За вакном – плюхота, марозу няма, сыпле мокры снег. Таго і чакай, што пачуеш грымоты "на пусты лес". Такім надвор’ем хочацца быць у хаце і гатаваць што-небудзь смачнае, каб 15 лютага адзначыць першае веснавое свята – Грамніцы.
Сустракаліся вясна з зімою
У народным календары Грамніцы прысвечаны свечцы і "жывому агню". Ёсць меркаванне, што назва свята паходзіць ад аднаго з галоўных язычніцкіх багоў Грамоўніка (другое імя старадаўняга Перуна), які, па продкавых уяўленнях, адказваў за жыццядайныя вясновыя навальніцы і дажджы. Таму раней лічылася, што ад Грамніц ужо недалёка да сапраўднай вясны і што ў гэты дзень зіма нібыта "сустракаецца" з летам. Менавіта адсюль і з’явілася ў свята альтэрнатыўная назва – Стрэчанне.
Грамніцы ў музеі народнай архітэктуры і побыту
© Sputnik / Альфред Микус
У народзе верылі, што такую сустрэчу, моцна захацеўшы, можна ўбачыць: у гэты дзень пільна назіралі за станам надвор’я, бо па ім прадказвалі, якая будзе вясна. І нават лета! Так, лічылася:
калі на Грамніцы мароз, то хутка надыйдзе вясна, а лета будзе сухое і пагодлівае;
калі мяцеліца, і снег перамятае цераз дарогу, то вясна будзе позняя, а гэта азначала, што будзе недахоп кармоў і кароў не хутка пагоняць у поле;
раннюю вясну таксама прадракала і адліга, з гэтай нагоды сяляне казалі:
"Калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол пад’есць травіцы";
аднак існавала імавернасць таго, што адліга можа прынесці з сабой дажджлівае ды неўраджайнае лета, таму продкі заўважалі:
"На Грамніцы адліга – з ураджаю будзе хвіга";
часта здараліся і грымоты, пры гэтым на Палессі захавалася наступнае назіранне:
"Калі першы раз загрыміць на лёд, та будзе здаровы год, бо людзі не будуць хварэць… Калі першы раз загрыміць, як ужэ лес адзенецца ў лісце, та будзе зраджайны год, а калі на голы лес, та ўсяго будзе голо" (паводле кнігі А. Сержпутоўскага "Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў").
Варта адзначыць, што ў царкоўным календары гэтае свята таксама завецца Стрэчанне, бо ў хрысціянстве яно звязана з сустрэчай Сімяона з Ісусам Хрыстом, што лічыцца сімвалам сустрэчы Старога і Новага запаветаў.
Свечка супраць грому
Галоўнай дзеяй падчас святочнай службы ў царкве было асвячэнне храмавых свечак. Такую свечку называлі "грамніцай" і, прыйшоўшы да хаты пасля набажэнства, хавалі за абразамі. Захоўвалі яе на працягу года, таму, што асвечаная ў гэты дзень, яна лічылася наймацнейшым абярэгам ад усялякай нечысці і выкарыстоўвалася падчас такіх важных сямейных абрадаў, як радзіны, вяселле ды пахаванне.
Таксама грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах, каб абараніць жывёлу ад злых чараўнікоў, ды запальвалі іх, калі першы раз выганялі карову ў поле, на засеўках і падчас навальніц.
У народзе сцвярджалі, што такая свечка – мацнейшая за звычайную царкоўную ў тысячу разоў. Мабыць таму "грамніцай" лячылі розныя хваробы.
А яшчэ, каб гаспадарчыя пабудовы і хату "абыходзіў гром", продкі выкарыстоўвалі свечку, асвечаную сем разоў, якая лічылася найбольш моцнай з усіх грамнічных. Такую свечку трымалі не толькі на покуці, але і ў двары.
Пашырана было выкарыстанне грамнічнай свечкі і ў іншых побытавых сітуацыях. Напрыклад, калі збіраліся расчыняць хлеб з "новай" мукі, то абкурвалі агнём ад гэтай свечкі квашню. Да таго ж існаваў звычай запякання на свята адмысловага абрадавага печыва ў выглядзе сярпоў для дачок, а кос для сыноў.
Наогул запальванне грамнічных свечак гаворыць аб захаванні рэшткаў старажытнага культу агню, які таксама быў звязаны і з аховай самога чалавека.
Дзеці трымаюць грамнічныя свечкі
© Sputnik / Альфред Микус
Аб гэтым сведчыць і такі архаічны вясковы звычай, як падпальванне грамніцай валасоў у дзяцей і дарослых з мэтай ахаваць іх ад маланкі, хвароб і г.д. – каб галава не балела, каб адвадзіць "кепскія вочы" (сурокі) ды, як рабілі палешукі падчас Калядаў на Багатую куццю, падвальваючы на галаве родных валасы крыжам, каб улетку не кусалі камары.
Чым на Грамніцы пахне з печы?
А з печы сёння пахне стравамі з Любанскага раёна Мінскай вобласці. У пошуках старадаўніх кулінарных рэцэптаў – ужо мо з дзесяць гадоў таму – давялося завітаць у вёску Обчын і пазнаёміцца з цудоўнай гаспадыняй Вольгай Драбудзькай, ад якой пашанцавала пераняць не адзін кулінарны рэцэпт з беларускай сялянскай кухні. Адзін з іх – печыва "куханы".
Абрадавае печыва
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Прыпамінаецца, што на маё пытанне: чаму ў стравы такая назва, гаспадыня ўсміхнулася і растлумачыла: "Таму што кухарым, пячом". І дадала, што вёска завецца Обчын, бо "даўней пры пану рабілі ўсё обча, разам".
Вось і мы зараз "обча" навучымся гатаваць старадаўнія "куханы". Дарэчы, з гэтага цеста можна напячы абрадавыя фігуркі ў выглядзе лапак буслоў ("галёпы") да свята Саракі, якое ўжо не за гарамі.
Галёпа
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Куханы па-обчынску
З чаго гатаваць:
0,5 л кіслага малака (кефіру),
1 кг пшанічнай мукі,
1 ст. л. соды,
1 яйка,
200-250 г тварагу,
1 шк. смятаны,
1 шк. цукру,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Выліваем кіслае малако, гасім яго содай і змешваем з тварагом, дадаём яйка і старанна размешваем. Уліваем туды смятану, сыплем цукар, соль і зноў добра размешваем. Цяпер па частках сыплем муку столькі, каб цеста раскачалася. Калі цеста пачне адліпаць ад рук, выкладаем яго на стальніцу, абсыпаную мукой і старанна вымешваем. Раскачаўшы цеста ў вялікі блін таўшчынёй у 1 см, "уціскаем цукар" – пасыпаем блін зверху цукровымі драбкамі і раскачваем ізноў.
Пасля наразаем цеста на шырокія палоскі і робім з іх ромбікі, ці фарміруем сярпы і косы. Затым бяром падагрэтую бляху і добра яе вышмароўваем кавалачкам сала, які накалваем на відэлец. Выкладаем фігуркі з цеста на бляху і ставім яе ў печ на гаршкі. Пры выпяканні куханоў у духоўцы варта прытрымлівацца тэмпературы 180 градусаў.
Куханы робяць на добрую бяседу
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Правяраюць – ці спякліся куханы – завостранай драўлянай палачкай: калі яна сухая – самы час даставаць печыва.
Звычайна куханы рабілі на добрую бяседу. У гэтым выпадку іх палівалі салодкай поліўкай з макам: густой смятанай, перамешанай з цукрам, абмазваліся куханы, а зверху пасыпаўся мак.
Аднак куханы – страва не толькі хатняя, бо раней іх таксама пяклі і ў доўгі шлях. Для гэтага куханы пры выпечцы крыху падсушвалі, каб яны лепей захоўваліся ў вандроўцы.
Хатнія куханы, або падарожныя, але ўжываць іх лепей заўсёды з малаком.
Куханы – страва не толькі хатняя, раней іх пяклі і ў доўгі шлях
© Sputnik / Альфрэд Мікус
Добрых вам Грамніц і смачна есці!
Чытайце таксама:
Гусёўнік, або Птушыныя стравы з бабулінага сшытка
"Будзь ваша здаровы…", або Лекавая кулінарыя з буракоў і хрэну
Зімовая "апраніха" з Варварынага куфра, або Посцім смачна з бульбянымі варэнікамі