Кола жыцця і творчасці Алеся Ставера: "Жураўлі на Палессе ляцяць..."

10 жніўня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння аднаго з самых лірычных беларускіх паэтаў. Многія з яго пранікнёных твораў, аздобленыя нотамі, сталі сапраўды народнымі шлягерамі. Sputnik узгадвае біяграфію творцы і прапануе невялічкую падборку яго вершаў.
Sputnik
Жыццё быццам кола. Няўмольна коціцца па снягах і пожнях, стоптваючы былыя шляхі, ці пракладаючы новыя сцежкі. Дзе – павольна, ледзьве рухаючыся сярод ціхіх падзей, а дзе – наўздагон за думкамі і пачуццямі ў віхуры імклівых з’яў, за пахам роднай зямлі, позіркам прыгажуні-беларусачкі і палескім поклічам жураўлёў.
Кола заўсёды бяжыць ў будучыню, адорваючы амаль непаўторнымі выпрабаваннямі і нечаканымі здабыткамі, што праз нейкі час становяцца няўлоўнымі, каб нарэшце акунуцца ў Вечнасць. Так, кола знікае за даляглядам. І застаецца толькі шлях…
Жыццёвы шлях Алеся Ставера пачаўся 10 жніўня 1929 года ў весцы Маргавіца Докшыцкага раёна. Вядома, што бацькі Сашы – Сяргей Макаравіч і Хрысціна Пятроўна – працавалі ў калгасе. Дарэчы, маці, будучы дэпутатам сельскага Савета, клапацілася, каб яе сям’я была адукаваная. Так, да 1941 года хлопчык паспеў скончыць пяць класаў Бягомльскай сярэдняй школы, аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна.
Акупацыя Беларусі нямецка-фашысцкімі войскамі моцна адбілася на жыцці будучага паэта – разам са сваёй сям’ёй Аляксандр апынуўся ў партызанскай зоне. Там, падчас блакады вясной 1944 года згубіў сваіх братоў і бацьку і папаў у нямецкі палон. Іронія лёсу: на усходзе Беларусі ўжо грымелі раскаты вызваленчай аперацыі – а знясіленага падлетка акупанты ў гэты час везлі ў канцлагер на тэрыторыі Германіі. Вернецца хлопчык дадому толькі ў верасні 1945-га.
"Срэбранаю пацеркай на нітцы…": казачная крыніца творчасці Васіля Віткі >>>
Пасля заканчэння сямігодкі ў Бягомлі Аляксандр меркаваў стаць менавіта шафёрам. Аднак родная маці ўгаварыла яго працягнуць вучобу. Неўзабаве Алесь паступіў ў Мінскае педвучылішча. Але з-за праблем з транспартам (цяжка было ездзіць дамоў, бо да Бягомля тады нічога не хадзіла) перавёўся ў педвучылішча ў Барысаве.
Дзяцінства ў даваеннай Беларусі, выпрабаванні ваеннага часу, а, мабыць яшчэ і тое, што малады хлопец апынуўся ў педагагічным асяродку, – усё гэта абудзіла ў яго душы самабытную і непаўторную цягу да творчасці. Так ці інакш, але вядома, што менавіта падчас вучобы ў педвучылішчы Алесь Ставер і пачаў пісаць вершы.
Вядома, што сярод тых, хто разгледзеў у пачынаючым паэце талент, былі выкладчык літаратуры, пісьменнік Яўген Замерфельд і паэт Пімен Панчанка. У хуткім часе яго першы верш быў надрукаваны ў "Бальшавіцкай трыбуне" ў 1949 годзе – так з барысаўскай раёнкі і пачаўся літаратурны шлях Алеся Ставера.
Беларускі паэт Алесь Ставер
Пасля заканчэння педвучылішча малады творца кароткі час выкладаў родную мову і літаратуру ў Бягомльскай сярэдняй школе. І ўжо праз год, у 1950 годзе, стаў студэнтам філфака Мінскага педінстытута, бо лічыў неабходным развіваць літаратурнае майстэрства.
Далейшы працоўны і творчы шлях Алеся Зарачанскага (а менавіта пад такім псеўданімам друкаваў свае творы Аляксандр Сяргеевіч Ставер) цесна звязаны з літаратурнай дзейнасцю. Так, у сярэдзіне 50-х ён быў літсупрацоўнікам газеты "Калгасная праўда", літаратурным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР, а з 1956 па 1961 гг. загадваў літаратурнай часткай Белдзяржфілармоніі.
Паэзія жыцця Змітрака Бядулі: "Пад сонцам грэліся бярозы у белым тонкім палатне…" >>>
У гэты ж час – у 1959 годзе – свет пабачыў яго першы сборнік вершаў "Золак над Бярозай".
Не прайшло і трох гадоў, як маладога літаратара ўзялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Далей Ставер займаў пасаду малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, быў карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды Саюза беларускіх пісьменнікаў (1975–1984), а з 1984 года знаходзіўся непасрэдна на творчай рабоце.
Алесь Ставер з’яўляецца аўтарам шматлікіх паэтычных зборнікаў, сярод якіх "Ластаўкі перад дажджом" (1967), "Жураўлі ляцяць…" (1972), "Зоры зямныя" (1989) і іншыя. Выдаваў паэт і дзіцячыя зборнікі: у 1961 годзе выйшла кніга "Касцёр не гасне", а ў 1984-м – "Пад вясёлкавай дугой".
Народныя вершы Алеся Гаруна: "Пакінеш след ты па сабе…" >>>
Вершы знакамітага беларуса былі папулярныя ў замежжы – былі зроблены пераклады на балгарскую і польскую мовы. Таксама перакладаліся вершаваныя творы і на мовы народаў тагачаснага СССР.
Да многіх вершаў Алеся Ставера была напісана музыка. З аўтарам супрацоўнічалі Рычард Бутвілоўскі, Іван Кузняцоў, Ігар Лучанок і іншыя кампазітары, а такія песні, як "Беларусачка" і "Жураўлі на Палессе ляцяць", і па сённяшні дзень знаёмыя ўсім. Дарэчы, у 1983 годзе з друку выйшаў зборнік песень пад назвай "Мой край беларускі".
Пісаў Алесь Ставер і прозу. Так, ваеннаму ліхелеццю прысвечаны кнігі "Пад канвоем" (1969), "Да сваіх" (1974) і "Лясныя аповесці" (1986). Таксама Ставер з’яўляецца аўтарам лірычнай камедыі "Алімпіяда Салодкая" і п’есы "Слова не варабей", якія былі пастаўлены ў 1977 годзе.
"Чалавек не знікае так": вершы Рыгора Барадуліна >>>
На жаль, на піку творчасці жыццё майстра беларускага слова нечакана перарвалася – 23 ліпеня 1995 года Алесь Ставер загінуў у аўтакатастрофе.
На творах Алеся Ставера вырасла некалькі пакаленняў Беларусі, і да гэтага часу яго літаратурная спадчына застаецца папулярнай. Таму сёння Sputnik і прапануе вершаваную падборку вядомага творцы.
Чытаем і спяваем разам знакамітыя лірычныя радкі з паэзіі Алеся Ставера!
Люстраныя азёры і рэкі, / Аксамітныя цені дуброў...

Беларусі

Родны край беларускі спрадвеку,
Дзе такія ты фарбы знайшоў?
Люстраныя азёры і рэкі,
Аксамітныя цені дуброў.

Курганы, як стагі канюшыны,
Як пасцель, муражныя лугі,
I палі, дзе жыцця вітамінам
Напаўняецца колас тугі.

Над палямі – нябёсы у скрусе.
Абмінаючы хмар чараду,
Праплываюць бялюткія гусі,
Замуціўшыя ў рэчцы ваду.

Гэтай песні гарэзныя словы
Я з юнацтва ўсім сэрцам люблю, –
Як сваю беларускую мову,
Як маёй Беларусі зямлю!

Знаю я: абыдзі ўсю планету,
Але гэткaй зямлі не сустрэць.
Беларусь. Край натхнення паэтаў!
Ды цябе немагчыма апець.

Пыліць пад сонцам доўгая дарога. /Маўкліва нікнуць лозы пад ракой...

Ластаўкі

Пыліць пад сонцам доўгая дарога.
Маўкліва нікнуць лозы пад ракой.
Гляджу я: каля берага крутога
Дзве ластаўкі мільгаюць над вадой.

To прападуць, нібыта летуценні,
To перакрэсляць крыллямі раку.
Спыніўся я ў дзівосным захапленні,
Насустрач ім ускідваю руку,

Снуюць яны ў парыве весялосці,
Нібы наўмысля, што адзін стаю…
Я дзвюм гарэзам шчыра пазайздросціў,
Успомніўшы каханую сваю…

Бягуць бярозкі ля чыгункі, / Гляджу на іх я з-пад рукі...

У дарозе

Бягуць бярозкі ля чыгункі,
Гляджу на іх я з-пад рукі.
Вясна дала ім падарункі –
Зялёных колераў лісткі.

Я іх, маленькіх, беластвольных,
Пяшчотна прыгалубіць рад…
Цягнік імчыць, грукочуць колы –
Ўсплывае новы далягляд.

I бачу дружныя усходы –
Вятры лагодна песцяць рунь,
А далей – карпусы заводаў
Імкнуцца трубамі ўгару.

Хвіліна – бор шугае міма,
I пах смалы плыве ў вагон.
Якая слаўная Радзіма!
Які прастор! Які разгон!

I я ўсміхаюся, шчаслівы.
I люба сэрцам мне жадаць:
Вось гэтым дрэўцам, гэтым нівам
Усё жыццё сваё аддаць…

Дзе па каменнях белапенных / Журліва ручайкі цякуць...

Гуцульская рака

Навокал горы ў шыпах еляў,
Нібыта вожыкаў сям’я.
Між іх, як яшчарка, праз зелень
Імкне крыштальная бруя,

Дзе па каменнях белапенных
Журліва ручайкі цякуць
І мкнуць усе, бы кроў у венах,
Ў адну артэрыю-раку.

I вось – рака!.. Як вар кіпучы,
Бурліць, сягае паміж гор,
To з гулам кідаецца з кручы…
Усё – каб вырвацца ў прастор.

I сёння так, і так адвеку –
Між цяжкіх пліт, між валуноў…
Так б’ецца думка чалавека
У грозным рокаце вякоў.

Заблішчалі світальныя росы / На суквеццях высокай травы...

Лірычнае

Заблішчалі світальныя росы
На суквеццях высокай травы.
Ой вы, косы, дзявочыя косы!
Як жа сэрца хвалюеце вы.

Краявіду нябачна ў тумане,
He відаць пешаходаў нідзе.
Толькі лугам – зялёным дыванам –
Мая мілая міма ідзе.

Я стаю пад акном каля вішні,
Хвалявання ніяк не стрымаць…
А было б… А было б і не лішне
Пра пачуцці свае расказаць.

Ды любімая далей і далей
Шпарка крочыць дарогай прамой.
Эх вы, росы, чаму не сказалі
Ёй пра смутак нявыспелы мой.

Зоры-росы, як позірк любімай,
Хітравата ўсміхаюцца мне,
Нібы кажуць: "Прайшла яна міма,
I не ўбачыш каханую, не…".

Вось і постаць яе ледзьве значна
I паволі знікаё з вачэй.
I навошта так рана убачыў,
Цэлы дзень было б сэрцу лягчэй.

...Душу напоўняць радасць і уцеха, / I ўсмешка зацвітае, як чабор.

* * *

Ізноў прыйшоў я на ускраек бору –
Я тут не быў пасля зімовых сцюж.
З прыемнасцю ўдыхаю пах чабору –
Ён мне мілей, чым водар пышных руж.

Як тут хадзіў у зімнюю часіну.
To я такі усцешаны не быў:
Бор выглядаў сумлівай сірацінай,
Бо тут чабор так весела не цвіў.

Вось так і я: задумлівы, у скрусе
Бываю незвычайнаю парой,
Калі жыву ўдалі ад Беларусі –
Далёка ад азёраў і бароў.

I варта зноў мне ў Беларусь прыехаць,
Акінуць вокам свой лясны прастор, –
Душу напоўняць радасць і уцеха,
I ўсмешка зацвітае, як чабор.

I азёрны рабінавы край...

Жураўлі на Палессе ляцяць

Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Разумею цяпер, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!
Што ім пышны платанавы рай,
Калі клічуць іх далі сасновыя
I азёрны рабінавы край.

Сакавітыя пожні мурожныя
He заменіш нічым і нідзе,
I зямлю, дзе сцяжыначка кожная
У прыветлівы двор прывядзе.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,
Трэба ў розных краях пабываць.
Зразумееш тады, чаму з выраю
Жураўлі на Палессе ляцяць.

Таксама на Sputnik:
Адам Русак: "I ў сэрцы песні не стрымаць…"
"Радзіму не пакіну я без песень…": сум і лірыка ў вершах Язэпа Пушчы
Лірычны шлях Алеся Бачылы: "Мне лепей ад роднага краю нічога на свеце няма..."