09:26 24 мая 2018
«Радыё Sputnik»
Пісьменнік Алесь Адамовіч

Алесь Адамовіч і тры тэмы яго жыцця – вайна, Курапаты, Чарнобыль

© Sputnik / Абелин
Падзеі і даты
Атрымаць кароткую спасылку
66421

Аднаму з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў XX стагоддзя споўнілася б 87 гадоў.

Вера Дашкевіч, Sputnik

Ёсць імёны, да якіх не патрэбны тлумачэнні ў чым заслугі і які ўплыў. Імя Алеся Адамовіча адно з іх.

Ён бачыў — адчуваў — пражываў самыя балючыя старонкі беларускай гісторыі настолькі глыбока і пранізліва, што станавіўся ўжо не проста літаратарам і публіцыстам, а тым, пра каго звычайна прынята казаць "сумленне нацыі".

З вогненнай вёскі…

Адамовіч бачыў вайну, дакладней нават удзельнічаў — партызаніў. З 1943 года, быў спачатку сувязным, потым байцом партызанскага атрада. У той час яму было 15, хоць па дакументах значылася менш. Гэта маці падправіла пасведчанне аб нараджэнні, каб падлетка не сагналі ў Нямеччыну.

У Адамовіча, як і Быкава, не было параднай ваеннай прозы. Ён апісваў сваю рэальную вайну, альбо вайну тых, хто прайшоў і пражыў яе ў рэальнасці. Так з'явіліся дылогія "Партызаны", "Хатынская аповесць" і "Я з вогненнай вёскі".

Писатель Алесь Адамович на съемках фильма Иди и смотри
© Sputnik / Евгений Коктыш
Алесь Адамовiч на здымках фiльму "Iдзi i глядзi"

Хоць, як пазней ўспамінала дачка Адамовіча Наталля, з'яўленню гэтых кніг паспрыяў яшчэ адзін факт — звальненне пісьменніка з маскоўскіх Вышэйшых сцэнарных курсаў, дзе ён выкладаў. Гэта было ў 60-я, Адамовіч не падпісаў ліст, які асуджае дысідэнтаў Сіняўскага і Даніэля. Пасля звальнення вымушаны быў вярнуцца ў Мінск.

"У Мінску ён не мог знайсці працу паўгода, пакуль драматург Андрэй Макаёнак не звярнуўся да Машэрава: "Пётр Міронавіч, ну, колькі можна?!" І яго ўзялі ў Інстытут літаратуры АН БССР. Пазней тата дзякаваў лёс, што так адбылося, бо, развітаўшыся зь МДУ, ён "выйшаў на ідэю галоўнай справы жыцця", — напісаў "Хатынская аповесць", "Я з вогненнай вёскі", "Карнікі", — распавядала некалькі гадоў таму журналістам Наталля Адамовіч.

У сярэдзіне 80-х па матывах "Хатынскай аповесці" Элем Клімаў зняў фільм "Ідзі і глядзі". Кіно атрымалася шакавальным. Ацанілі і крытыкі — карціна атрымала "Залаты прыз" і прэмію ФІПРЭСІ на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, і гледачы. Па словах Клімава, замежнікаў карціна ўразіла настолькі, што падчас сеансаў за мяжой у кінатэатраў дзяжурылі карэты "хуткай дапамогі".

"Не дырэктар я"

Пасля поспеху "Ідзі і глядзі" Элем Клімаў прапанаваў Адамовічу ўзначаліць Усесаюзны інстытут кінамастацтва, распавядала Наталля Адамовіч. Справа нават дайшла да галасавання, яго зацвердзілі. А пісьменнік падумаў і адмовіўся, матываваўшы тым, што "не дырэктар я: трэба звальняць людзей, стукнуць кулаком, а я не магу гэта зрабіць". Наталля Адамовіч прызналася, што разумее, чаму бацька паступіў менавіта так — па жыцці ён не быў начальнікам.

У яго творчым і грамадскім жыцці, акрамя вайны, былі яшчэ дзве тэмы — Курапаты і Чарнобыль. Самыя балючыя для беларусаў гэтага часу.

Белорусский писатель Алесь Адамович
© Sputnik / Борис Кауфман
Белорусский писатель Алесь Адамович

"Вінаватых Чарнобыля трэба судзіць. Бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся і ад Чарнобыля, і ад непазбежных новых катастроф", — пісаў у свой час Адамовіч.

Ён неаднаразова звяртаўся з пасланнямі да Гарбачова, аргументаваў, пераконваў — не маўчаць, растлумачыць, што адбываецца, і прасіў тэрмінова прымаць меры. Калі стала відавочна, што поўнамаштабнай працы па мінімізацыі наступстваў з боку дзяржавы не будзе, Адамовіч разам з Генадзем Грушавым ініцыяваў стварэнне грамадскай ініцыятывы "Дзеці Чарнобыля". За час існавання фонду — з 1989 па 2012-ы — на аздараўленне ў замежныя краіны было вывезена каля паўмільёна дзяцей.

Пра мову, дар прадбачання і спрэчка з Кісінджэрам

Дачка Адамовіча ўзгадала, што ў бацькі быў дар прадказваць. У снежні 1990-га ён папярэджваў Гарбачова, што "генералы падштурхнуць яго да кровапраліцця", а праз тры тыдні здарылася стральба ў Вільні. Улетку 1991-га паспрачаўся ў Нью-Ёрку з Генры Кісінджэрам на бутэльку віскі, што ўвосень кампартыя сыдзе з арэны, а потым здарыўся путч.

Адамовіча часам папракалі ў тым, што ён пісаў па-руску.

Василь Быков и Алесь Адамович
© Sputnik / Евгений Коктыш
Василь Быков и Алесь Адамович

"Пісаць, як Янка Брыль, я не магу, а горш не жадаю", — тлумачыў свой выбар мовы пісьменнік у хатніх размовах, ўспамінала Наталля Адамовіч. Пры гэтым паўсюль падкрэсліваў, што беларус і родам з Беларусі.

За паўгода да смерці прасіў родных: дзе б я ні памёр, адвязіце ў родную вёску і пахавайце побач з братам.

Адамовіча не стала ў 1994-м. Не вытрымала сэрца.

Тэги:
Жыццё знакамітых людзей, Мастацкая літаратура, Літаратура, Людзі, культура і мастацтва, Алесь Адамовіч, Увесь свет, Беларусь, Еўропа
Правілы карыстанняКаментары

Галоўныя тэмы