Да канца каляндарнай зімы засталіся лічаныя дні. Наперадзе вясна, а гэта азначае, што для зацятых агароднікаў хутка пачнецца гарачая пара. Таму, рыхтуючыся ў лютым да сяўбы, прынята вызначаць, якія віды гародніны сёлета паселяцца на градках. Многія сяляне, як і ў мінулым годзе, набываюць насенне морквы, якую садзяць у вялікай колькасці.
Чаму морква? Ды таму, што гэта сапраўдны вітамінны скарб, які можна спажываць цалкам ад ураджаю да ўраджаю!
Морква з бацвіннем
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Раслінны скарб
Цяжка ўявіць сабе, колькі ў гэтым скарбе вітамінаў (А, С, РР, Е, група В), важных мінеральных рэчываў (ёд, цынк, бор, фтор, хлор, натрый, кальцый, калій, медзь, сера, фосфар, марганец, жалеза, крэмній, магній, кобальт), а таксама бялкі, цукры, алеі, крахмал, інулін, пекціны, то можна скараціць паходы да аптэкі.
Акрамя таго, у моркве, як і ў цыбулі і часнаку, шмат прыродных антыбіётыкаў. Так, здаўна свежым маркоўным сокам дзецям змазваюць рот, каб вылечыць стаматыт, палошчуць горла пры ангінах, а калі жаваць скрылік морквы, то колькасць мікробаў у роце значна зменшыцца.
Прыкметна, што здольнасці гэтай агародніны, ацаляючыя ад рознай немачы, былі ацэнены чалавецтвам яшчэ больш за чатыры тысячы гадоў. За гэты час з дзікарослай расліны, якую і цяпер можна сустрэць на палях Еўропы, Азіі і Афрыкі, морква ператварылася ў каштоўную агародную культуру, якая мае шмат гатункаў.
Свежая морква
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Каб атрымаць добры ўраджай, вясковыя гаспадыні асабліва клапоцяцца аб "моркаўцы". Яны яе "кормяць" і "пояць", а тая "сядзіць" і "стаіць" у полі, ды нават мае "сэрца" і гэтак далей. Вядома, продкі надзялялі моркву некаторымі антрапаметрычнымі рысамі, аднак здаралася і наадварот. Напрыклад, на Любаншчыне пра чалавека, які добра ўладкаваўся ў жыцці, казалі, што ён:
"Сядзіць як моркаў у агародзе".
Свінка таксама любіць моркву
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Далікатны смак "каралевы градак"
Вандруючы па Беларусі ў пошуках цікавых кулінарных і лекавых рэцэптаў, назбірала іх нямала з гэтай салодкай "агароднай каралевай". Да ўсяго ж, цяпер менавіта такі сезон, калі стомленаму за зіму арганізму патрэбен вітамінны зарад, які можна атрымаць ад морквы. З яе гатуюць салаты, вінегрэты, супы, гарніры, катлеты, запяканкі, пірагі, амлеты, паштэты, аладкі, соусы, сочыва, цукаты, джэмы, пудынгі, суфле, разнастайныя напіткі і іншае.
Гатуючы з морквы, трэба абавязкова дадаваць тлушч, бо тады карацін, ператвараючыся ў арганізме чалавека ў вітамін А, лепш засвойваецца. Не губляецца ён і ў сушанай моркве, якую выкарыстоўваюць ў розных мэтах: дадаюць у булён і нават гатуюць сурагат чаю. Для гэтага моркву чысцяць, дробна шаткуюць, сушаць у духоўцы і падсмажваюць на патэльні без алею да цёмнага колеру, затым захоўваюць у шчыльна закаркаваных шкляных слоіках. Напітак мае прыгожы колер і далікатны смак.
У некаторых гаспадынь нават дываны маркоўнага колеру
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Людзям, хворым на страўнік, пры абвастрэнні язвы, запаленчых працэсах у кішэчніку (каліты, энтэрыты) моркву трэба есці абмежавана і не ўжываць яе сырой, бо ў такім выглядзе яна дзейнічае як паслабляючы сродак. Таксама нельга ўжываць пазелянелую частку караняплода, бо яна ўтрымлівае атрутныя рэчывы. Здароваму ж чалавеку стравы з морквы толькі на карысць!
Чай з сушанай морквы
З чаго гатаваць:
1 ч. л. морквы,
1 шк. вады,
цукар або мёд (да смаку).
Як гатаваць. Высыпаць на разагрэтую патэльню сухую моркву і, часта мяшаючы, падсмажыць, пакуль не пацямнее. Заліць моркву кіпятком, даць настаяцца да 10 хв., працадзіць, падсаладзіць і разліць па кубках.
Лекавы адвар з бацвіння морквы
З чаго гатаваць:
1 ст. л. сушанага маркоўніку (бацвінне морквы),
1 шк. вады,
мёд (да смаку).
Як гатаваць. Сталовую лыжку здробненага маркоўніку заліць шклянкай кіпню, настаяць 30 хв., працадзіць.
Піць па 0,5 шк. тры разы на дзень да яды пры захворваннях нырак і печані, цукровым дыябеце.
Чай з морквы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Маркоўны сок
З чаго гатаваць:
некалькі морквін (па патрэбе),
сок кіслых ягад (скрылік лімона).
Як гатаваць. Караняплоды мыюць, скрабуць, яшчэ раз мыюць і таркуюць на дробнай тарцы. Атрыманую масу адціскаюць праз кавалак рэдкай тканіны (марлі, капрону). Атрыманы сок разбаўляюць на 1/4 любым сокам з кіслых ягад, або дадаюць на 1/2 шк. маркоўнага соку скрылік лімона. Каб лепей засвоіўся карацін, маркоўны сок заядаюць хлебам з маслам.
Маркоўны сок рэкамендуюць піць па 1 шк. раніцай нашча. Асабліва ён карысны дзецям, бо спрыяе росту і нармальнаму развіццю.
Адціснутую маркоўную макуху можна выкарыстоўваць для прыгатавання пірагоў і аладак. Таксама на яе аснове робяць малочны напітак.
На аснове маркоўнай макухі і малака гатуюць вельмі карысны напітак
© Sputnik / Денис Абрамов
/ Морква ў малацэ
З чаго гатаваць:
100 г морквы,
1 шк. свежага (кіслага) малака,
молаты аніс (да смаку).
Як гатаваць. Падрыхтаваную моркву натаркаваць як для соку, заліць малаком, дадаць аніс і перамяшаць.
Маркоўныя аладкі
З чаго гатаваць:
125 г морквы,
15 г алею,
1 яйка,
1/3 шк. мукі,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Натаркаваць моркву як для дранікаў, дадаць яйка, соль і муку, перамяшаць і смажыць на алеі як звычайныя аладкі.
Гатуецца маркоўная аладка
© Sputnik / Альфред Микус
Маркоўныя лапуны
З чаго гатаваць:
1 шк. натаркаванай морквы,
4 ст. л. малака,
2 яйкі,
4 ст. л. пшанічнай мукі,
тлушч,
цукар (да смаку),
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Падрыхтаваную моркву натаркаваць, дадаць яйкі, малако, муку, цукар, соль і замясіць цеста. Сталовай лыжкай выкладваць лапуны ў разагрэты на патэльні тлушч, абсмажыць з абодвух бакоў да ўтварэння залацістай скарынкі.
Падаць лапуны са смятанай.
Суп-пюрэ з морквы
З чаго гатаваць:
300 г морквы,
1 шк. малака,
1 ст. л. вяршковага масла,
2 ст. л. манных круп,
3 шк. вады,
1 ст. л. цукру,
1 яйка (жаўток),
соль.
Як гатаваць. Моркву вымыць, зварыць, абабраць і працерці праз сіта. Ваду давесці да кіпення і ўсыпаць манныя крупы, варыць на працягу 10 хв., увесь час мяшаючы. Дадаць моркву і цукар, давесці да кіпення і заправіць жаўтком, перамяшаным папярэдне з малаком. Дадаць масла, пасаліць.
Суп-пюрэ з морквы – сапраўдная смаката!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Суп малочны з морквы
З чаго гатаваць:
700 г морквы,
1 л малака,
1 ст. л. мукі,
1 ч. л. вяршковага масла,
цукар (да смаку),
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Падрыхтаваную моркву натаркаваць, заліць халоднай вадой і прыпусціць на слабым агні. Калі морква стане мяккай, уліць малако, дадаць цукар, соль, закіпяціць. Падсмажыць муку на масле, заправіць ёй суп і варыць яшчэ 5 хв.
Морква, тушаная з яблыкамі
З чаго гатаваць:
600 г морквы,
4 яблыкі,
1 л малака,
1 ст. л. цукру,
100 г вяршковага масла,
соль (па патрэбе).
Як гатаваць. Падрыхтаваную моркву нарэзаць буйнымі кубікамі, пакласці ў каструлю, дадаць масла, крыху вады, патушыць. За 15 хв. да завяршэння гатавання дадаць нарэзаныя скрылікамі свежыя яблыкі, цукар, соль і масла.
Смачна есці!
Моркву можна дадаваць у кожны суп
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"На Аўласа коні ды каровы да ласкі ласыя", або Кулінарныя звычаі продкаў
"Будзь ваша здаровы…", або Лекавая кулінарыя з буракоў і хрэну
"Памідоры зводзяць з розуму…", або Кулінарны экскурс у таматную даўніну