Люблю май, бо нарэшце можна выехаць на прыроду, або далучыцца да працы на ўласным агародзе. Як кажуць: "Жаданая праца, як узыход сонца"!
Вока радуецца першай зялёнай цыбулі ды іншай зеляніне на градах, а душа спявае разам з птушкамі.
Яблыня цвіце
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
І калі б атрымалася ўзняцца ўвысь і глянуць на вёску зверху, то можна было б пабачыць бесперапынны людскі рух, пра які ў народзе казалі:
"Таўкуцца, як камары на пагоду".
Добразычлівая машкара
Яно і праўда, вясною ў хаце не ўседзіш, бо вясновы дзень год корміць. Ды і прыкмета, што камары прадказваюць надвор’е – хочаце верце, а хочаце праверце, – праўдзіць! У народзе верылі, што калі машкара лезе ў вочы, то будзе дождж, а калі яна ўвечары на захадзе сонца снуе то ўверх, то ўніз, што называецца "мак таўчэ", значыцца – зранку чакай добрае надвор’е.
А яшчэ кажуць, што як "машкара ўецца", то гэта на добры ўраджай і нават вельмі якасны. З гэтай нагоды продкі назіралі: ці шмат машкары, ці высока лятае і гэтак далей. Нават калматасць іх ножак мела нейкае значэнне. Акрамя таго, убачыўшы першых камароў, якія таўкуцца, гаспадыня брала жменю зямлі з-пад іх і рассыпала па градах, каб агародніна высока падымалася. А таксама несла гэтую зямлю ў гняздо да квактухі, каб увесь вывадак быў здаровы і не было страт на заморкі.
Продкі заўважалі, што калі машкара лезе ў вочы, то будзе дождж
© Sputnik / Татьяна Федоренко
Дарэчы, прагнозы надвор’я складалі не толькі па паводзінах мошак, але і птушак. Напрыклад, як ластаўкі нізка лятаюць, то будзе дождж, а калі куры хаваюцца ад дажджу, дык ён хутка скончыцца.
Майскія прыкметы для спраўнай кабеты
Ды наогул, на працягу апошняга вясенняга месяца пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца: якім будзе лета? Гэта было патрэбна, каб удала весці гаспадарку і па магчымасці своечасова прадухіліць страты ўраджаю.
Кашы на загародзе
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Так, у народным календары нашы старажытныя продкі прыкмячалі:
калі ноч пад 1 мая зорная і дзьме цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае;
11 мая ў заходніх раёнах Беларусі адзначалі дзень Пранціша. Лічылі, што калі ў гэты дзень ідзе дождж, то будзе мокра ўсё лета, а калі суха, то й лета будзе сухім;
на Якуба (13 мая) як сонца ўзыдзе ясна – чакаецца сухое лета, а праз хмары – дажджлівае;
калі на Ярому (14 мая) непагадзь, значыць, галодная і суровая надарыцца зіма;
24 мая Макей, падчас якога назіралі: "Мокра на Макея – і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць";
на Сідара (27 мая) зноў прадчувалі халады, і калі яны ўсё ж такі здараліся – "прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры" – то лета чакалася дажджлівае. Але ж, калі да гэтага дня ці на яго прыляцяць ластаўкі і стрыжы – чакай цёплае лета;
28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".
Каб своечасова прадухіліць страты ўраджаю, продкі пільна сачылі за надвор’ем
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Вядома ж, такі народны гідрамет не заўсёды праўдзівы. Зрэшты ў сваіх меркаваннях сяляне, заўсёды спадзяваючыся на божую волю, казалі:
"Пераначуем, да пабачым заўтра, што Бог дасць".
А вось аб няўмелых метэаролагах народ жартаваў:
"Ты такі знахар, як той цыган маўляў: "У мяне, бацю, два сынкі вельмі разумныя: адзін кажа, што будзе дождж, а другі, што пагода, то калі не той, дак той угадае"".
Ручнікі сушацца на майскім сонцы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Час вясковага абеду
Так ці іначай, але ж якое б ні было надвор’е, а працы заўсёды хопіць і ў полі, і ў хаце! І, перш за ўсё, гаспадыні, якой зранку трэба завіхацца ля печы, каб сям’я не засталася без абеду.
Сярод безлічы майскіх страў асабліва пажыўнымі выглядаюць кіслая капуста з рабрынкай і водарны бульбяны камяк, якія з даўніх часоў гатуюць у вёсцы Люсіна, што ў Ганцавіцкім раёне (Брэстчына).
Вясковыя стравы гатуюцца ў печы
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Кіслая капуста з рабрынкай
З чаго гатаваць:
2,5 л вады,
2 сярэднія бульбіны,
3 рабрынкі,
300 г кіслай капусты,
1 лаўровы ліст,
соль (да смаку).
Кіслая капуста
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. У халодную ваду пакласці мяса і цэлыя бульбіны, крыху пасаліць, варыць 30-40 хв.
Выняць гаршчок з печы, дастаць з яго бульбу, растаўчы і зноў укінуць яе ў гаршчок разам з кіслай капустай (калі капуста перакісла, яе загадзя прамываюць у халоднай вадзе да патрэбнага смаку). Вараць у печы страву на працягу гадзіны ці болей.
Да капусты падаюць камяк. А каб было смачней, ядуць так: спачатку лыжкай зачэрпваюць бульбу, а потым яе заядаюць капустай.
Кіслая капуста з рабрынкай
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Камяк бульбяны
З чаго гатаваць:
6-8 бульбін,
1 цыбуліна,
300 г салёнага сала,
вада,
соль (да смаку).
Камяк бульбяны
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Як гатаваць. Абабраць бульбу, заліць вадой, пасаліць, зварыць да мяккасці, патаўчы.
Нарэзаць дробна сала і цыбулю. На разагрэтую патэльню перш укласці сала, каб пусціла тлушч, дадаць цыбулю і ўсё пасмажыць, сочачы, каб цыбуля не высахла.
Пасля злучыць тоўчаную бульбу з цыбуляй і салам, перамяшаць і выкласці горкай на патэльню, у якой смажылася сала. Уставіць у печ і гатаваць да таго часу, каб зверху ўтварылася румяная скарынка.
Смачна есці ды добрага майскага надвор’я!
Вясковы стол чакае гаспадароў
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Чытайце таксама:
"У сваім гародзе роўны ваяводзе…", або Майскія клопаты са смакам аўсянай кухні
"Белы бусел ляціць…", або Добрая вестка ў сэрцы і посныя смакалікі на лагодным стале
"На Цёплага Ляксея сажалка карасее…", або Рыбны дзень ля сакавіцкай печы