"Ад Матроны зіма становіцца…", або Традыцыйныя стравы позняй восені

Этнограф Ларыса Мятлеўская ўспамінае старадаўнія хатнія традыцыі на Матронін дзень, нагадвае аб народных прыкметах і прапануе прыгатаваць водарны беларускі боршч ды ялавічыну з часнаком па лістападаўскіх рэцэптах.
Sputnik
Бадай, няма чалавека, які б не быў прывязаны душой да свайго жытла. І асабліва калі ён у ім нарадзіўся. Будуючы хату, беларус разлічваў, што ў ёй будуць жыць яго дзеці, унукі, а то і праўнукі. Нездарма ж у народзе казалі:
"Свая хатка, як родная матка".
Старая хатка

"Дубальты" ў вокны і "мату" на дзверы

Напярэдадні ўсталявання трывалых халадоў, хата патрабавала асаблівага догляду, што знайшло адлюстраванне і ў народным календары. Сапраўды, у ім ёсць такі дзень, калі прынята рыхтаваць дом да зімы, – 22 лістапада. Дзень гэты супадае з царкоўным прысвятакам, прысвечаным Матроне, з якой, як казалі продкі, "становіцца зіма".
З Матроны "зіма становіцца"
Дарэчы, Матрону беларусы шанавалі як абаронцу сям’і ды й хаты, у якой гэтая сям’я жыла. Таму было прынята прыбірацца ў хатніх пакоях – лічылася, што разам са смеццем у гэты дзень магчыма вымесці з хаты ўсё непатрэбнае, ліхое, забяспечваючы сябе чысцінёй і парадкам на ўсю зіму.
Таксама неабходна было ўцяпляць сцены, вокны і дзверы свайго жылля. Так, звонку хаты ўцяплялі прызбу.
Каб цяпло не "выцякала" з хаты, да вокнаў прыстаўлялі "дубальты" (падвойнае акно): рабілі гэта абавязкова ў светлы, сухі дзень да надыходу маразоў, бо інакш вонкавае акно абавязкова будзе замярзаць, а каб на шкло не асядала вільгаць, у гэты час не палілі ў печы.
Акно з дубальтам
Паміж рамамі ставілі папяровыя мяшэчкі з вугалямі, місачку з сухім паташом або з нядаўна прапаленай вапнай, перамяшанай з кухоннай соллю. Часта дзеля чысціні гэтыя сродкі хавалі пад вату ці белую паперу, якую звычайна гаспадыні ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі з бліскучымі цацкамі.
Бліскучыя цацкі гаспадыні звычайна клалі паміж рамамі
Да таго ж, каб вокны не замярзалі, у першых вонкавых рамах знарок пакідалі шчыліны, не затыкаючы іх зусім. Іншая справа – унутраныя рамы, якія старанна замазвалі ды абклейвалі паперай. Калі ж вокны ўсё ж замярзалі, гаспадыні некалькі разоў праціралі іх салёнай вадой. Таксама, каб было цяплей, часам вокны завешвалі "матай" (пляцёнкай з саломы ці травы). Мату прымацоўвалі і на дзверы – як калісьці казалі на Гарадзеншчыне:
"Закутаў дзверы, мату залажыў на дзверы – уцяпліў іх".
Уцяпленне хаты пукамі травы, з якой ткалі "мату"
Тое ж рабілі і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Прыкметы ды забабоны

На Матрону назіралі і за надвор’ем, спрабуючы прадбачыць яго стан на будучыню.
Сярод народных прыкмет, заўважаных падчас прысвятка, выдзяляліся як кароткачасовыя, так і доўгапрагнозныя – накшталт наступных:
калі на Матрону снег лёг на сырую зямлю – чакай раннюю вясну;
як 22 лістапада выпаў снег – зіма будзе снежнай ды марознай;
яснае, марознае надвор’е прадракае суровую зіму;
а вось пахмурны і цёплы дзень – да мяккай зімы з частымі адлігамі.
Марозныя ўзоры на вокнах
А яшчэ на Матрону не займаліся ніякай работай звязанай з зямлёй, бо лічылі, што тады год будзе цяжкі. Таксама не шылі і не вязалі, каб не наклікаць хваробы на блізкіх.
Уважліва ставіліся да сноў на прысвятак, бо верылі: што прыснілася – павінна збыцца на наступны дзень да абеду.
Таксама не адмаўлялі нікому ў просьбах, бо адмова магла прынесці за сабой няўдачу і нават бяду. Больш за тое, на Матрону раілі дараваць усім, з кім былі ў сварцы, і быць добрымі да чужых, рабіць ахвяраванні.

Стравы на Матрону

А яшчэ гэты дзень лічыцца вельмі спрыяльным для зносін з блізкімі, сваякамі і сябрамі. Таму замацаваць яго можна цёплай гутаркай за абедзенным сталом, прыгатаваўшы традыцыйныя для гэтай халоднай пары стравы з народнай кухні.

Боршч па-беларуску

З чаго гатаваць:
300 г костак ад вяндліны,
200 г ялавічыны,
2 буракі,
4-5 бульбін,
1 морква,
1 корань пятрушкі,
1 цыбуліна,
1 ст. л. таматнага пюрэ,
1 ст. л. топленага сала,
4 ч. л. смятаны,
1 ст. л. мукі,
воцат,
цукар (па патрэбе),
соль (да смаку).
Мяса і цыбуля да стравы
Як гатаваць. Насечаныя косткі вяндліны і мяса памыць, заліць халоднай вадой, давесці да кіпення. Зняць шум і працягваць варыць на малым агні, у канцы гатавання пасаліць. Гатовы булён працадзіць.
Буракі адварыць, абабраць, нашаткаваць. Таксама нашаткаваць моркву, пятрушку, дробна скрышыць цыбулю і абсмажыць на топленым сале. Дадаць тамат-пюрэ і яшчэ трошкі патрымаць на слабым агні.
У булён, які кіпіць, укінуць нарэзаную кубікамі бульбу, падрыхтаваныя буракі, цыбулю і карэнне з таматам. Калі бульба зварыцца, заправіць боршч мукой, разведзенай ахалоджаным булёнам, цукрам, воцатам, пакласці нарэзанае кавалачкамі варанае мяса. Даць закіпець.
Падаваць са смятанай.
Боршч беларускі

Ялавічына з часнаком

З чаго гатаваць:
400 г мякаці ялавічыны,
1 ст. л. здору,
4 зубкі часнаку,
перац (па патрэбе),
соль (да смаку).
Часнок да стравы
Як гатаваць. Мяса разрэзаць упоперак валокнаў на чатыры часткі. Кожную злёгку адбіць, можна надаць круглую форму, пасаліць, паперчыць, пасыпаць дробна пасечаным часнаком.
Смажыць мяса на моцна разагрэтай патэльні. Адбіўныя гатовы, калі пры націсканні з мяса не выдзяляецца ружовы сок.
Падаваць са смажанай бульбай і салёнымі (марынаванымі) грыбамі.
Варыянт сервіроўкі

Рэдзька са шмальцам

З чаго гатаваць:
2 рэдзькі,
1 цыбуліна,
1 ст. л. шмальцу,
соль (да смаку).
Шмалец вясковы
Як гатаваць. Рэдзьку абабраць, прамыць у халоднай вадзе, натаркаваць на буйной тарцы.
Дадаць нашаткаваную цыбулю, заправіць растопленым шмальцам, пасаліць.
Добрай бяседы з блізкімі і смачна есці!
Чытайце таксама:
"Міхайлы Рахайлы", або Напамін аб прадзедах з куццёй і блінамі
"На двары лёд – кавалю мёд…", або Святочная кухня на Кузьмінкі
"Ад Змітра баба хітра…", або Вясковыя сакрэты салення гародніны па двухсотгадовых рэцэптах