

Народнае прызнанне

Іван Мележ выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса "Полымя", у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. – сакратар, а ў 1971-1974 гг. – намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. З 1945 года значыўся членам Саюза пісьменнікаў СССР.
Уузнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, знакам пашаны і медалямі.
Аднак, негледзячы на шматлікія ўзнагароды, у памяці родных, сяброў і чытачоў пісьменнік застаўся як чалавек, шчыра ўлюбёны ў свой край, яго гісторыю і неверагоднасць складаных народных лёсаў. Напэўна таму ў 1972 годзе Мележ і стаў народным пісьменнікам БССР.
Помнік Івану Мележу на Усходніх могілках
Таксама Іван Мележ быў прызнаны лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі БССР, а творы пісьменніка зазналі экранізацыю, самая знакамітая з якіх – трохсерыйны тэлеспектакль "Людзі на балоце" (рэжысёр Аляксандр Гутковіч, 1965).
Чытайце таксама:
Любоўная лірыка Аркадзя Куляшова: "Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая…"
Святло і сум у вершах Яўгеніі Янішчыц: "…І паўсюль – на свеце! – дабрыня"
Вандроўка з лірычным геніем Якуба Коласа: "Выходзіць сонца ў свой абход…"