МІНСК, 24 лют – Sputnik. Абмежаванні на рост цэн уведзены ў Беларусі на шэраг тавараў і медпрэпаратаў, адпаведная пастанова Савета Міністраў №100 ад 23 лютага 2021 года была апублікавана на Нацыянальным прававым партале.
Што за тавары і лекі?
Забарона закране 62 таварныя пазіцыі і 50 лекавых сродкаў. Так, у гандлёвых сетках нельга павышаць цэны на тавары першай неабходнасці. Сярод іх - крупы, мяса, рыба, яйкі, бульба, кава, чай, цукар, соль. А таксама туалетная папера, падгузнікі, мыла, запалкі.
У пераліку лекаў, на якія уведзены абмежаванні па кошце - амаксіцылін, анальгін, омепразол, арпетол і іншыя. Поўны пералік можна знайсці на сайце міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Якія змены ўведзены?
Усім індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам усіх форм уласнасці, якія пастаўляюць і прадаюць сацыяльна значныя тавары, да канца лютага нельга павышаць цэны.
З 1 сакавіка змяняць кошт можна не больш чым на 0,2% у месяц. Пры гэтым неабходна будзе ўзгадніць павышэнне з камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў.
Кантроль за сітуацыяй з цэнамі ускладзены на міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамы і сталічную мэрыю. Ім жа даручана праінфармаваць суб'екты гаспадарання.
Нагадаем, з 1 студзеня ў Беларусі быў павышаны падатак на даданую вартасць. На шэраг харчовых тавараў, на якія дзейнічае стаўка ПДВ у 10% пры ўвозе і (або) рэалізацыі ў Беларусі, падатак павялічаны ўдвая - да 20%. У спіску тавараў (спіс доўгі), і масліны, і грыбы, і гарошак з кукурузай, і фруктовыя пюрэ, і мёд, крупы (грэчка, пярлоўка, проса, сачавіца), мука, печыва, вафлі і шэраг іншых.
Цэны павысіліся таксама на дзіцячыя тавары і лекі.
Рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары
У студзені пералік тавараў, на якія ў рэспубліцы рэгулююцца цэны, быў пашыраны. У спісак былі дададзены сем пазіцый: два віды каўбас, пярловая крупа, папяровыя сурвэткі, маргарын і іншыя. У міністэрстве заявілі, што ў бягучым годзе пастаўлена задача па абмежаванні росту цэн на такія тавары - не вышэй за 4,9%.
Чытайце таксама:
- За высокія цэны на лекі прэзідэнт паабяцаў жорсткую рэакцыю
- Паменшыць апетыты: ФПБ пачынае маштабны маніторынг цэн на лекі
- Не ўтрымалі: гадавая інфляцыя ў Беларусі - 7,4%