"На двары лёд – кавалю мёд…", або Святочная кухня на Кузьмінкі

Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае гісторыю ўзнікнення кавальскай справы ў Беларусі, раскрывае шлюбныя традыцыі прысвятка Кузьмы і Дзям’яна ды прапануе прыгатаваць кіслую капусту на свіной костачцы па старажытным беларускім рэцэпце.
Sputnik
Халодныя лістападаўскія туманы ахінулі зямлю. Усяго праз два тыдні восень развітаецца з намі, каб апошнім лістком паляцець у наступны год. Прадракаючы хуткі надыход зімы, па начах усё часцей прымарожвае. Снегу пакуль не відаць, а калісьці белае покрыва на зямлі гэтым часам – у Кузьмінкі – было не дзіва, і таму ў некаторых мясцовасцях Беларусі было прынята святкаваць першую сустрэчу зімы.
Лістападаўскія туманы ахінулі зямлю

Прысвятак каваля і свацці

Па даўнім звычаі 14 лістапада адзначаюць прысвятак Кузьмы і Дзям’яна, ці інакш Восеньскія Кузьмінкі. Гэты дзень лічыцца амаль прафесійным святам для кавалёў, а таксама шаўцоў, лекараў, земляробаў. І нават для свацці! Нездарма старажытныя беларусы верылі, што, каб мець плён у справах, дастаткова прамовіць перад працай:
"Кузьма-Дзям’ян, маці, дапамажы мне працаваці".
Згодна з народнымі ўяўленнямі Кузьма і Дзям’ян – гэта божыя кавалі, якія здольныя не толькі ўпрыгожыць каванымі зоркамі неба, але і скаваць ледзяны ланцуг для зямлі.
Згодна з народнымі ўяўленнямі, Кузьма і Дзям’ян упрыгожваюць каванымі зоркамі неба
На Кузьмінкі продкі заўсёды назіралі за надвор’ем. Так, лічылася, што да Кузьмы зіма не здолее закаваць раку. Да таго ж, калі лісце яшчэ трымаецца гэткай парой на дрэвах, то ў наступным годзе чакаецца недарод. І наадварот: калі дрэвы распрануліся разам (як, дарэчы, селёта), то наступны ўраджай будзе добрым.
Незвычайна, але ж таксама Кузьма і Дзям’ян з’яўляюцца апекунамі вяселля, заступнікамі шлюбу, сям’і і хатняга ачага! Зусім хутка Піліпаўскі пост, звычайна да якога ў бягучым годзе калісьці завяршаліся вяселлі. Вось таму дзяўчаты, якія хацелі б паспець пайсці замуж да Калядаў, павінны былі звяртацца ў маленнях да гэтых святых з асаблівай просьбаю:
"Скаваць свадзьбу крэпкую, даўгавечную, на векі неразлучную".
Дзяўчаты, якія жадалі пайсці замуж, падчас Восеньскіх Кузьмінак звярталіся да нябесных кавалёў з адпаведнымі просьбамі
Можна было пачуць ад продкаў і іншы зварот да нябесных кавалёў:
"Кузьма-Дзям’ян, скуй нам вяселле да белай галавы, ды сівой барады!"
Да таго ж, у народнай культуры слова каваль мае яшчэ адно значэнне. Так, падчас Радзіннага абраду менавіта кавалём іншасказальна называлі бацьку толькі што народжанага дзіцяці, аб чым сведчаць радкі радзіннай песні, якія захаваліся да нашых дзён:

"Паздароў, Божа, каваля, што скаваў нам дзіця.
А ці ў ручкі не хукаў, а ці молатам не стукаў,
А ў мяккіх падушках, а пад цёплай дзяружкай,
Без молата, без кавадла, а паглядзіш – дзіця ладна
".

Лялька-абярэг нованароджанага

Каваль куе, каваліха пяе

Наогул, унясенне свята кавалёў у народны каляндар гаворыць аб вялікай павазе да майстроў, якія займаліся коўкай металу. Каб стаць сапраўдным кавалём, трэба было шмат часу аддаць кавальскай навуцы. Сапраўды, некалі навучанне кавальскаму рамяству працягвалася ад 3 да 7 гадоў. Пасля чаго вучні станавіліся "чаляднікамі" – "падмайстрамі". А вось ужо для атрымання статусу майстра трэба было выкаваць пэўны выраб, гэта значыць, як казалі кавалі, "зрабіць штуку".
Цікава, што кавальства было вядома на землях Беларусі яшчэ з жалезнага веку, але пашырылася яно прыкладна ў ХІ – ХІІІ стагоддзях. З жалеза гарадскія рамеснікі выкоўвалі пераважна рэчы гаспадарскага прызначэння: сякеры, сярпы, долаты, нажы, нажніцы, цвікі, шпоры, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы і інш.
Для атрымання статусу майстра трэба было, як казалі кавалі, "зрабіць штуку"
У ХVІ стагоддзі ўзніклі першыя кавальскія цэхі, статуты якіх рэгламентавалі характар працы кавалёў: акоўванне транспартных сродкаў, падкоўванне коней, выраб сякер, крукоў, ланцугоў, шлемаў, рашотак ды разнастайных мастацкіх рэчаў.
Асаблівага ж росквіту кавальства дасягнула ў ХVІІ – ХVІІІ стагоддзях. У той час у Віцебску, Полацку, Магілёве, Мінску, Вільні, Пінску, Гродне налічваліся дзясяткі кавалёў розных спецыяльнасцей. Аднак у ХІХ стагоддзі з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала і засталося толькі на вёсцы – там яно працягвала задавальняць гаспадарчыя патрэбы вясковых жыхароў. Дарэчы, не ў кожнай вёсцы быў свой каваль, таму сяляне вымушаны былі шукаць яго ў суседніх паселішчах. Або нават чакаць вандруючага каваля-цыгана!
Дарэчы, не ў кожнай вёсцы быў свой каваль
У вёсцы для кавальскіх работ будавалі асобнае памяшканне – кузню, у якой былі горан і неабходныя кавальскія інструменты. Звычайна яна стаяла за ваколіцай сяла, пры дарозе. Адтуль з раніцы даносіўся стук молата і перазвон жалеза. І нездарма! Кавалі, як і млынары, на сваім рамястве добра зараблялі, таму ў народзе аб іх працы казалі:
"У каваля што стук, то грыўня грук".
Звычайна кузня стаяла за ваколіцай сяла
Грукату ў кузні асабліва радавалася жонка каваля, бо, маючы дастаткова грошай, можна было больш смела набываць на кірмашы патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: шкляны посуд, відэльцы і лыжкі з металаў, іншыя важныя дробязі, а таксама ўсялякія крамныя прысмакі накшталт цукру, пернікаў, заморскага чаю і спецый.
Халоднае лістападаўскае надвор’е спрыяла кавальскай працы, мабыць, таму з тых даўніх вясковых часоў і захавалася прымаўка:
"Калі на дварэ лёд, то кавалю мёд".

Кухня для каваля

З глыбокай павагай ставіліся да каваля людзі, лічылі яго волатам, у якога рукі "ў золаце". Сапраўды, у моцных кавальскіх руках спявала жалеза, а каля печы спявала кавалёва жонка, гатуючы гаспадару смачныя стравы.
Святочны стол
Існаваў і такі кухарскі звычай: калі першая страва варылася з кавалкам мяса ці з адной мясной костачкай – яе абавязкова клалі ў талерку гаспадару-кавалю. Дарэчы, датычылася гэта і мясных страў з кіслай капусты.

Кіслая капуста

З чаго гатаваць:
1 свіная костка з тлустым мясам,
1-4 шт. сухіх грыбоў (трубчатыя),
5 сярэдніх бульбін,
1 вялікая бульбіна,
300 г кіслай капусты,
100 г салёнага сала,
1 цыбуліна,
1-2 лаўровыя лісты,
3 л вады,
соль (да смаку).
Свіныя костачкі
Як гатаваць. У халодную ваду ўкінуць костку (у пост замест мяса дадаюць сухія грыбы) і варыць 30-40 хв., пасаліць, дадаць лаўровы ліст.
Сухія грыбы
Пакрышыць сярэднюю бульбу кубікамі і ўкінуць у булён, разам апусціць туды вялікую бульбіну. Праз 20 хв. пасля закіпання ў булён дадаць кіслую капусту.
Кіслая капуста
Калі зварыцца вялікая бульбіна, яе трэба дастаць, расцерці і зноў пакласці ў булён.
Абсмажыць на патэльні нарэзаныя дробнымі кубікамі салёнае сала, цыбулю і дадаць у капусту.
Смажаная цыбуля з салам
Пры падачы страву забяліць кожнаму смятанай.
Смачна есці ў кавальскае свята!
Вясковы стол для каваля
Чытайце таксама:
"Добрую гагату берагуць на смакату…", або Святочныя далікатэсы ў гонар Марціна
"Ад Змітра баба хітра…", або Вясковыя сакрэты салення гародніны па двухсотгадовых рэцэптах
"Восень – работ восем…", або Кулінарныя клопаты на кастрычніцкім стале