Новы год – 2026

"Стань у раду – дастанеш Каляду…", або Вялікая куцця па-міхайлоўску

Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае аб вясковых традыцыях Куццявой вячэры і прапануе адрадзіць на ўласнай кухні старажытную льняную куццю з макам ды фаршыраванага сожскага шчупака па калядных рэцэптах.
Sputnik
Калісьці адзін з найстаражытнейшых калядных карагодаў, якія калядоўшчыкі вадзілі ў ноч з 6 на 7 студзеня, пачынаўся з даўняга абрадавага закліку:

"Ой, Калядачкі, вы прыдзіце к нам!
Вы прыдзіце к нам, а мы рады вам!..
"

Ой, Калядачкі...
А гэтым часам у вясковых хатах адбывалася асаблівая сямейная ўрачыстасць – Першая або Вялікая куцця.
І ў нашы дні, прытрымліваючыся былых традыцый, многія збіраюцца ў бацькоўскай хаце, каб пасля наведвання каляднага богаслужэння ў царкве адзначыць гэтае вялікае свята, а хтосьці яшчэ і пакалядаваць.
Калядная зорка ў хаце
Дзеля таго, каб як след сустрэць Каляды, якія, дарэчы, цягнуцца некалькіх тыдняў, нашы продкі пачыналі рыхтавацца загадзя: прыбіралі на двары і ў хаце, упрыгожвалі ложкі святочнымі покрывамі, а абразы – новымі ручнікамі. Ды й самі апраналіся па-святочнаму. Лічылася, што ўсё павінна быць чыстым і бялюткім, як пачатак новага года, што наступіў зусім нядаўна.
Хата, прыбраная да свята

З покуці – на стол

Пачыналася Куццявая вячэра звычайна так: як толькі на небе з’яўляліся першыя зоркі, сям’я сядала за святочна накрыты стол, пад абрусам якога абавязкова хавалі крыху духмянага сена. Яно нагадвала ўсім, што Хрыстос нарадзіўся ў хляве і спаў у яслях сярод хатніх жывёл.
Потым запальвалі свечы, прамаўлялі малітвы, віншавалі адзін аднаго і пачыналі вячэраць з традыцыйнай кашы – куцці. Гэта галоўная страва на святочным стале, якая сёння налічвае нямала разнастайных рэцэптаў яе гатавання. Чаму ж святочная каша носіць такую назву? Справа ў тым, што куццю з печы, перш чым яна трапіць на стол, ставілі ў гаршку на покуці пад абразамі.
Абраз Божай Маці ў вясковай хаце
Старэйшае пакаленне ведае, што да гатавання куцці заўсёды рыхтаваліся загадзя. Лепшае пшанічнае зерне перабіралі і абтоўквалі ў драўлянай ступе непасрэдна перад Калядамі. Паводле ўспамінаў старажылаў вёскі Семежава, што ў Капыльскім раёне Міншчыны, "куццю рабілі" наступным чынам:
"У ступе пшаніцу таўклі. Патаўчэш, каб шалуха злезла да змаеш (змыеш. - Sputnik) гэтыя крупы, да варыш і сахару дабавіш. Мак мялі ў лаханцы. Ды гэтак і елі".
Цікава, што гэткая "куццявая" традыцыя ў некаторых мясцовасцях Беларусі існавала яшчэ ў 70-я гады ХХ стагоддзя. Падобны аповед аб гатаванні куцці пашчасціла пачуць у адной з кулінарных вандровак па Слаўгарадскім раёне, што ў Магілёўскай вобласці, ды й запісаць цікавы рэцэпт гэтай стравы з асаблівым мясцовым каларытам. Цікавасць яго ў тым, што ў пшанічную кашу тут дадаюць насенне лёну.
Насенне лёну для куцці ў печы
Наогул, згодна старадаўняй традыцыі, у поснай куцці акрамя пшанічных круп павінны прысутнічаць толькі зерне, мак і мёд. І толькі значна пазней да іх сталі дадаваць насенне лёну, арэхі, семкі гарбузоў і нават сухафрукты.

Не куццёй адзінай…

Падчас Каляднай вячэры акрамя куцці, на стале павінны прысутнічаць і іншыя – таксама посныя – стравы няцотнай колькасці, святочнае напаўненне якіх залежыць ад пэўных сямейных традыцый.
Але ёсць стравы, якія павінны быць прыгатаваны абавязкова, бо ўвасабляюць спрадвечны сакральны сэнс. Так, хлеб і вырабы з аржаной (ці пшанічнай) мукі сімвалізуюць дабрабыт, мак і арэхі – пладавітасць і багацце, мёд – вялікае шчасце, мудрасць, абнаўленне жыцця, яблыкі – жыццёвую сілу, капуста – чаканую цяжарнасць для жонак і гэтак далей. А вось грыбы ў якасці абрадавай ежы звязаны з іншасветам і сімвалізуюць жаданне мець кантакт з душамі продкаў.
За святочным сталом
Акрамя таго, згодна з вясковымі каляднымі завядзёнкамі, на святочным стале ў гэты вечар абавязкова прысутнічае разнастайная рыба – як усім вядомы сімвал хрысціянства. Тым больш, што адна з іх у Беларусі мае перавагу над іншымі, і гаворка йдзе менавіта пра шчупака. Імаверна гэта звязана з адным народным паданнем, у якім шчупак праз раку перавозіў Хрыста, а Збавіцель з удзячнасці за гэта зрабіў яго каралём рыб. Да таго ж вобраз шчупака на самай справе вельмі архаічны, аб чым сведчаць шматлікія прыклады са старажытнага побыту беларусаў, накшталт ахоўнай містычнай ролі сківіцы шчупака, якую вешалі над уваходам у хату, і ўжывання гэтай рыбы цяжарнай жанчынай дзеля палягчэння родаў.
Вобраз шчупака ў беларускай культуры вельмі архаічны

Водары каляднай кухні

Так ці іначай, ды ў смакавых якасцях запечанага на Раство шчупака, як і іншых прыгатаваных загадзя посных далікатэсаў, нашы продкі разбіраліся з глыбокім веданнем кухарскай справы. Самы час браць з іх прыклад! Асабліва, калі гаворка ідзе пра кулінарныя традыцыі з вёскі Міхайлова, што раскінулася на беразе ракі Сож недалёка ад Слаўгарада.

Куцця з насеннем лёну і маку па-міхайлоўску

З чаго гатаваць:
200 г цэльных пшанічных круп,
4 шк. вады,
100 г маку,
100 г мёду,
50-100 г разынак,
100 г насення лёну.
Што трэба для куцці
Як гатаваць. Намочаныя загадзя крупы (або булгур) заліць 3 шк. вады і варыць да гатоўнасці.
Куцця гатуецца ў печы
Зрабіць сочыва: крыху перацёрты мак заліць 1 шк. вады і варыць яго 15-20 хв., астудзіць і дадаць мёд.
Уліць сочыва ў кашу, дадаць туды загадзя намочаныя разынкі і перамяшаць.
На сухой патэльні падсмажыць насенне лёну і пасыпаць гэтым зверху гатовую куццю, выкладзеную ў паўмісак.
Куцця з лёнам

Фаршыраваны сожскі шчупак

Пра вялікія памеры міхайлоўскіх шчупакоў здаўна ходзяць легенды. Нездарма мясцовыя жыхары любяць імі выхваляцца: "Паглядзіце, якія "кракадзілы" водзяцца ў нашым Сажу…" Так гэта, ці не, але ж сапраўды сожскі шчупак, калі яго правільна прыгатаваць, будзе мець амаль фантастычны смак!
З чаго гатаваць:
2 кг шчупака,
1 цыбуля,
1 морква,
200 г зялёнага гарошку,
50-70 г алею,
1 ч. л. солі,
3 лусты сухароў з пшанічнай булкі,
0,5 ч. л. чорнага молатага перцу,
соль (да смаку).
Шчупак вясковы
Як гатаваць. Шчупака ачысціць ад лускі, зрэзаць плаўнікі, прамыць. Надрэзаць скуру вакол галавы, пакідаючы не кранутым кавалак скуры там, дзе хрыбет спалучаецца з галавой. Акуратна зняць скуру разам з галавой у накірунку хваста, каля якога адсячы хрыбет. Выдаліць з галавы жабры, з тулава выдаліць кішкі. Аддзяліць мякаць рыбы ад костак. Мякаць рыбы парэзаць нажом (ці прапусціць праз мясарубку) разам з размочанай у вадзе і злёгку адціснутай булкай.
Перамяшаць рыбу з зялёным гарошкам (лепш кансерваваным, але ж можна і замарожаным), дадаць спасераваную цыбулю і моркву, потым пасаліць, паперчыць і начыніць фаршам галаву і тулава рыбы. Каб скурка рыбы не лопнула, пракалоць яе ў некалькіх месцах.
Змазаць рыбу зверху алеем, пакласці саломку кропу на бляху (калі няма – таксама змазаць бляху алеем) і выкласці шчупака на яе брушкам уніз, надаўшы рыбіне патрэбную форму. Запякаць 30-40 хв у негарачай печы.
Шчупак сожскі па-міхайлоўску
Падаваць з журавінавым соусам.

Соус з журавін да рыбы

З чаго гатаваць:
1 шк. журавін,
1 ст. л. мёду,
0,5 шк. вады,
1-2 зубкі часнаку
соль (да смаку).
Журавіны да соусу
Як гатаваць. Заліць журавіны вадой і зварыць. Потым працерці іх праз друшляк (можна скарыстацца і блэндарам) і астудзіць.
Здрабніць часнок і дадаць разам з соллю да журавін.
Падаваць да рыбы ў соусніку.

Мачанка грыбная з макам па-семежаўску

"Калі няма рыб, то добры і грыб", - звычайна так казалі, калі не маглі здабыць рыбу. Але ж да Вялікай куцці стараліся займець і рыбу, і грыбы.
Грыбы адвараныя
Дарэчы, у старажытных стравах з грыбоў вельмі часта прысутнічае мука. Тут ёсць пэўная інтрыга, бо ў народзе здаўна прыкмецілі, што грыбы нейкім чынам уплываюць на ўраджай жыта.
Мак у макотры
З чаго гатаваць:
2,5 л вады,
10 ст. л. мукі,
1 шк. маку,
100 г сухіх грыбоў,
соль (да смаку).
Як гатаваць. У кіпячую ваду укінуць загадзя замочаныя, памытыя ў цёплай вадзе грыбы і варыць амаль да гатоўнасці. Адліць 1-2 шк. грыбнога адвару і астудзіць. Дастаць грыбы, парэзаць іх саломкай і ўкінуць назад.
Мачанка з грыбамі і макам
Замачыць на некалькі гадзін мак, расцерці ў макотры і ўсыпаць яго ў грыбы. Варыць яшчэ 10-15 хв. Развесці спасераваную муку ў ахалоджаным грыбным адвары і ўліць патроху ў грыбы, увесь час мяшаючы, каб не ўтварыліся камякі.
Падаваць з варанай бульбай.
Шчупак, куцця, капуста
Светлай Каляднай вячэры і добрых смакаў!
Чытайце таксама:
"Дай вам Бог пражыць, як на кані праехаць…", або Стравы старажытнай Беларусі пад Новы год
"Учора з вячора засвяціла зора…", або Кулінарныя ўрачыстасці Вігілійнай вячэры
"Хутка Піліпей – гатуем стол смачней", або "Морозцы" для павітухі