"Госць на парозе – Бог…", або Гастрафэст па-вясковаму

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра продкавыя звычаі частавання гасцей падчас летніх рэлігійных святкаванняў і запрашае аматараў беларускай кухні прыгатаваць запечаных дзікіх чыркоў у брусніцах і традыцыйны вясковы крупнік з салам.
Sputnik
У кожнага народа ёсць свае звычаі гасціннасці. Ёсць яны і ў беларусаў, якія свята верылі, што "госць на парозе – Бог на парозе", і таму заўсёды ўмелі сустракаць гасцей.
Дагэтуль у розных кутках Беларусі ўзгадваюць звычаі прымаць гасцей падчас летніх царкоўных фэстаў, якія былі ў побыце да 20-х гадоў мінулага стагоддзя. З асаблівай пашанай праводзіліся тыя з іх, што прысвячаліся цудатворным выявам Божай Маці.
Касцёльны фэст у вёсцы Данюшава
Падобны фэст, які адбываўся на Случчыне ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, выразна апісаў беларускі этнограф і пісьменнік Павел Шпілеўскі ў нарысе "Маладзіковая нядзеля". Паводле народных успамінаў, якія ён запісаў, у першую нядзелю пасля маладзіка ў царкве або капліцы, дзе быў цудадзейны абраз, адбывалася ўрачыстае богаслужэнне. На яго з навакольных вёсак сцякалася вялікая колькасць святочна апранутых паломнікаў.
Па завяршэнні працяглай службы багамольцы цэлымі сем’ямі заставаліся гасцяваць у вёсцы, дзе знаходзілася святыня. Таму многія жыхары мястэчка бралі на сябе абавязак прымаць стомленых людзей, даючы ім магчымасць адпачыць і добра пад’есці перад зваротным шляхам: загадзя прыбіраліся хата і падворак, гаспадары майстравалі на хуткую руку длінныя сталы і лавы, а гаспадыні гатавалі ў печы вялікую колькасць пажыўных страў.
Фэст у вёсцы Пласток

"Не ведаем, праз чыю ласку жывём…"

У народзе лічылі, што Бог і святыя "ходзяць па свеце" ў розных абліччах:

"Даўней, кажуць, часта хадзілі па зямлі святыя, бы простыя людзі, а ў постаці старцаў з’яўляўся Хрыстос і сам Бог" (паводле Аляксандра Сержпутоўскага, "Выбранае").

Мабыць, таму здаўна да падарожных людзей, старцаў, жабракоў ды калек падчас прыёму ежы ставіліся з асаблівай пашанай. Цікава, што ў некаторых выпадках гэта ж датычылася і хатніх жывёл: так, калі пад сталом, за якім сям’я сабралася есці, садзіўся сабака, то яму маглі аддаць першы кусок хлеба, маўляў, "не ведаем, праз чыю ласку жывём".
"Не ведаем, праз чыю ласку жывём..."
Асабліва шанцавала тым гасцям, хто зайшоў у хату падчас абеду, – іх адразу ж прасілі за стол, бо лічылі, што такі чалавек шчаслівы і мае добрую волю.
Калі ж у хату завітаў старац, то гэтакая сустрэча ўвогуле бачылася як добры знак для таго дома і яго сям’і. Таму шаноўнага госця частавалі з асаблівай пашанай і па патрэбе давалі прытулак.
Як жа прымалі гасцей і чым частавалі ў летняй беларускай вёсцы амаль дзвесце гадоў таму?
Святочны стол

У палоне водарных страў

Гаспадар і гаспадыня радасна сустракалі гасцей каля весніц і праводзілі іх у хату, дзе іх на святочных сталах ужо чакалі стравы. Спачатку за стол сядалі старэйшыя з гасцей, а пасля іх вольныя месцы займала моладзь. Гаспадары ж і іх дарослыя дзеці стоячы частавалі вандроўнікаў.
Пачастункаў было многа, аднак часцей за ўсё абед пачынаўся з мёду ў сотах і яечні.
Мядовыя соты
Затым падавалі вадкія гарачыя стравы накшталт капусты ці баршчу, звараных з салам (вяндлінай), ды крупені (з ячменных, грэцкіх круп) або заціркі, у якія пры гатаванні дадавалі курыцу (радзей ялавічыну).
Боршч вясковы
Следам за супамі надыходзіў час смажаніны – гасцей частавалі цяляцінай, куранятамі і баранінай.
Смажаніна па-сялянску
Пасля смажаніны падавалі салодкае і ласункі: макоўнікі, засушаныя блінцы, аблітыя сытой, аладкі, плескі (бульбу з макам), арэхі і гэтак далей.
Пірог з макам
Запівалі сялянскія прысмакі прахаладжальнымі і, зразумела, моцнымі напіткамі – так, каля страў звычайна месціліся каўшы з півам і бутэлькі з гарэлкай.
Піва, грэтае з мёдам
Пасля абеду госці традыцыйна знаёміліся з падворкам і градамі: гаспадыня хвалілася сваімі поспехамі на агародзе, а гаспадар дзяліўся асабістымі дасягненнямі ды гаспадарчымі навінамі.
Нагледзеўшыся на гаспадарку, удзельнікі фэсту вярталіся да хаты, каб збірацца дамоў. Аднак гаспадары зноў запрашалі да стала – пачаставацца на дарожку.
Гаспадары зноў запрашалі гасцей да стала – пачаставацца на доўгі шлях
Пасядзелкі звычайна завяршаліся наступным "рытуалам" – госці спявалі разам з гаспадарамі, прысягалі ў сяброўстве, абдымаліся, цалаваліся і прасілі прабачэння, што заседзеліся так доўга. Гаспадары ж прасілі ў гасцей прабачэння, што не змаглі пачаставаць іх чым-небудзь лепшым, праводзілі гасцей да весніц і запрашалі да сябе на наступны фэст. Багамольцы ў сваю чаргу запрашалі гаспадароў да сябе на якое-небудзь свята або проста – "на хлеб-соль".
Госці ад'язджаюць
Знаёмы малюнак! Сапраўды, амаль за два стагоддзі беларуская гасціннасць (асабліва ў вёсцы) не памянялася. І, пэўна, таму, што продкавыя звычаі – гэта душа народа!

Каб госці былі рады – кухарскія парады

Пераважна ўсе стравы, пералічаныя вышэй, прыгатаваць сучаснай гаспадыні даволі лёгка. І, калі хто трапіць да вас "на пасядзелкі", прапаную пачаставаць гасцей старажытнымі беларускімі далікатэсамі.

Крупнік

З чаго гатаваць:
1 шк. ячных круп (або проса),
4 бульбіны,
80 г сала,
2 цыбуліны,
лаўровы ліст
соль (да смаку).
Сала
Як гатаваць. Крупы прамыць, укінуць у каструлю з кіпенем і варыць амаль да гатовасці. Накрышыць кубікамі бульбу, падскварыць дробна нарэзанае сала і цыбулю. Дадаць усё разам у крупы. За некалькі хвілін да канца варкі дадаць соль і лаўровы ліст.
Страва ў чыгунку
Перад падачай пасыпаць дробна нашаткаванай зелянінай кропу.

Запечаныя дзікія качкі

З чаго гатаваць:
3 тушкі чырка,
150-200 г сала,
60 г тлушчу,
мочаныя брусніцы,
соль (да смаку).
Каб зрабіць мочаныя брусніцы, ягаду збіралі загадзя
Як гатаваць. Апрацаваныя тушкі дзікіх качак памыць, нацерці соллю. Частку сала дробна пакрышыць і нашпігаваць ім ножкі качак. Астатняе сала нарэзаць тонкімі лустачкамі, абкласці імі тушкі.
Запякаць на блясе ў гарачай печы (духоўцы) каля 45 хв., час ад часу паліваючы качак соусам з бляхі. Каб ён не выпарыўся, трэба перыядычна падліваць на бляху ваду.
Запечаная дзікая качка
Гатовую качку разрэзаць папалам і выкласці на блюда, злучыўшы абедзве палавінкі. Падаваць з мочанымі брусніцамі.

Яечня

З чаго гатаваць:
8 яек,
2 ст. л. мукі,
1 шк. малака,
100 г сала,
100 г сялянскай каўбасы,
соль (да смаку).
Вясковая яечня
Як гатаваць. Яйкі ўзбіць, дадаць муку, соль, добра перамяшаць. Нарэзанае брусочкамі сала і кавалачкі каўбасы падсмажыць, заліць яйкамі і запячы ў печы (духоўцы).
Смачна есці!
Чым багаты, тым і рады!
Чытайце таксама:
"Святы Пятро ў жыце ядро", або Простая ліпеньская кухня
Купалачка, або Нашы стравы каля вогнішча
"На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае…", або Беларускі халаднік ад Радзівілаў да Капыля