"Масленка – адна нядзелька, ды і тая караценька…", або Хлебасольства з водарам бліноў

Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра старажытнае паходжанне назваў Масленічнага тыдня і прапануе прыгатаваць традыцыйныя тварожныя сырнікі і духмяныя святочныя бліны па продкавых рэцэптах.
Sputnik
Вясёлы Масленічны тыдзень праляцеў імгненна, падобны да той самай ластаўкі, з якой часта параўноўваюць Масленку. Тыдзень звінеў ад разнастайных падзей, якія адбываліся штодня. І вось цяпер, калі да Вялікага посту засталося два дзянёчкі, іх трэба правесці так, каб было што ўзгадаць да наступнай Сырніцы.
Масленіца – свята, якое сярод іншых гадавых урачыстасцей вылучаецца традыцыйным хлебасольствам. Асабліва гэта тычыцца масленічнай суботы, калі прынята ладзіць сустрэчы за святочным сталом.
Масленічныя бліны пякуцца да суботніх вячорак

Спрадвечныя традыцыі

Ужо ніхто не памятае, калі быў складзены святочны план Масленкі, але так павялося, што да нядаўняга часу, калі яшчэ на гэтым тыдні не трэба было хадзіць на працу, кожны дзень меў свой характар. І калі, напрыклад, у "крывы чацвер" вёска "трашчала" ад музыкі, песень і смеху, то ў суботу сяляне ладзілі вячоркі, а ў нядзельку палілі вогнішча, каталіся на конях, санках, гушкаліся на арэлях ды прасілі ўсе ва ўсіх прабачэння, каб з чыстым сэрцам сустрэць Вялікі пост.
Гулянні на Масленіцу
Лічыцца, што назва свята – "Масленіца" – даволі позняя і ўзнікла таму, што гэтым часам елі шмат бліноў з маслам. Як раней казалі ў народзе:
"Масла трэба піць каўшом, каб каровы малака многа давалі".
Гэтае свята са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі адзначалі амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі здаўна. Аднак у незапяматныя дахрысціянскія часы Масленка называлася інакш – Валоссе, як урачыстаць у гонар старажытнага язычніцкага бога Вялеса (Воласа). Міналі стагоддзі і шмат чаго з першапачатковых абрадаў, як і іх назвы, забылася.
Каб камары летам не кусалі, трэба гушкацца на арэлях
У ХІХ – пач. ХХ ст.ст. Масленіцу шырока адзначалі сярод праваслаўных ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі і дата яе святкавання ўжо залежала ад Вялікадня. У згаданы перыяд – апошні тыдзень перад постам – можна было есці толькі стравы, якія гатавалі з сырам, малаком і маслам. Але ў ХХ ст. гэтая традыцыя паступова стала забывацца – і да малочных прадуктаў дадалося мяса. Напрыклад, у Лёзненскім раёне на Віцебшчыне ўзгадвалі:
"Да Масленкі стараліся прытрымаць скацінку якую, парасёнка ці барана рэзалі, да і свята, хацелася што-небудзь паўкуснейшае".
Раней у апошні тыдзень перад постам гатавалі стравы толькі з сырам, малаком і маслам
У сваю чаргу, у заходніх беларускіх раёнах апошні тыдзень мясаеду перад Вялікім постам насіў назву Запускі (лакальная назва Запусты), што адпавядала ўсходне-славянскай Масленіцы. Цікава, што на этымалогію каталіцкай версіі свята паўплываў міфалагічны персанаж Запуст, які (бы славянская Марэна) атаясамліваўся з зімой, хадзіў па хатах і пасыпаў усіх попелам. Праводзілі яго (як і пудзіла) з мэтай адраджэння пладаносных сіл прыроды.

Смак у форме сонца

У рэшце рэшт, кожны сам вырашае: што прыгатаваць да святочнага стала. Галоўнае – памятаць: бліны пячы абавязкова! Бо якая ж Масленіца без бліноў, чыя круглая форма і жоўты колер нагадваюць цёплае вясенняе сонца пасля доўгай халоднай зімы?

Масленічныя бліны

З чаго гатаваць:
500 г пшанічнай мукі,
3 яйкі,
750 г малака,
25-30 г дражджэй,
50 г алею,
сметанковае масла,
2 ст. л. цукру,
соль (да смаку).
Круглая форма і жоўты колер бліноў нагадваюць цёплае вясенняе сонца!
Як гатаваць. Малако падагрэць, адліць палову і змяшаць з дражджамі. Дадаць соль, цукар, яйкі і перамяшаць. У міску паступова дадаць муку і перамяшаць да аднароднай масы.
Паставіць цеста на 20 хв. у цёплае месца. Калі цеста падымецца, уліць астатняе малако і перамяшаць.
Выпякаць бліны на гарачай патэльні, змазанай алеем. Кожны блін, пакуль будзе гарачым, змазваць сметанковым маслам і складаць у стос.
Да бліноў падаваць можна мёд, варэнне ці смятану.

Яечня з каўбасой

З чаго гатаваць:
8 яек,
100 г сала,
100 г сялянскай каўбасы,
2 ст. л. мукі,
1 шк. малака,
соль (да смаку).
Яечня на бліне
Як гатаваць. Узбіць яйкі, дадаць муку, соль, добра перамяшаць. Нарэзаць сала брусочкамі, каўбасу кружкамі і падсмажыць іх разам. Потым уліць сумесь з яек і мукі.
Паставіць яечню ў печ (духоўку) і запякаць да ўтварэння румянай скарынкі.

Сырнікі тварожныя

З чаго гатаваць:
500 г тварагу,
2 яйкі,
2-3 ст. л. бульбянога крухмалу,
350-400 г пшанічнай мукі,
100-150 г топленага масла,
3-4 ст. л. цукру,
ванілін,
соль (да смаку).
Сырнікі на Сырніцу
Як гатаваць. Добра расцерці тварог, дадаць яйкі, частку мукі, цукар, соль, перамяшаць. Выляпіць невялікія тоўстыя аладкі і абкачаць іх у муцэ.
Затым абсмажыць на масле з абодвух бакоў да залацістай скарынкі.
Падаваць са смятанай.
Смачна есці і добрага завяршэння Масленіцы!
"Масленка – адна нядзелька, ды і тая караценька…"
Чытайце таксама:
"Качацца, як сыр у масле…", або Тварожныя вынаходкі на Масленічным тыдні
Вясна пачынаецца з Грамніц, або Стрэчанне са смакам сялянскай кухні
"Святы Апанас гусей прыпас…", або Ад абрадавай дзеі да птушкі на стале