Сёлета верасень песціць лагодным надвор’ем, і гаспадары, якія маюць падворак, спяшаюцца зрабіць вясковыя справы, пакуль "стаіць пагода".
У карагодзе сонечных вераснёўскіх дзён непрыкметна надышла пара, якая ў народзе называецца "бабіна лета". Гэта час асаблівых жаночых клопатаў ад збірання і парадкавання ўраджаю да правядзення разнастайных сезонных абрадаў. Па народным календары бабіна лета – гэта даволі доўгі перыяд, які цягнецца прыкладна ад 11 верасня да 14 кастрычніка, калі ўжо святкуюць Пакровы.
"Агародная" магія
Згодна з народнымі ўяўленнямі жанчына, жонка, баба звязана са здароўем, аховай жыцця і дабрабытам. Яна мае цесную сувязь з зямлёй-карміцелькай, бо абедзве даюць жыццё. Каму, як ні ёй – бабе – парадкаваць палявыя і агародныя справы, якія ў даўнія часы часта суправаджаліся абрадавымі, магічнымі дзеяннямі, дзе жанчыне ў большасці выпадкаў адводзілася галоўная роля.
Гаспадыні ля хаты
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вандруючы па Беларусі, не раз даводзілася сутыкацца з "агароднай" магіяй, якую і цяпер практыкуюць многія вясковыя жанчыны, калі сеюць, даглядаюць і нарыхтоўваюць розныя сельскагаспадарчыя культуры. Так, напрыклад, садзячы капусту, закопваюць каля першага калева каменчык у белай хустачцы, каб капуста была крэпкая як камень і белая як хустачка. А, сеючы бульбу, у першую баразну кладуць сякеру з верай, што бульба парасце такая вялікая, што ўвосені сама разгорне зямлю.
Штогод восенню ў сваёй сям’і назірала і такі абрад, у якім прымалі ўдзел дзве жанчыны. Ён быў накіраваны на выгнанне мышэй і пацукоў з памяшканняў, дзе захоўвалася гародніна. Калі надыходзіў час сыпаць буракі, моркву і бульбу ў склеп, то перад тым, як перадаць першы кош з караняплодамі, адбываўся наступны дыялог:
"– Ці пагнаў пастух кароў у поле?
– Пагнаў!
– Дык няхай жа ён гоніць са склепа і мышэй з пацукамі!"
Лічылася, што пасля гэтага мышы не будуць псаваць ураджай. З гэтай жа мэтай у склеп апускаўся і сухі "май" (галінкі бярозы ці клёна, сабраныя на Сёмуху).
Выганялі восенню і мух! Згодна з запісамі этнографа Дабравольскага, у пачатку ХХ стагоддзя на Смаленшчыне падчас Дажынак жанчыны-жнеі, асядлаўшы чапялу, скакалі на ёй па хаце, гаворачы:
"Чарнушкі – вон, а бялушкі – у хату".
Гэткія скокі азначалі хуткі надыход зімы, калі чорныя мухі знікнуць, а замест іх у паветры з’явяцца снежныя "бялушкі".
Вядома ж, сучаснаму чалавеку падобныя народныя звычаі падаюцца дзівацтвам, але ж многія сучасныя завядзёнкі мабыць таксама моцна здзівілі б продкаў. І ўсё ж, як бы там ні было, мудрасць, назіральнасць і практычныя веды народа нам дарэчы і цяпер.
Белы наліў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Сакрэты нарыхтовак
Сёлета добры ўраджай садавіны і агародніны, якую трэба спяшацца нарыхтаваць у запас. На дапамогу ў гэтай няпростай справе з даўніны прыходзяць добрыя рэцэпты нарыхтовак ад вясковых гаспадынь.
Цыбуля сушаная
З чаго гатаваць:
цыбуля (па патрэбе).
Рыхтуем цыбулю да сушкі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Пачысціць цыбулю ад лушпаек. Парэзаць яе на кружкі, раскласці тонкім слоем на бляхі. Сушыць пры тэмпературы 55-60 градусаў на працягу 5-6 гадзін.
Захоўваць у добра закаркаваных шкляных слоіках.
Цыбуля, марынаваная па-старадаўняму
У гэтым старадаўнім рэцэпце з "Першай беларускай кулінарнай кнігі" Вінцэнты Завадскай колькасць інгрэдыентаў залежыць ад колькасці цыбулі. Спецыі тут дадаюцца па смаку – нашы продкі любілі не столькі салёную, як водарную ежу, і таму ў воцат часта дадавалі разнастайныя прыправы і духмяныя зёлкі.
З чаго гатаваць:
цыбуля,
воцат,
духмяны перац,
чорны перац,
зярняты гваздзікі.
Кольцы цыбулі
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Дробную цыбулю (лепей цыбулю-шалот) абабраць, памыць, пасаліць на 24 гадзіны, абцерці ад вільгаці.
Закіпяціць моцны воцат з гваздзікай, духмяным і чорным перцам, укінуць цыбулькі і зварыць да мяккасці, але каб не згубілі форму.
Астудзіць, перакласці з воцатам у паліваны гаршчок або слоік, абвязаць і захоўваць у халодным месцы.
Часнок у расоле
Ігрэдыенты для гэтага рэцэпта бяруцца па патрэбе.
З чаго гатаваць:
малады часнок,
вада,
воцат,
соль.
Як гатаваць. Свежы часнок з невялікімі галоўкамі абабраць, прамыць і нарэзаць кавалачкамі даўжынёй у 2-3 см. Апусціць часнок у падсолены кіпень на 2-3 хв., вынуць шумоўкай і астудзіць у халоднай вадзе.
Пакласці ў слоік і заліць халодным расолам: гатуецца з роўных частак воцату і вады з дадаваннем солі з разлікам 0,5 кг на літар расолу. Прыціснуць гнётам, плотна закрыць і паставіць у халоднае месца.
Праз тыдзень часнок можна есці.
Пасоля, марынаваная па-старадаўняму
Ігрэдыенты для гэтага рэцэпта бяруцца па патрэбе.
З чаго гатаваць:
пасоля,
лаўровы ліст,
перац чорны гарошкам,
гваздзіка,
воцат,
соль.
Інгрэдыенты для пасолі марынаванай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Вылушчыць з недаспелых стручкоў пасолю, праварыць у кіпені да гатоўнасці, але каб засталася цэлая, і адцадзіць.
На дно слоіка пакласці лаўровы ліст, некалькі зярнятак перцу, гваздзіку, на гэта пакласці слой пасолі і зноў перасыпаць прыправамі – рабіць так, пакуль слоік не напоўніцца, сочачы, каб зверху былі прыправы. Заліць гэта правараным з соллю і астуджаным моцным воцатам, абвязаць (закаркаваць) і паставіць у лядоўню.
Яблыкі, сушаныя ў хатняй печы
З чаго гатаваць:
яблыкі (па патрэбе).
Яблыкі, сушаныя ў печы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Яблыкі памыць, разрэзаць на часткі (не вельмі тонкія, але і не буйныя), выдаліць насенне, раскласці на бляхі.
Выпаліць у печы, і, як толькі вуглі згараць, пачысціць под ад попелу, ды адразу ўставіць у печ бляхі з яблыкамі, каб яны паспелі спячыся, і сушыць да раніцы.
Раніцай дастаць яблыкі з печы, выбраць сухія, астатнія сушыць ізноў.
Сухія яблыкі няшчыльна закаркаваць у драўлянай бочцы і захоўваць у клеці ці на гарышчы пры тэмпературы 2-10 градусаў. Так вялікая колькасць яблыкаў не псуецца, набірае натуральную вільгаць і можа захоўвацца доўгі час – прынамсі да новага ўраджаю, які звычайна бывае праз год. Лепшы сорт для сушкі лічыцца антонаўка.
Яблыкі і грушы сушаныя, завараныя
З чаго гатаваць:
яблыкі (па патрэбе),
або
грушы (па патрэбе).
Грушы можна таксама сушыць
© ГТК Беларуси
Як гатаваць. Яблыкі (найлепш белы наліў) ці грушы памыць, разрэзаць на 4 часткі, выбраць сярэдзінкі, абабраць скурку і ўкінуць у халодную ваду, каб не пацямнелі, пакуль будзе абірацца ўся садавіна.
Выняўшы з вады, даць садавіне сцячы і апарыць яе кіпнем. Потым перакласці на сухое рэшата і паставіць на сонца на некалькі дзён (на ноч хаваць у сухое месца). Пераварочваць штодзень, каб раўнамерна высыхалі з усіх бакоў.
Гатовую садавіну няшчыльна ссыпаць у мяшок (слоік) і трымаць у сухім месцы. Такія плады можна захоўваць некалькі гадоў.
Добрых нарыхтовак ды лагоднай восені!
Сушаныя яблыкі на ручніку
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"Верасень на каліну багаты…", або Ягадныя рэцэпты з вясковага дзённіка
"На Лаўрына спяшайся да млына", або Сакрэты жнівеньскага застолля на свята "новага хлеба"
Крапіва на талерцы, або Гатуем вясковыя далікатэсы з пякучай расліны